Але нічога не здарылася: відаць, ні ангелы, ні чараўнікі не цікавіліся няшчасным вязнем.
Хлопчыкі зрабілі толькі тое, што часта рабілі і раней: перадалі Потэру праз краты крыху тытуну і запалак. Ён знаходзіўся ў ніжнім памяшканні, і вартаўнікоў паблізу не было.
Том гутарыць з Мефам Потэрам. |
Яго ўдзячнасць за такія падарункі і раней бянтэжыла і сароміла іх. А на гэты раз яна кальнула іх яшчэ больш. Яны адчулі сябе подлымі здраднікамі, калі Потэр сказаў ім:
— Добрыя вы рэбяткі, больш за ўсіх тут шкадуеце мяне. І я гэта не забуду. Я часта кажу сабе: вось-жа ж я ўсёй дзетвары ладзіў змеяў і ўсялякія штукі паказваў ім, і дзе лепш вудзіць,— словам жыў з імі ў дружбе, а цяпер, калі стары Меф у бядзе, усе на яго забыліся, апрача Тома і Гека. Гэтыя не забылі мяне,— і я іх не забуду. Так, рэбяткі, я зрабіў жудасную справу: відаць хмель мяне так адурманіў, толькі гэтым і магу сабе растлумачыць... А цяпер мяне за гэта падцягнуць,— ды так і трэба. Мажліва, яно для мяне і лепш, прынамсі я хачу думаць, што лепш. Ну, ды не будзем аб гэтым казаць. Я не хачу вас засмучаць, вы да мяне папрыяцельску ставіцеся. Я толькі вось што хачу вам сказаць: калі не хочаце трапіць за краты, не напівайцеся, рэбяткі — у хмялю чалавек не ведае, што робіць. Станьце трохі ў бок, вось так: калі чалавек у такой бядзе, прыемна бачыць прыяцельскі твар, а да мяне сюды ніхто не ходзіць, апрача вас. Добрыя вы хлапчукі. Станьце адзін аднаму на спіну, каб я мог да вас дакрануцца. Вось так. Ну, цяпер давайце рукі,— вашы пралезуць праз краты, а мая надта тоўстая. Маленькія ручкі, слабыя, а усё-ж такі яны дужа памагалі Мефу Потэру і памаглі-б яшчэ больш, каб маглі.
Том пайшоў да хаты зусім няшчасны і ўсю ноч бачыў страшныя сны. На другі і на трэці дзень ён зрання да вечара бадзяўся каля суда, імкнучыся ўвайсці, але сілком стрымліваючы сябе. З Гекам было тое самае. Яны старанна ўнікалі адзін аднаго. Абодва час ад часу адыходзілі прэч, але незразумелая сіла зноў цягнула іх назад. Калі хто-небудзь выходзіў з залы суда і расказваў, што там адбываецца, Том прагна лавіў кожнае слова, але весткі прыходзілі ўсё няўцешныя: бедны Потэр заблытваўся ўсё больш і больш. К канцу другога дня ў гарадку ўсе лічылі, што паказанне індзейца Джо не абвергнута і нельга нават сумнявацца ў тым, які прыгавор вынесуць прысяжныя.
У гэтую ноч Том позна вярнуўся дадому і, як звычайна, улез праз акно. Ён быў вельмі ўзбуджаны і даўно не мог заснуць. На другі дзень увесь горад ад раніцы сабраўся каля залы суда, бо гэта быў вялікі дзень. Зала была паўнюткая. Пасля доўгага чакання ўвайшлі прысяжныя і занялі свае месцы. Неўзабаве перад тым прывялі Потэра, бледнага, схудалага, замяшанага, у кайданах, і пасадзілі на лаву падсудных, адкуль яго маглі бачыць усе. На бачным месцы сядзеў індзеец Джо, спакойны, як заўсёды.
Зноў зрабілася ціха. Потым увайшлі суддзі, і шэрыф абвясціў пасяджэнне адкрытым. Зашапталіся паміж сабой адвакаты, пісцы зашамацелі паперай. Усё гэта стварыла атмасферу трывожнага, напружанага чакання. Першым быў выкліканы сведка, які бачыў, як Меф Потэр мыўся ў рэчцы раніцою таго дня, калі было выяўлена забойства. Ён сказаў, што Меф Потэр, убачыўшы яго, кінуўся бегчы. Задаўшы яшчэ некалькі пытанняў, пракурор сказаў абаронцы:
— Цяпер ваша чарга.
Падсудны падняў на яго вочы, але зараз-жа зноў апусціў, калі яго абаронца сказаў:
— Мне няма аб чым пытацца.
Наступны сведка паказаў, што ён знайшоў нож каля забітага. І зноў на пытанне пракурора абаронца адказаў:
— Я не маю ніякіх пытанняў.
Трэці сведка прысягнуў, што часта бачыў гэты нож ў руках у Потэра. І зноў абаронца адмовіўся задаваць яму пытанні.
На тварах у прысутных выявілася нездавальненне. Што-ж гэта за абаронца такі? Няўжо-ж ён так і не паспрабуе выратаваць свайго кліента?
Некалькі сведак паказалі, што Потэр, калі яго прывялі на месца забойства, трымаў сябе, як вінаваты. І гэтых адвакат адпусціў, не задаўшы ніводнага пытання.
Пракурор падняўся з месца і сказаў:
— Зусім надзейныя сведкі ўстанавілі пад прысягай той факт, што гэта жудаснае злачынства зрабіў не іншы хто, а няшчасны, што сядзіць на лаве падсудных. Больш мне няма чаго дадаць.
Бедны Потэр застагнаў і закрыў твар рукамі, ціха хістаючыся ўзад і ўперад. У зале суда была цяжкая цішыня. Многія мужчыны расчуліліся, а жанчыны нават плакалі ад жалю.