Выбрать главу

Пасля таго Том знайшоў падземнае возера з цмянымі абрысамі, якія знікалі ў цемры. Ён хацеў даследваць яго берагі, але потым падумаў, што лепш будзе спачатку прысесці і адпачыць. Тут першы раз яны адчулі, што мёртвая цішыня падзямелля прыгнятае іх.

— Што гэта, сказала Бэкі — нібы даўно ўжо не чуваць галасоў? Ты не заўважыў?

— Ды ты падумай, Бэкі,— яны-ж там, наверсе, а мы ўнізе; я нават не ведаю, куды мы зайшлі: на поўнач, на поўдзень ці на ўсход. Тут мы не можам іх чуць.

Бэкі ўстрывожылася.

— А доўга мы тут ходзім, Том? Ці не лепш вярнуцца назад?

Уверсе туліліся кучай тысячы кажаноў.

— Яно, пэўна, будзе лепш.

— А ты здолееш знайсці дарогу, Том? Тут такая блытаніна — я адна не выбралася-б.

— Я знайшоў-бы дарогу, каб не гэтыя кажаны! Калі яны загасяць абедзве свечкі, гэта будзе паганая справа. Паспрабуем знайсці другую дарогу, каб не праходзіць там.

— Спадзяюся толькі, што мы не заблудзім. Гэта быў-бы такі жах!

І дзяўчынка нават уздрыганулася ад гэтай думкі. Том выбраў адзін з калідораў, і дзеці доўга моўчкі ішлі па ім, углядаючыся ў кожны новы папярочны ход, ці не будзе ён знаёмым. Але ўсё тут было ім чужое. Кожны раз, калі Том даследваў новы ход, Бэкі сачыла за яго тварам, чакаючы бадзёрага знаку, і ён весела казаў:

— Гэта яшчэ не той, па якім мы ішлі, але ты не бойся,— у свой час знойдзем і яго.

Тым не менш з кожнай няўдачай ён усё больш траціў упэўненасць і хутка пачаў заварочваць направа і налева, абы куды, спадзяючыся знайсці, нарэшце, знаёмую дарогу. Час ад часу ён казаў: «Не бойся: усё ідзе добра»,— але на сэрцы яго ляжаў такі страшэнны цяжар, што голас яго зрабіўся бязгучным, нібы ён казаў не «ўсё добра», а «ўсё прапала». Бэкі ад жаху прыціскалася да яго, усімі сіламі стараючыся ўстрымаць слёзы, але гэта ёй не вельмі ўдавалася. Нарэшце яна сказала:

— Слухай, Том, гэта нічога, што кажаны,— вернемся той дарогай. А так мы зусім заблытаемся.

Том спыніўся.

— Пачакай.

І сярод глыбокай цішыні, такой глыбокай, што дзеці чулі нават уласнае дыханне, Том крыкнуў. Голас яго доўга адбіваўся па пустынных калідорах і заціх далёка слабым гукам, нібы насмешлівы рогат.

— Ох, Том, не крычы,— гэта так страшна! — сказала Бэкі.

— Хоць яно і страшна, але ўсё-ж лепш крычаць, Бэкі: можа яны пачуюць нас.

І ён крыкнуў зноў.

Гэтае «можа» прагучэла для дзяўчынкі яшчэ больш жудасна, як злавесны рогат: яна зразумела, што Том траціць надзею. Дзеці стаялі моўчкі і чакалі, але на крык ніхто не адгукнуўся. Том завярнуўся назад і паскорыў крокі. Але хутка нейкая неўпэўненасць у яго поглядзе выдала Бэкі другую страшную праўду: ён ужо не мог знайсці дарогу назад!

— О, Том, чаму ты не рабіў знакаў!

— Бэкі, які я дурань! Які-ж я дурань! Мне і ў галаву не прышло, што нам прыдзецца вяртацца. Не, я не магу знайсці дарогі! У мяне ўсё пераблыталася.

— Том, Том, мы прапалі! Прапалі! Нам ніколі, ніколі не выбрацца з гэтага жудаснага падзямелля! О, навошта мы адлучыліся ад усіх!

Яна млява апусцілася на зямлю і так дзіка зарыдала, што Том перапалохаўся, думаючы, што яна зараз памрэ ці звар’яцее. Ён сеў побач з ёю і абняў яе. Яна, рыдаючы, схавала твар у яго на грудзях і прыціснулася да яго, вымаўляючы ўсе свае жахі, сваё позняе шкадаванне, а далёкае рэха ператварала яе горкія словы ў дробкі вясёлага смеху. Том упрашаў яе падбадзёрыцца, але яна казала, што не можа. Тады ён пачаў лаяць сябе, што паставіў яе ў такое жудаснае становішча,— і гэта падзейнічала лепш. Яна сказала, што паспрабуе авалодаць сабой, што яна ўстане і пойдзе за ім, куды ён павядзе яе, абы толькі ён так не казаў, бо яна і сама вінаватая ніколькі не менш ад яго.

І яны пайшлі наўдачу, так сабе, абы ісці, а не сядзець на месцы,— больш-жа ж яны нічога не маглі зрабіць.

Праз некалькі мінут Том узяў свечку з рук Бэкі і пагасіў яе. Для іх так важна было эканоміць святло!.. Бэкі без слоў зразумела гэта і зноў прышла ў адчай. Яна ведала, што ў Тома ёсць цэлая свечка ды яшчэ тры ці чатыры агаркі ў кішэні, і тым не менш ён лічыў патрэбным эканоміць.

Паступова зморанасць пачала даваць свае вынікі; дзеці спрабавалі не звяртаць на гэта ўвагі,— ім нават страшна было падумаць, каб сесці, бо кожная мінута была надта дарагая; рухаючыся ў якім-бы там ні было кірунку, хоць наўздагад, яны ўсё-ж ішлі наперад і, можа к выхаду, а сесці гэта азначала аддаць сябе на смерць і прыблізіць яе прыход.