Але хлопчыкі пацікавіліся, чаму-ж гэта ім трэба спяшацца.
— Вось прыбяжыце да ўдавы Дуглас, тады даведаецеся.
Гек, які на сваім вяку прызвычаіўся да дарэмных абвінавачанняў, спытаўся з трывогай:
— У чым справа, містэр Джонс? Мы нічога дрэннага не зрабілі.
Валіец аж пакаціўся ад смеху.
— Не ведаю, Гек, не ведаю, мой хлопчык. Наконт гэтага нам нічога не вядома. Але-ж ты сябруеш з удавою Дуглас?
— Так. У кожным разе яна становіцца да мяне добра.
— Ну, вось бачыш,— чаго-ж тады баішся?
Гек, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю, не паспеў прыдумаць адказу, як яго разам з Томам пхнулі ў гасціную да місіс Дуглас. Містэр Джонс пакінуў тачку за дзвярыма і ўвайшоў услед за імі.
Гасціная была ярка асветлена, і там сабраліся ўсе важныя людзі гарадка. Тут былі Тэчэры, Гарперы, Роджэрсы, цёця Поллі, Сід, Мэры, поп, выдавец газеты і яшчэ шмат народу, усе ўбраныя па-святочнаму. Удава сустрэла хлопчыкаў так шчыра, як толькі можа гаспадыня сустрэць гасцей, якія з’явіліся да яе ў такім выглядзе, як нашы героі: запэцканыя салам і глінай.
Цёця Поллі ўся пачырванела ад сораму і, нахмурыўшыся, з дакорам ківала галавой, гледзячы на Тома, але больш за ўсіх адчувалі сябе няёмка самі хлопчыкі.
— Тома не было дома,— растлумачыў Містэр Джонс,— і я нават не прабаваў знайсці яго, але потым сутыкнуўся з ім і з Гекам ля самай маёй дзверы і вось паспяшаўся прывесці іх сюды.
— I добра зрабілі,— сказала ўдава. — Хадзем за мной, дзеці!
Яна прывяла іх у спальню і сказала:
— Цяпер памыйцеся і пераапраніцеся. Тут два новыя касцюмы, кашулі, панчохі — усё, што трэба. Гэта, уласна кажучы, для Гека... Не, не, Гек, не дзякуй: адзін купіла я, другі містэр Джонс, але яны падыходзяць вам абодвым. Апранайцеся-ж, а калі будзеце гатовы, прыходзьце ўніз,— мы вас чакаем.
Раздзел XXXIII
— Том,— сказаў Гек,— мы можам уцячы праз акно, калі толькі знайсці вяроўку; тут вокны невысока ад зямлі.
— Што за глупства? Навошта нам уцякаць?
— Ну, ведаеш, я не прывык бываць у такім натоўпе. Я гэтага цярпець не магу. Не пайду я туды, Том.
— Глупства, нічога! А мне дык усёроўна. Я ніколечкі не баюся. Я і аб табе паклапачуся.
На парозе з’явіўся Сід.
— Том, цёця чакала цябе ўвесь час пасля абеду. Дзе ты быў? Мэры падрыхтавала табе святочны гарнітур; усё непакоілася, дзе ты. Што гэта ў цябе на адзенні — сала, гліна?
— Містэр Сід, раю вам займацца ўласнымі справамі і не соваць нос у чужыя. Але што гэта яны выдумалі? дзеля чаго?
— Ды проста ўдава наладжвае ў сябе свята, як яна гэта часам робіць. На гэты раз яна дае вячэру ў гонар валійца і яго сыноў за тое, што яны выратавалі яе з бяды тады ўначы. І ведаеце, што я вам скажу,— калі толькі, вядома, вы хочаце?
— Ну, што такое?
— А вось, што: стары містэр Джонс збіраецца сёння нечым усіх здзівіць, але я падслухаў іхні сакрэт, калі ён сёння расказваў яго цётцы, і думаю, што цяпер ужо гэта ні для каго не сакрэт. Усе ведаюць, нават і ўдава, хоць яна і прытвараецца, што не ведае. Вядома, містэру Джонсу трэба было прывесці сюды Гека. Без Гека нічога і не вышла-б з яго сакрэта.
— Ды ў чым-жа сакрэт, Сід?
— А ў тым, што гэта Гек прасачыў разбойнікаў да дома ўдавы. Містэр Джонс думае, што ён зробіць усім вялікі сюрпрыз, а на справе нічога і не выйдзе.
Сід хіхікнуў, відаць, вельмі задаволены, што ў старога сюрпрыз не выйдзе.
— Сід, гэта ты ўсім расказаў?
— Ці не ўсёроўна, хто сказаў? Ведаюць — і ўсё.
— Сід, ва ўсім горадзе ёсць толькі адзін чалавек, які можа зрабіць такую подласць,— і гэта ты! Каб на месцы Гека быў ты, ты ўцёк-бы з гары і нікому не сказаў-бы пра разбойнікаў. Ты толькі і здольны на подласці і цярпець не можаш, калі перад табой каго-небудзь хваляць за добры ўчынак. Вось табе! А падзякі не трэба, як казала місіс Дуглас. — І Том выцягаў брата за вушы і выпхаў яго за дзверы. — Цяпер ідзі сабе! А калі паскардзішся цётцы, глядзі, заўтра яшчэ не тое будзе.
Праз некалькі мінут госці ўдавы ўжо сядзелі за сталом і вячэралі: дарослыя за галоўным сталом, а дзеці — побач, за маленькімі бакавымі столікамі, паводле звычаю таго часу і той мясцовасці. За апошняй стравай містэр Джонс сказаў маленькую прамову. Ён падзякваў удаву за гонар, зроблены яму і яго сынам, але ў той-жа час растлумачыў, што ўся заслуга належыць не ім, а трэцяй асобе, скромнасць якой і г. д. і г. д.