Гадзіны ішлі, і дзяцей зноў пачаў мучыць голад. Том адламіў кавалачак ад сваёй палавінкі; яны падзялілі яго паміж сабою, але ад гэтага ім толькі яшчэ больш захацелася есці.
— Тсс!.. — сказаў Том,— ты чуеш?
Бэкі затаіла дыханне і пачала прыслухоўвацца. Здалёк ледзь чутно данёсся нібы слабы крык. Дзеці зноў пачалі прыслухоўвацца. Потым Том адгукнуўся і, узяўшы Бэкі за руку, пабег па калідоры ў той бок, адкуль чуўся голас. Праз некаторы час яны спыніліся,— гук зноў паўтарыўся і як быццам бліжэй.
— Гэта яны! — усклікнуў Том. — Яны ідуць сюды! Хадзем, Бэкі, не бойся,— цяпер усё будзе добра!
Маленькія палоннікі не памяталі сябе ад радасці, але не маглі бегчы хутка, бо на кожным кроку трапляліся правалы, і трэба было ўнікаць іх. Ля адной шчыліны ім мімаволі прышлося спыніцца. Правал мог мець і тры футы і сто футаў глыбіні,— усёроўна прайсці праз яго было немагчыма. Том лёг на жывот і апусціўся ўніз, колькі мог. Ён не даставаў дна. Трэба было заставацца тут і чакаць, пакуль за імі прыдуць. Дзеці прыслухоўваліся, але гукі ўжо аддаляліся. Праз некалькі хвілін яны зусім сціхлі...
О, які жах! Том крычаў, пакуль не ахрыпнуў, але ніхто не адгукаўся. Ён стараўся абнадзеіць Бэкі, але прайшла цэлая вечнасць трывожнага чакання, а гукаў не было чуваць.
Дзеці вобмацкам дабраліся назад да крыніцы. Час цягнуўся марудна. Яны зноў заснулі і прачнуліся галодныя, змучаныя горам. Том быў упэўнены, што цяпер ужо аўторак.
Раптам у яго мільганула думка. Паблізу было некалькі бакавых калідораў. Ці не лепш даследваць іх, чымся сядзець і нудзіцца? Ён выняў з кішэні шпагат для пускання змеяў, прывязаў яго да выступа скалы і пайшоў, ведучы за руку Бэкі і размотваючы клубок настолькі, наколькі яны рухаліся наперад.
Праз дваццаць крокаў калідор канчаўся нечым накшталт пляцоўкі для скакання. Том стаў на калены і пачаў мацаць сцяну ўнізе; памацаў рог, пасунуўся яшчэ трохі направа,— і ў гэты момант за якіх-небудзь дваццаць крокаў ад яго з-за рога ўцёса высунулася чалавечая рука са свечкай. Том радасна ўскрыкнуў, але ўслед за рукой зараз-жа высунулася і тулава: гэта быў індзеец Джо!
Страшнае спатканне. |
Том скамянеў ад жаху, ён не мог варухнуць ні рукой ні нагой і вельмі ўзрадаваўся, калі «іспанец» павярнуўся да яго спіной і знік з вачэй. Том здзівіўся, як гэта Джо не пазнаў яго голаса і не кінуўся на яго, каб забіць за паказанні на судзе; але, мабыць, рэха змяніла яго голас,— напэўна, так! Ад страху Том адчуваў незвычайную слабасць ва ўсім целе. Ён гаварыў сабе, што калі ў яго хопіць сілы вярнуцца да крыніцы, ён там і застанецца і болей ужо не захоча ісці шукаць выхаду, рызыкуючы сустрэцца з індзейцам Джо.
Том не сказаў Бэкі, што бачыў, а сказаў толькі, што крыкнуў так сабе.
Але голад і цяжкасць становішча паступова перамаглі страх. Новае нуднае сядзенне ля крыніцы і новы сон прынеслі з сабой страшэнныя пакуты ад голаду. Том быў упэўнены, што цяпер ужо серада ці чацвер, можа нават пятніца або субота, і што тыя, хто шукаў іх, страцілі надзею іх знайсці. Ён прапанаваў даследваць другі калідор. Ён гатоў быў рызыкнуць нават сустрэчай з метысам. Але Бэкі вельмі аслабла, яе ахапіла апатыя, і яна не хацела рухацца з месца. Яна казала, што застанецца тут, дзе сядзіць, і будзе чакаць смерці. Яна параіла Тому ўзяць шпагат і ісці самому, калі яму хочацца, але ўпрашала яго часцей вяртацца, каб пагаварыць з ёй, і ўзяла з яго слова, што калі прыдзе апошняя мінута, ён будзе сядзець каля яе і трымаць яе руку, пакуль усё скончыцца...
У Тома сціснулася горла. Ён пацалаваў Бэкі і пачаў запэўняць, што выхад з пячоры знойдзецца, калі яшчэ раней не знойдуць іх тыя, хто шукае. Потым ён узяў у руку шпагат ад змея і вобмацкам папоўз па адным з калідораў, адчуваючы голад і блізкую гібель...
Раздзел XXXI
Мінула раніца аўторка, прышоў і вечар, а гарадок усё сумаваў: загінуўшыя дзеці не знаходзіліся. У царкве служылі малебствы аб выратаванні іх. Нямала ішло ўгору і па-асобных малітваў, што выходзілі з глыбіні душы, а з пячоры ўсё яшчэ не прыходзілі радасныя весткі. Большасць шукаўшых пакінулі пошукі і вярнуліся да сваіх звычайных заняткаў, кажучы, што дзеці, відаць, ужо не знойдуцца. Місіс Тэчэр была зусім хворая і большую частку часу ляжала ў непрытомнасці. Тыя, хто яе бачыў, казалі, што аж сэрца рвецца, слухаючы, як яна кліча сваю дзяўчынку, гледзячы, як яна падымае галаву і доўга прыслухоўваецца, а потым, уздыхнуўшы, зноў млява апускае галаву на падушку. У цёці Поллі шэрыя валасы ад тугі зрабіліся бадай што зусім белымі. У аўторак вечарам увесь гарадок пайшоў спаць смутны, страціўшы ўсялякую надзею.