— Я думаю, ці не паспрабаваць пад старым дрэвам, што за домам удавы?
— Я таксама думаю, што гэта месца падыходзіць. А толькі, як ты думаеш, Том, ці не адбярэ ўдава ад нас скарб? Гэта-ж яе зямля.
— Адабраць ад нас скарб? Няхай паспрабуе! Не, скарб ужо такая справа: хто яго знайшоў, таму ён і належыць. А на чыёй зямлі знойдзены — усёроўна?
Гек супакоіўся. Яны зноў пачалі капаць, але хутка Гек сказаў:
— Не, мабыць, мы зноў не на тым месцы капаем. Ты як думаеш?
— Гэта дзіўна, Гек, надзвычайна дзіўна,— я нават не разумею. Можа нам вядзьмаркі перашкаджаюць? Часам гэта бывае.
— Ну, вось яшчэ! Вядзьмаркі ўдзень нічога не могуць, удзень ім ніякай сілы не дадзена.
— Так, верна! Я на гэта не падумаў. О, цяпер я разумею, у чым справа! Вось дурні мы з табою! Нам-жа ж спачатку трэба было знайсці тое месца, куды цень ад сука кладзецца ў поўнач, і там капаць.
— Ах ты, каб цябе! Значыцца, мы ўвесь гэты час дарма працавалі! А цяпер прыдзецца сюды яшчэ раз прыйсці ўначы. Надта далёка... Табе можна будзе выбрацца з дому?
— Ужо я выберуся. І потым, гэта абавязкова трэба зрабіць сёння ўначы, а то, калі хто ўбачыць нашы ямкі, дык адразу здагадаецца, што тут рабілася, і сам выкапае скарб.
— Ну, што-ж! Я зноў прыду да цябе пад акно і мяўкну.
— Добра! Давай схаваем інструманты ў кустах.
Перад поўначчу хлопчыкі вярнуліся назад і пачалі чакаць. Месца было глухое, час позні. Здалёк глуха данёсся сабачы брэх, сава адгукнулася на яго сваім злавесным крыкам. Ночная ціша прыгнятала хлопчыкаў, і яны мала гаварылі між сабой.
Нарэшце яны парашылі, што поўнач надышла, заўважылі, куды кладзецца слабы цень, і пачалі там капаць.
Надзея іх акрыляла; яны працавалі ўсё з большай цікавасцю, а таму і з большай стараннасцю. Яма рабілася ўсё глыбейшай, і, калі рыдлёўка аб што-небудзь стукалася, у іх млела сэрца. Але кожны раз іх чакала расчараванне: выяўлялася, што рыдлёўка стукалася аб корань ці камень. Нарэшце Том сказаў:
— Бескарысна працягваць, Гек,— мы зноў не на тым месцы капаем.
— Як не на тым? Мы не маглі памыліцца. Мы пачалі капаць акурат там, куды лёг цень.
— Я ведаю, але не ў гэтым справа.
— А ў чым-жа?
— А ў тым, што ў нас няма гадзінніка, і мы прыблізна ўгадваем час. Можа тады было зарана або запозна?
Гек выпусціў рыдлёўку.
— Гэта праўда... У тым, відаць, і штука. Ну, значыцца, гэтую справу прыдзецца пакінуць. Бо мы ўсёроўна не можам дакладна азначыць час. І потым, гэта вельмі ўжо страшна, калі навакол кішаць вядзьмаркі і здані. Мне ўвесь час здаецца, што нехта стаіць у мяне за спіной, і я баюся абярнуцца, бо можа хто другі стаіць спераду і чакае, пакуль я адвярнуся. У мяне ўвесь час дрыжыкі ідуць па целе.
— І мне жудасна, Гек, і я тое самае адчуваю. Кажуць, калі закопваюць пад дрэвам скарб, то побач кладуць мерцвяка, каб той пільнаваў яго.
— Барані божа!
— Ну але, кладуць,—я столькі разоў чуў.
— Не, ведаеш, Том, неахвотна мне хадзіць каля мерцвякоў. З імі заўсёды трапіш у бяду.
— Мне таксама неахвотна будзіць іх, Гек. А што, калі той, які тут ляжыць, раптам высуне свой чэрап і крыкне?
— Ды ну цябе, Том, замаўчы! Якія жахі!
— Ды гэта-ж праўда, Гек,— мяне такі жах бярэ!..
— Слухай, Том, пойдзем адсюль, пакуль не позна. Паспрабуем шчасця ў другім месцы.
— Што-ж, пойдзем. Можа яно лепш будзе.
— Куды-ж мы пойдзем?
Том падумаў крыху і сказаў:
— У той дом, дзе водзяцца здані,— вось куды.
— А ну яго! Не люблю я ўсёй гэтай чартаўні, Том. Гэта яшчэ горш за нябожчыкаў. Тыя, можа, хоць і гавораць, але затое не шлындаюць вакол цябе ў саване і не заглядваюць табе прама ў твар, скрыгочучы зубамі, як гэта робяць здані. Я-б гэтага не вытрымаў, Том, ды і ніхто не вытрамае!
Пакінуты дом. |
— Але-ж здані ходзяць толькі па ночах; удзень яны не перашкодзяць нам капаць.
— Яно так, але людзі нават і ўдзень стараюцца не заходзіць у такія дамы, не толькі што ўначы.
— Гэта больш таму, што людзі наогул не любяць хадзіць на тое месца, дзе каго-небудзь забілі. Але-ж каля гэтага дома і ўначы нічога не відаць,— толькі сіняе святло з акна, а не сапраўдная здань.
— Ну, Том, калі ты дзе ўбачыш сіні агеньчык, то ўжо можаш ісці ў заклад, што тутака і здань недалёка. Ты сам падумай: ты-ж ведаеш, што, апрача зданяў, ніхто не запальвае сініх агнёў.
— Гэта праўда, але ўсё-ж такі яны ўдзень не ходзяць. Дык што-ж іх баяцца?
— Ну добра ўжо, калі табе гэтак хочацца, пойдзем, пакапаем там; — толькі ўсё-ж такі гэта рызыкоўна.
Хлопчыкі спусціліся са ўзгорка. Унізе, пасярод асвятлёнай месяцам даліны, адзінока стаяў зачарованы дом; плот вакол яго даўно паваліўся; ганак зарос пустазеллем; комін разбурыўся; у вокнах не было шкла; адзін рог страхі таксама праваліўся ўнутр. Хлопчыкі доўга глядзелі, чакаючы, што вось-вось у акне мільгане сіні агеньчык, і гутарылі паміж сабой шэптам. Потым завярнуліся направа, зрабілі вялікі круг, каб не праходзіць каля страшнага дома, і вярнуліся дахаты праз лес, які рос на другім баку ўзгорка.