Выбрать главу

Але слабыя ножкі Бэкі зусім адмаўляліся служыць ёй. Яна села. Том сеў побач з ёю і яны пачалі размаўляць пра дом, пра пакінутых там прыяцеляў, пра мяккія пасцелі і, галоўнае, пра святло. Бэкі плакала. Том стараўся прыдумаць што-небудзь, каб суцешыць яе, але ўсе яго выдумкі ні да чаго не прывялі. Бэкі так аслабла ад стомы, што нарэшце заснула. Том быў рады гэтаму. Ён углядаўся ў яе змораны тварык і бачыў, як ён паступова прымаў звычайны спакойны выраз ад прыемных сноў; на губах у яе з’явілася і засталася ўсмешка. Ад гэтай спячай дзяўчынкі ішоў мір, і думкі Тома луналі ў мінулым, у няясных успамінах. Ён так увайшоў у гэтыя ўспаміны, што і не заўважыў, як Бэкі прачнулася і ціханька засмяялася. Але смех зараз-жа замёр на яе вуснах і перайшоў у стогн.

— О, як я магла заснуць! Я-б хацела ніколі, ніколі не прачынацца! Не, не, Том, не глядзі так! Я не буду больш так казаць.

— Я рады, што ты спала, Бэкі; цяпер ты адпачыла, і мы пойдзем зноў шукаць дарогу.

— Паспрабуем, Том, але я сніла такую дзівосную краіну, а тут...

— Трымайся, Бэкі! Пойдзем зноў шукаць!

Яны ўсталі і пайшлі поруч, але ўжо не верачы ў поспех. Яны паспрабавалі абмеркаваць, колькі часу яны правялі ў пячоры; але ім здавалася, што яны тут ужо некалькі дзён і тыдняў, а між тым гэтага, безумоўна, не магло быць, бо нават свечкі іх не дагарэлі да канца.

Пасля таго яны доўга,—самі не ведалі, як доўга,— ішлі моўчкі. Том сказаў, што трэба стаіцца і прыслухоўвацца, ці не чуваць дзе шуму ад капання вады,— трэба знайсці крыніцу. Яны знайшлі адну, і Том сказаў, што тут трэба зноў зрабіць прыпынак. Абое страшэнна стаміліся, але Бэкі лічыла за лепшае ісці далей і была вельмі здзіўлена, калі Том не згадзіўся. Яна не магла зразумець гэтага. Яны селі, і Том глінай прыляпіў свечку на камені перад імі. Абодва задумаліся і некаторы час не гаварылі ні слова. Бэкі першая парушыла цішыню.

— Том, я такая галодная.

Том выцягнуў нешта з кішэні.

— Ты памятаеш?

Бэкі слаба ўсміхнулася.

— Гэта наш вясельны каравай.

— Я хацеў-бы, каб ён быў вялікі, як бочка, бо ў нас болей нічога няма.

— Я схавала гэты кавалак на пікніку, каб палажыць яго пад падушку, як робяць дарослыя, і потым загадаць, каго я сасню; але гэта будзе наш апош...

Бэкі не скончыла, каб не засмучаць свайго таварыша.

Том падзяліў пірог на дзве часткі. Бэкі з ахвотай з'ела сваю палавіну, але Том да сваёй ледзь дакрануўся. Напіцца было чым: побач была цэлая крыніца халоднай вады. Крыху счакаўшы, Бэкі прапанавала ісці далей. Том падумаў крыху, потым сказаў:

— Бэкі, ці можаш ты спакойна выслухаць, што я табе скажу?

Бэкі пабялела, але сказала, што, здаецца, можа.

— Дык вось што, Бэкі: нам трэба застацца тут,— тут прынамсі ёсць вада для піцця... І не забывай, што гэта наш апошні агарак!

Бэкі дала волю слязам і рыданню. Том суцяшаў яе, як мог, але гэта мала памагала. Нарэшце яна сказала:

— Том!

— Што, Бэкі?

— Яны ўсхопяцца і прыдуць шукаць нас?

— Ну, вядома! Зразумела, прыдуць.

— Можа яны ўжо цяпер шукаюць нас, Том?

— Што-ж, вельмі мажліва. Я спадзяюся, што так.

— Калі, ты думаеш, яны ўсхопяцца?

— Я думаю, калі вернуцца на паром.

— Том, тады будзе ўжо цёмна. Ці заўважаць яны, што нас няма?

Не ведаю, у кожным разе маці твая заўважыць, як толькі ўсе вернуцца дамоў.

Спалоханы погляд Бэкі напомніў Тому, што яго прыяцелька мелася начаваць у таварышкі і, значыцца, яе не будуць чакаць дома. Дзеці змоўклі і задумаліся. Праз некаторы час новы выбух гора ў Бэкі паказаў Тому, што ёй, як і яму, прышла ў галаву адна і тая самая думка: нядзельная раніца можа напалову прайсці, пакуль місіс Тэчэр даведаецца, што Бэкі не начавала ў місіс Гарпер.

Вясельны каравай.

Дзеці не спускалі вачэй з апошняга агарка, сочачы за тым, як ён павольна і бязлітасна растае. Нарэшце засталося толькі на палец кнота. Слабы агеньчык падымаўся і падаў, узвіўся над тонкім слупком дыму, пачакаў там — і потым настала поўная страшная цемра.

Колькі часу прайшло, пакуль Бэкі зразумела, што яна плача ў абдымках Тома, ніводзін з іх сказаць не мог. Яны ведалі толькі, што праз вельмі доўгі, як ім здавалася, час яны нібы ачунялі ад цяжкога сну і зноў зразумелі ўвесь жах свайго становішча.

Том думаў, што ўжо надышла нядзеля, можа нават панядзелак. Ён спрабаваў уцягнуць Бэкі ў гутарку, але дзяўчынка была надта прыціснутая сваім горам. У яе не было больш ніякай надзеі. Том запэўняў, што іх адсутнасць ужо даўно павінны былі заўважыць і што цяпер іх, напэўна, шукаюць. Трэба зноў крычаць: хто-небудзь пачуе, адгукнецца і прыдзе. Ён крыкнуў. Але ў цемры далёкае рэха адгукалася так жудасна, што болей ён ужо не спрабаваў.