— Слухай, Том, дай мне памазаць крыху!
Том падумаў і зрабіў выгляд, нібы гатоў згадзіцца, але потым парашыў іначай.
— Не, не, Бэн, нельга! Бачыш, цёця Поллі надта вымагальная, плот-жа выходзіць на вуліцу. Каб яно на двор, тады іншая рэч, а тут яна вельмі строгая,— трэба бяліць вельмі старанна. Я так думаю, што з тысячы, нават, магчыма, з двух тысяч хлопчыкаў не знойдзецца ніводнага, які здолеў-бы пабяліць яго як след.
— Ды няўжо-ж? Ну! Дай мне толькі паспрабаваць, крышачку толькі. Каб я быў на тваім месцы, я-б цябе пусціў. А, Том?
— Бэн, я рады быў-бы цябе пусціць, ды цёця Поллі... Вось Джым таксама хацеў, але яна не дазволіла. Прасіўся і Сід — яна і яго не пусціла. Цяпер ты разумееш, як мне цяжка даверыць гэтую работу табе. Калі ты пачнеш бяліць, ды што-небудзь выйдзе не так...
— Не, не! Я буду асцярожна. Ну, дай паспрабаваць! Слухай: я дам табе за гэта кавалак яблыка.
— Добра, давай! Але... не, Бэн, лепш не трэба — баюся я...
— Я табе ўсё аддам!
Том падаў яму пэнзаль нібы з неахвотай, але з вялікай радасцю ў душы. І пакуль былы параход «Вялікая Місуры» працаваў і пацеў на сонцы, мастак сядзеў на бочцы ў цяньку, боўтаў нагамі, еў яблык і рыхтаваў пастку для новых нявінных ахвяр.
А недастачы ў ахвярах не было: хлопчыкі адзін за адным падыходзілі да плота; яны падыходзілі, каб пасмяяцца, а заставаліся бяліць. У той час, калі Бэн зусім змарыўся, Том ужо прадаў другую чаргу Біллі Фішару за папяровага змея; а калі і Фішар стаміўся, яго замяніў Джоні Мілер, заплаціўшы за гэта здохлым пацуком і вяроўкай,— каб прывязаць гэтага пацука за хвост і размахваць; і гэтак далей, і гэтак далей, увесь час.
Багацці. |
А палове дня Том з няшчаснага бедняка, якім ён быў раніцой, ператварыўся ў багатыра. Апрача вышэй пералічаных багаццяў, у яго набралася: дванаццаць мармуровых шарыкаў, свісцёлка, чарапок сіняга шкла ад бутэлькі, драўляная пушка, адмычка, кавалак крэйды, шкляная затычка ад графіна, алавяны салдацік, пара палонікаў, шэсць бразгалак, аднаглазае кацянё, медная ручка ад дзвярэй, сабачы ашыйнік (толькі сабакі не было), ручка нажа, чатыры апельсінавых коркі і старая паламаная рамка ад акна з-пад страхі. Ён надта прыемна правёў час, нічога не робячы, у вялікай кампаніі, а на плоце засталіся нават тры пласты вапны! Каб у яго хапіла вапны, ён абабраў-бы ўсіх хлопчыкаў у горадзе.
Раздзел ІІІ
Том з’явіўся перад цёткай Поллі, якая сядзела каля расчыненага акна.
— Цёця, можна мне ісці гуляць?
— Як! Ужо? Колькі-ж ты зрабіў?
— Усё зроблена, цёця.
— Том! Не мані мне! Я гэтага цярпець не магу.
— Я не маню, цёця. Усё гатова.
Цёця Поллі ўсё-ж такі не паверыла. Яна пайшла сама паглядзець і была-б рада, каб словы Тома хоць на дваццаць процантаў аказаліся правільнымі. Калі-ж яна ўбачыла, што ўвесь плот пабелены, ды яшчэ пабелены густа, у некалькі пластоў, і нават па зямлі ўздоўж плота праведзена белая паласа,— яна прышла ў невыказнае здзіўленне.
Пасля бойкі. |
— Ну, ведаеш, гэтага ўжо ніколі не падумала-б!.. Трэба сказаць праўду, Том, ты можаш працаваць, калі захочаш. — Тут яна палічыла патрэбным змякчыць камплімент: — Толькі вельмі ўжо рэдка табе гэтага хочацца. Ну, ідзі гуляй. Толькі глядзі — прыходзь дахаты ўчас, а то я цябе!..
Яна была ў такім захапленні ад яго вялікага геройства, што павяла яго ў камору, выбрала лепшы яблык і паднесла яму, доўга разважаючы аб тым, што пасля добрасумленнай работы яблык здаецца саладзейшым. Том тым часам паспеў сцягнуць пранік.
Ён выбег на двор і ўбачыў Сіда, які падымаўся па сходах, што ішлі знадворку і вялі ў заднія пакоі верхняга паверху. У адзін момант паветра напоўнілася гукамі звонкіх пляскачоў, якія градам пасыпаліся на Сіда. Раней як цёця Поллі паспела на дапамогу, шэсць-сем удараў ужо трапілі ў цэль, а Том пераскочыў цераз плот і знік. Была на дварэ і фортка, але звычайна Тому не было калі дабегчы да яе. Цяпер, калі ён разлічваўся з Сідам за тое, што той выдаў яго, паказаўшы цётцы Поллі на чорныя ніткі,— яго сэрца ахапіў салодкі спакой.
Том прайшоў прыгуменнямі і завярнуўся на гразкую дарогу, якая вывела яго за кароўі хлявы. Тут ён ужо мог не баяцца, што яго зловяць і пакараюць; ён быў у поўнай бяспецы. Таму ён адразу пайшоў на вясковую базарную плошчу, дзе, па дагаворанасці, ужо сышліся для бойкі два «ваенных» атрады хлопчыкаў.