Выбрать главу

Таму, калі ў пакой, падскокваючы, прыбегла яго кузіна Мэры, прынесшая з сабой вясёлыя песні і сонца,— ён, пануры і хмуры, вышаў з дому. Ён бадзяўся воддалі ад таварышоў, шукаючы ціхага месца, такога-ж сумнага, як яго сэрца.

Раздзел IV

Раніца ў нядзелю была ціхая, ясная, сонца ярка ззяла. Пасля снедання Мэры падаравала Тому новенькі толькі што куплены ножык-складанчык, цаною ў дванаццаць з паловай цэнтаў [2], і Том аж зайшоўся ад захаплення. Ласка кузіны ўсхвалявала яго да глыбіні душы. Праўда, ножык быў «бяспечны» і ім нічога нельга было рэзаць, але Том усё-ж такі ўхітрыўся парэзаць ім буфет і падрыхтаваўся ўжо ўзяцца за пісьмовы стол,— як яго паклікалі адзявацца, каб ісці ў нядзельную школу.

Мэры падала яму бляшаны тазік з вадой і кавалак мыла. Ён вышаў за дзверы і паставіў тазік на лавачку, потым абмакнуў мыла ў ваду і палажыў яго на месца; тады закасаў рукавы, асцярожна выліў ваду на зямлю, увайшоў у кухню і пачаў старанна церці сабе твар рушніком, што вісеў за дзвярыма. Але Мэры адабрала ад яго рушнік, кажучы:

— Як табе не сорамна, Том! Не трэба быць такім брыдкім. Нічога табе не станецца, калі ты памыешся.

Том быў крыху засаромлены. Тазік зноў напоўнілі вадой. На гэты раз Том спачатку пастаяў над ім, нібы збіраючыся з духам, а потым глыбока ўздыхнуў і пачаў мыцца. Калі ён другі раз увайшоў у кухню і са сплюшчанымі вачмі пачаў мацаць рукамі рушнік, то вада і мыльная пена на яго твары усім сведчылі, што на гэты раз ён быў добрасумленны. Але тым не менш, калі ён вынырнуў з-пад рушніка, фізіяномія яго аказалася зусім нездавальняючай, бо чыстая мясціна, нібы маска, займала толькі частку твара — ад ілба да падбародка; вышэй і ніжэй ад гэтага ўчастку заставалася вялікая неабваднёная тэрыторыя, якая наверсе падымалася на лоб, а ўнізе цёмнай паласой ляжала вакол шыі.

Тады Мэры сама ўзялася за яго, і толькі пасля гэтага Том зрабіўся малайцом, з якім не сорамна паказацца на вуліцы: валасы яго былі прычэсаныя і змазаныя памадай, а кароценькія кудзеркі размешчаны прыгожа і сіметрычна. Сам-жа ён толькі старанна прыгладжваў свае валасы і пнуўся прыціснуць іх так, каб яны ляжалі на галаве зусім гладка: ён лічыў, што кучаравасць робіць яго падобным на дзяўчынку. Потым Мэры дастала яго святочны касцюм, які вось ужо два гады надзяваўся толькі па нядзелях. Калі ён адзеўся, кузіна «паправіла» яго, зашпіліла куртку на ўсе гузікі, адгарнула на плечы шырокі каўнер сарочкі, пачысціла адзенне шчоткай і, нарэшце, надзела яму на галаву саламяны капялюш.

Усё гэта вельмі ўпрыгожыла яго выгляд, але сам ён сароміўся і адчуваў сябе неяк няёмка: не прызвычаіўся ён бачыць сябе памытым і чыстым,— гэта перашкаджала яму. Ён спадзяваўся, што Мэры забудзецца на боты, але надзея гэта была дарэмная: Мэры вымазала іх, як водзіцца, жырам і прынесла яму, каб ён надзеў. Тут ён не сцярпеў і пачаў скардзіцца, што яго заўсёды прымушаюць рабіць тое, чаго ён не хоча рабіць. Але Мэры пераканаўча сказала:

— Ну, калі ласка, Том,— не будзь-жа дурны!

І ён, бармочучы, нацягнуў на ногі боты. Мэры таксама хутка ўбралася, і ўсе трое адправіліся ў нядзельную школу, якую Том ненавідзеў усім сэрцам, а Сід і Мэры любілі.

Заняткі ў школе адбываліся ад дзевяці да паловы адзінаццатай; потым пачыналася царкоўная служба. Мэры і Сід заўсёды добраахвотна заставаліся паслухаць пропаведзь пастара, а Том заставаўся супроць волі.

вернуться

2

Цэнт — каля двух капеек.