Выбрать главу

Раздзел XXV

На другі дзень, каля поўдня, хлопчыкі зноў прышлі да сухога дрэва па свае інструманты. Тому хацелася хутчэй трапіць у дом са зданямі, але Гек не надта спяшаўся.

— Слухай, Том,— пачаў ён,— ты ведаеш, які сёння дзень?

Том пералічыў дні тыдня і са здзіўленнем глянуў на таварыша.

— Ой-ой-ой! А я і забыўся!

— Я таксама не думаў аб гэтым і толькі цяпер успомніў, што сёння ў нас пятніца.

— Ах, каб цябе! Вось як трэба быць асцярожным... Мы маглі-б трапіць у страшэнную бяду, зрабіўшы такую справу ў пятніцу.

— Маглі-б? Скажы лепш: абавязкова трапілі-б! Можа і ёсць шчаслівыя дні, але ні ў якім разе не пятніца.

— Гэта кожны дурань ведае. Не ты першы вынайшоў гэта, Гек.

— Хіба я кажу, што я першы? Ды і не ў адной пятніцы тут справа. Мне сёння сніўся вельмі дрэнны сон; сніліся пацукі.

— Ну?! гэта вельмі дрэнны сон. Калі пацукі, дык абавязкова на бяду. Што-ж, яны біліся паміж сабой?

— Не.

Робін Гуд.

— Ну, тады яшчэ нішто. Калі пацукі не б’юцца паміж сабой, гэта азначае толькі, што бяда недалёка. Трэба толькі быць пільным, каб не папасціся. Пакінем мы гэта на сёнешні дзень і давай лепш гуляць. Ты ведаеш, Гек, Робіна Гуда?

— Не. А хто такі Робін Гуд?

— Ён быў адным з самых выдатных людзей у Англіі і вельмі добры чалавек.

Робін Гуд быў разбойнік.

— Во як! Кабы ды мне так! Каго-ж ён рабаваў?

— Толькі багатых людзей. А бедных ніколі не крыўдзіў. Бедных ён любіў і заўсёды дзяліўся з імі.

— Відаць, і добры-ж ён быў.

— Ды ўжо-ж! Другога такога і на свеце не было. Цяпер такіх людзей зусім няма, ужо можаш мне даць веры. Ён мог адной рукой пабіць кожнага ў Англіі, нават калі другая яго рука была прывязаная за спіной. А з свайго лука ён мог за мілю трапіць у дзесяціцэнтавую манету. І калі ён трапляў толькі ў край манеты, то ўжо так сумаваў, што сядаў і плакаў. Дык вось, мы будзем гуляць у Робіна Гуда. Гэта вельмі добрая гульня. Я цябе навучу.

— Добра, згодзен.

Яны да вечара гулялі ў Робіна Гуда, час ад часу прагна пазіраючы на дом са зданямі і абменьваючыся заўвагамі наконт таго, што іх чакае заўтра. Калі сонца пачало спускацца на захад, яны пайшлі дадому, перасякаючы даўгія цені дрэў, і хутка зніклі ў лесе.

Том і Гек шукаюць скарб.

У суботу пасля поўдня, хлопчыкі зноў былі каля сухога дрэва. Яны пакурылі і пагутарылі, лежачы ў цяньку, потым пакапаліся крыху ў выкапанай ужо яміне без асаблівай надзеі на поспех, таму толькі, што, як запэўняў Том, часта людзі трацілі надзею дакапацца да скарба ў той момант, калі да яго «заставалася не больш як шэсць цаляў, а потым прыходзіў хто-небудзь іншы і адным ударам рыдлёўкі знаходзіў скарб. Але і на гэты раз іхняя праца была дарэмная, і хлопчыкі з інструмантамі на плячах пайшлі далей. Яны суцяшалі сябе хоць тым, што не жартавалі з лёсам, а добрасумленна выконвалі ўсё, што належыць, каб знайсці скарб.

І вось, нарэшце, яны прышлі да «нячыстага» дома. Мёртвая ціша, якая панавала тут у гэты гарачы поўдзень, здалася ім злавеснай і жудаснай. Яны падкраліся да дзвярэй і, трасучыся ад страху, глянулі ў сярэдзіну. Яны ўбачылі пакой, дзе заместа падлогі расла трава, убачылі вокны без шкла, разбураную лесвіцу; усюды лахманамі вісела старое павуцінне.

Яны набраліся смеласці і ціханька ўвайшлі. Яны гаварылі паміж сабой толькі шэптам, сэрцы іх моцна стукалі, усе мускулы цела былі напружаны, вуха чутка лавіла кожны шолах,— пры першым гуку яны гатовы былі кінуцца назад. Але патрохі яны прызвычаіліся да ўсяго гэтага, і страх іх прайшоў.

Яны з цікавасцю аглядалі дом, дзівячыся сваёй-жа смеласці і ў той-жа час адчуваючы ад гэтага гордасць. Потым ім захацелася паглядзець і наверсе. Яны кінулі свае інструманты ў кут і падняліся па сходах наверх. І там было таксама запушчана. У адным кутку яны знайшлі камору, якая абяцала таямнічую знаходку, але надзеі не спраўдзіліся: камора была пустая. Цяпер яны зусім асмеліліся і трымалі сябе вольна. Яны ўжо хацелі спусціцца ўніз і пачаць работу, як раптам...