Выбрать главу

— Грошы ў пячоры.

— Том, скажы сумленна, ты сур’ёзна гаворыш, ці жартуеш?

— Сур’ёзна, Гек, я ніколі яшчэ не казаў так сур'ёзна. Хочаш пайсці са мной туды і памагчы мне ўзяць грошы?

— А як-жа ж? Вядома, пайду! Толькі ці можна прабрацца туды, не заблудзіўшы?

— Гек, мы смела можам прабрацца туды, зусім без рызыкі.

— Добра! Але чаму ты думаеш, што грошы...

— Пачакай, Гек, пакуль мы прыдзем туды. Калі мы не знойдзем грошай, я табе аддам мой барабан і ўсё, што ў мяне ёсць. Далібог, аддам!

— Добра, ідзе! Калі, ты кажаш, трэба ісці?

— Ды хоць зараз, калі ты згодзен. У цябе сілы хопіць?

— А далёка ісці да пячоры? Я ўжо тры ці чатыры дні на нагах, але больш мілі мне не прайсці,— прынамсі я так думаю, што не прайсці.

Круча.

— Кожнаму іншаму, апрача мяне, прышлося-б ісці міль пяць, але я цябе павяду туды карацейшай дарогай, якую, апрача мяне, ніхто не ведае. Я цябе завязу туды ў лодцы, Гек, давязу да самага месца і сам буду грабсці туды і назад, — табе не прыдзецца рук стамляць.

— Едзем зараз, Том!

— Добра! Нам трэба ўзяць хлеба і мяса, ды люлькі, ды пусты мяшок, ды два-тры клубкі шпагату ад папяровага змея, ды яшчэ гэтых толькі што выдуманых штучак, якія называюцца сярнічкамі. Колькі разоў я шкадаваў, што іх не было ў мяне, калі я сядзеў там у пячоры.

Пасля поўдня хлопчыкі, скарыстаўшы адсутнасць суседа, узялі яго лодку і адправіліся ў дарогу. Калі яны праехалі некалькі міль, Том сказаў:

— Бачыш вунь тую кручу, што ідзе ўніз ад «пячорнай западзіны»? Яна здаецца гладкай і роўнай, адны толькі кусты, усе падобныя адзін да аднаго. Але вунь там, дзе апоўзень, бачыш, бялеецца нешта? Гэта мой знак,— мы тут і выйдзем.

Яны прысталі да берага.

— Вось адсюль, дзе стаім, Гек, ты можаш дакрануцца вудачкай да той дзверы, праз якую я вылез. Паспрабуй, брат, знайсці яе.

Гек вышукаў усё навакол і нічога не знайшоў. Том з гонарам палез у самую гушчу кустоў, кажучы:

— Во ён! Гэта самы патаемны лаз ва ўсіх тутэйшых месцах. Толькі глядзі, нікому ні гу-гу! Я даўно ўжо збіраюся ісці ў разбойнікі, ды ўсё зручнага прыстанішча не знаходзілася, такога, як гэтае, а без прыстанішча, як вядома, разбойнічаць немагчыма. А цяперака мы знайшлі і нікому пра яго не скажам, хіба толькі Джо Гарперу ды Бэну Роджэрсу,— бо трэба-ж набраць банду, а калі ўдвох, дык якія-ж гэта разбойнікі! Банда Тома Соўэра—ці не дзівосна гэта гучыць, Гек?

— Але, Том, дзівосна. А каго-ж мы будзем грабіць?

— О, каго прыдзецца! Праезджых, прахожых людзей, як належыць разбойнікам.

— І забіваць іх?

— Не, не заўсёды. Лепш трымаць іх у палоне ў пячоры, пакуль не заплоцяць выкуп!

— А што гэта такое—выкуп?

— Грошы, значыцца. Ім кажуць сабраць з сваіх прыяцеляў, колькі яны там могуць, і калі праз год яны не заплоцяць выкупу, тады іх забіваюць. Але жанчын нельга забіваць. Жанчыны заўсёды красуні і багатыя і страшэнна баяцца. У іх адбіраюць гадзіннікі і ўсё такое, але гаварыць з імі трэба заўсёды далікатна і зняўшы капялюш. Разбойнікі надзвычайна далікатны народ! Гэта ва ўсіх кнігах гаворыцца. Ну, жанчыны, звычайна, пачынаюць кахаць разбойнікаў. Пасядзеўшы ў пячоры тыдзень-другі, яны перастаюць плакаць і потым ужо самі не хочуць пакідаць разбойнікаў. Так ва ўсіх кнігах пішуць.

— А гэта-ж цудоўна, Том! Гэта, мусіць, лепш нават, як быць піратам.

— Ну але, лепш... з усіх бакоў — бліжэй да дому і наогул...

Тымчасам хлопчыкі перацягнулі з лодкі ўсе рэчы і праз дзіру ўлезлі ў пячору. Том ішоў наперадзе. Яны дайшлі да стромкага канца падземнага калідора, прымацавалі свае вяроўкі да выступа скалы і рушылі далей. Праз некалькі крокаў яны апынуліся каля крыніцы, і Том адчуў, як дрыжыкі пайшлі па ўсім яго целе. Ён паказаў Геку рэштку кнота, прылепленага да скалы і расказаў, як яны з Бэкі сачылі за знікаючым полымем.

Хлопчыкі, самі таго не заўважаючы, сцішылі голас да шэпту: цішыня і цемра навакол прыгняталі іх. Яны завярнуліся ў другі калідор і ўсё ішлі, пакуль не дабраліся да «пляцоўкі для скакання». Пры святле свечак выявілася, што пад пляцоўкай была не прорва, а толькі стромкі гліністы спуск, футаў на дваццаць-трыццаць глыбіні.

— Цяпер я нешта пакажу табе, Гек,— шапнуў Том.

Ён высока падняў сваю свечку.

— Зазірні за рог, як мага далей. Бачыш вунь там, на вялікім камені, копаццю выведзена?

— Том, гэта крыж!

— Разумееш, дзе «нумар другі»!? Пад крыжам — а? Зразумеў? Тут я і бачыў індзейца Джо са свечкай у руках.

Гек уздрыгнуўся і дрыжачым голасам прамовіў: