— Добра, згодзен. Я гатоў пільнаваць хоць усю ноч да раніцы і кожную ноч, толькі рэшту ты ўжо вазьмі на сябе.
— Згодзен і я. Ты толькі прабяжы па нашай вуліцы і мяўкні. А калі я адразу не вылезу, ты кінь пяском у акно, і я прачнуся.
— Глядзі-ж, слова даражэй за грошы!
— Ну, Гек, цяпер навальніца прайшла, я пабягу дахаты. Цяпер ужо і да світання недалёка,— усяго якіх-небудзь дзве гадзіны. Ты там пакуль пасцеражы,— добра?
— Добра! Добра! Я цэлы год буду бадзяцца па начах каля гэтай карчмы. Удзень буду спаць, а ўначы пільнаваць.
— Гэта правільна. А дзе-ж ты будзеш спаць?
— У пуні ў Бена Роджэрса. Ён нічога, пускае мяне. І іхні негр, дзядзя Джэк, таксама не гоніць. Я цягаю ваду для Джэка, калі ён пасылае мяне; часам ён мне і пад’есці дасць, калі ў яго знойдзецца. Ён вельмі добры, Том. Ён мяне любіць, таму што я ніколі перад ім не задаюся, не задзіраю носа.
— Добра, Гек, я не буду турбаваць цябе ўдзень. Я пабуджу цябе толькі ў тым выпадку, калі ўжо вельмі, вельмі трэба будзе. А калі ты ўначы што заўважыш, зараз да мяне пад акно — і мяўкні...
Раздзел XXVIII
Першае, што Том пачуў раніцою ў пятніцу, была радасная вестка: сям’я суддзі Тэчэра вярнулася ў горад. На некаторы час і метыс і скарб адступілі для Тома на другі план, і першае месца ў яго думках заняла Бэкі.
Яны сустрэліся і «страшэнна весела» правялі час, гуляючы ў розныя гульні з іншымі школьнікамі. Пад канец дня Том пачуў яшчэ адну прыемную навіну: Бэкі так прычапілася да маткі з просьбай вызначыць дзень даўно абяцанага пікніка, што тая нарэшце згадзілася. Дзяўчынка не памятала сябе ад радасці. Том таксама быў на сёмым небе.
Яшчэ да захаду сонца ўсе запрашэнні былі разасланыя, і моладзь, хвалюючыся, рыхтавалася да свята, загадзя ўяўляючы сабе рэдкую прыемнасць. Том ад хвалявання даўно не мог заснуць і ўсё спадзяваўся, што Гэк вось-вось мяўкне пад акном, а на другі дзень ён здзівіць сваім багаццем Бэкі і ўсіх удзельнікаў пікніка. Але надзея яго не спраўдзілася: у гэтую ноч ён не чуў сігналу.
Прышла раніца, і а гадзіне адзінаццатай вясёлая шумная кампанія сабралася ў суддзі. Уся падрыхтоўка была ўжо скончаная. Старэйшыя заставаліся дома, не жадаючы перашкаджаць дзецям сваёй прысутнасцю. Лічылася, што дзецям нішто не будзе пагражаць пад наглядам некалькіх маладзенькіх паненак гадоў восемнаццаці і маладых людзей гадоў дваццаці. Для пераправы праз раку быў наняты стары паравы паром, і хутка ўся кампанія шумным натоўпам рушыла па вуліцы, нагружаная кашамі з прадуктамі. Сід быў хворы і вымушаны быў адмовіцца ад гэтага шчасця. Мэры засталася дома, каб яму не было нудна. Місіс Тэчэр на развітанне сказала Бэкі:
— Ты вернешся позна. Ці не лепш будзе табе пераначаваць у каго-небудзь з таварышак, якія жывуць бліжэй да парома?
— Тады я, мамка, пераначую ў Сюзі Гарпер.
— Добра, дзетка. Будзь-жа разумніца і трымай сябе добра!
Калі яны вышлі, Том сказаў Бэкі:
— Слухай, ведаеш, што мы зробім? Замест таго, каб ісці к Гарперам, мы ўзбярэмся на гару і пераначуем у ўдавы Дуглас. У яе будзе марожанае. У яе кожны дзень бывае марожанае і колькі! цэлая куча! І яна будзе нам вельмі рада. Вось будзе весела!
Бэкі падумала крыху і сказала:
— А што скажа мама?
— А адкуль яна даведаецца?
Дзяўчынка зноў падумала і нерашуча вымавіла:
— Гэта, па праўдзе, нядобра, але...
— Ну што «але»? Глупства якое! Мама твая не даведаецца... Ды і што-ж тут дрэннага? Ёй-жа-ж трэба толькі ведаць, што табе не пагражае небяспека. Яна-б сама паслала цябе туды, каб гэта ёй прышло ў галаву. Верна табе кажу!
Славутая гасціннасць удавы Дуглас была вялікай спакусай. Марожанае і ўгаворы Тома перамаглі нерашучасць дзяўчынкі. Дзеці пастанавілі нікому не гаварыць пра свой намер.
Але потым Тому прышло ў галаву: а што, калі Гек акурат у гэтую ноч дасць сігнал? Гэтая думка значна ахаладзіла яго захапленне. Але ўсё-ж такі ён не мог адмовіцца ад магчымасці паласавацца марожаным ў ўдавы Дуглас. «Ды і навошта адмаўляцца?» — разважаў ён сам з сабой. — «Учора не было сігналу, чаму-ж абавязкова сёння будзе?» Пэўны разлік весела правесці вечар перасіліў няпэўную надзею авалодаць скарбам. Як і належыць хлопчыку, ён рашыў паддацца больш сільнаму жаданню і адклаў усе думкі пра скрыню з грашыма на заўтра.
У трох мілях ад гарадка ўніз па рацэ паром спыніўся ля ўваходу ў парослую лесам даліну і прыстаў да берага. Натоўп рынуў на бераг, і хутка лясныя далі і ўцёсы агаласіліся звонкім смехам і крыкам. Былі спрабаваны самыя рознастайныя спосабы, каб разгарачыцца і стаміцца. Нарэшце дзеці вярнуліся ў лагер з ладным апетытам, і тады пачалося знішчэнне смачных страў. А пасля гэтага ўсе паселі адпачыць і пагутарыць у цяньку шырокіх дубоў. Праз некаторы час нехта крыкнуў: