Містэр Джонс вельмі ўдала падрыхтаваў слухачоў да раскрыцця сакрэту ўдзелу Гека ва ўсёй гэтай справе, але цікавасць да яго расказу была значна зменшана папярэднім выкрыццём, і здзіўленне выявілася не так шумна, як гэта магло быць пры іншых умовах. Тым не менш місіс Дуглас прытварылася, нібы яна вельмі здзіўлена, і выказала Геку такія пахвалы і такую падзяку, што той бадай забыўся на сваё цёмнае становішча і на новае адзенне, якое перашкаджала яму.
Місіс Дуглас абвясціла, што яна парашыла ўзяць Гека да сябе ў дом і даць яму адукацыю, а потым памагчы яму знайсці сабе які-небудзь занятак.
Тут выступіў Том.
— Гек не мае патрэбы ў гэтым,— сказаў ён. — Гек сам багаты чалавек.
Каб усе госці не былі такога добрага выхавання, яны, безумоўна, сустрэлі-б дружным рогатам гэты наіўны жарт, але і маўчанне вышла досыць няёмкім, і Том паспяшаўся парушыць яго:
— У Гека ёсць свае грошы. Вы можаце не даваць мне веры, але ў яго ёсць куча грошай. Не смейцеся, калі ласка, я вам зараз пакажу. Пачакайце хвілінку!
Том выбег з пакою. Усе з недаўменнем і цікавасцю глядзелі адзін на аднаго і на Гека, але той маўчаў, як забіты.
— Сід, што такое з Томам? — спытала цёця Поллі — Ён... не, з гэтым хлопчыкам ніколі не ведаеш, чаго чакаць. Я за сваё жыццё...
Цёця Поллі не скончыла фразы, бо ўвайшоў Том, згінаючыся пад цяжарам двух мяшкоў. Ён высыпаў на стол кучу золата і ўрачыста ўсклікнуў:
— Во! Што я вам казаў? Палова ўсяго гэтага належыць Геку, а другая мне!
Убачыўшы столькі золата, гледачы затаілі дыханне. Некалькі хвілін ніхто не мог вымавіць ні слова, потым, вядома, усе патрабавалі тлумачэння. Том ахвотна даў яго. Расказ яго быў доўгі, але востра цікавы. Яго амаль не прыпынялі, каб не парушыць ачаравання. Калі ён скончыў, містэр Джонс сказаў:
— Я думаў, што падрыхтаваў для публікі маленькі сюрпрыз, але ў параўнанні з гэтым мой сюрпрыз нічога не варты. Гэта я сам скажу!
Палічылі грошы. Іх аказалася больш за дванаццаць тысяч далараў. Такой сумы адразу ніхто з прысутных і ў вочы не бачыў.
Раздзел XXXIV
Удача, якая трапіла на долю Тома і Гека, у такім глухім гарадку, як Пітэрсборо, зрабіла, вядома, вялізнае ўражанне. Такая вялікая сума грошай ды ўсё чыстым золатам гэта здавалася проста непраўдападобным. Пра знаходку гаварылі, перагаварвалі з захапленнем, а некаторыя абываталі ледзь не страцілі розум ад такога незвычайнага ўзбуджэння.
У Пітэрсборо і ваколічных вёсках ператрэслі ўсе дамы, дзе вадзілася «погань», уздзёрлі кожную дошку з падлогі, капаліся пад фундаментам, шукаючы скарбы,— і не хлопчыкі, а дарослыя мужчыны, да таго-ж людзі сур’ёзныя, паважныя, зусім не лятуценнікі.
Тома з Гекам песцілі, завіхаліся каля іх, дзівіліся на іх, куды-б яны ні з’явіліся. Хлопчыкі не маглі прыпомніць, каб калі-небудзь раней хто-небудзь звяртаў увагу на іхнія словы; цяперака-ж кожная іхняя заўвага паўтаралася ўсімі, як нешта каштоўнае; у кожным іхнім учынку бачылі нешта асаблівае, нібы яны ўжо страцілі здольнасць рабіць і казаць звычайныя рэчы; мала гэтага, нават у ранейшым іхнім жыцці вышуквалі словы і факты, якія-б дзівілі сваёй арыгінальнасцю. У мясцовай газеце надрукаваны былі біяграфіі абодвых хлопчыкаў.
Удава Дуглас палажыла ў банк грошы Гека, а суддзя Тэчэр, па просьбе цёці Поллі, зрабіў тое самае для Тома.
Суддзя Тэчэр адчуў вялікую павагу да Тома. Ён казаў, што звычайны хлопчык ніколі не здолеў-бы вывесці яго дачку з пячоры. Калі-ж Бэкі, пад сакрэтам, расказала бацьку, як Том даў сябе адлупцаваць замест яе ў школе, суддзя быў расчулены, і, калі яна пачала прасіць яго, каб ён не асуджаў Тома за ману, якую яму прышлося сказаць для таго, каб выратаваць яе з бяды і ўскласці гэтую бяду на ўласныя плечы,— суддзя ў захапленні абвясціў, што гэта была высокая, благародная, самаахвярная хлусня. Бэкі ніколі яшчэ не бачыла свайго бацьку такім велічным, як у тую мінуту, калі ён казаў гэта, шпарка шагаючы па пакоі і прытупваючы нагой. Яна зараз-жа пайшла і перадала ўсё Тому.
Суддзя Тэчэр спадзяваўся ўбачыць калі-небудзь Тома вялікім адвакатам ці вялікім палкаводцам. Ён казаў, што паклапаціцца аб тым, каб хлопчыка прынялі ў нацыянальную ваенную акадэмію, а потым, каб ён праслухаў курс у лепшай школе юрыдычных навук і такім чынам падрыхтаваўся да абодвух гэтых кар’ер.
Багацце, якое дасталося Гекльберы Фіну, і пратэктарства ўдавы Дуглас прывялі Гека ў грамадства, не — уцягнулі, уціснулі яго туды сілком, і яго пакуты перавышалі яго сілы. Служанкі ўдавы мылі яго і чысцілі яму адзенне, зачосвалі і прыгладжвалі яму валасы, на ноч укладвалі яго спаць у абсалютна чыстую пасцелю, дзе на прасціне і коўдры не было ніводнай бруднай плямкі, якую ён мог-бы шчыра прыціснуць да свайго сэрца; прымушалі яго есці нажом і вілкай з талерак і місак, карыстацца сарвэткай, вучыцца па кнізе, хадзіць у царкву, гаварыць так зграбна, што ў яго словы застравалі ў роце. Куды ні павярніся, усюды путы і кайданы скоўвалі яго па руках і па нагах, і бар’еры загараджвалі яму дарогу.