Выбрать главу
***

Каля паловы адзінаццатага зазваніў шчарбаты звон маленькай царквы, і зараз-жа пачаў збірацца народ да ранішняй пропаведзі. Вучні нядзельнай школы размясціліся па розных кутах царквы, сядаючы каля сваіх бацькоў, каб увесь час быць пад наглядам. Побач з цёцяй Поллі паселі Том, Сід і Мэры; пры гэтым Тома пасадзілі падалей ад расчыненага акна — ад спакуслівых летніх відаў і сцэнак.

Царква патроху напаўнялася. Прышоў паджылы бядняк-поштмэйстэр, які раней бачыў лепшыя дні; прышоў гарадскі галава са сваёй жонкай — у ліку іншых бескарысных рэчаў у гарадку быў і гарадскі галава — і міравы суддзя, і ўдава Дуглас, прыгожая, прыбраная жанчына гадоў пад сорак, добрая, шчодрая і лагодная. Яе дом на ўзгорку быў не дом, а палац, адзіны палац у гарадку; да таго-ж гэта быў гасцінны палац, дзе наладжваліся самыя раскошныя святкаванні. Прышоў адвакат Рыверсон, новы арыстакрат з ваколіцы; з’явілася мясцовая красуня; нарэшце, апошнім прышоў узорны хлопчык Віллі Макферсон, які ахоўваў сваю маці так старанна, нібы яна была шкляная. Ён заўсёды прыводзіў з сабою ў царкву сваю маці, і ўсе мамы ставілі яго ў прыклад сваім сынам. А хлопчыкі — усе да апошняга ненавідзелі яго за тое, што ён такі добры, а галоўнае за тое, што яго ўзорнасцю заўсёды ім «тыкаюць у нос». З кішэні яго, нібы выпадкова, вытыркаўся кончык насавой хустачкі. У Тома насавой хустачкі не было, і тых хлопчыкаў, якія мелі гэтую прыналежнасць туалета, ён лічыў фарсунамі.

Узорны хлопчык.

Пастар пачаў з гімна, які ён прачытаў з завываннем, улюбёным у тутэйшых месцах. Ён пачынаў на сярэдніх нотах, і, паступова падвышаючы голас, даходзіў да высокіх, рабіў націск на перадапошнім слове і раптам, нібы ныраючы, спускаў тон:

Няўжо-ж на ложку з кветак я буду                                      адпачываць, Калі мой блізкі прызначаны змагацца                                      пакутваць!

У часе малітвы ўвагу Тома прыцягнула муха, якая села на спінку лаўкі перад ім. Гэтая муха нібы здзеквалася з яго: яна так спакойна церла адну аб адну свае маленькія лапкі, ахапляла імі галаву і паліравала яе так старанна, што галава, здаецца, аддзялялася ад цела і відаць была тоненькая нітачка шыі; потым заднімі ножкамі яна чысціла і скрэбла крылкі і разгладжвала іх, нібы складкі фрака, каб яны ямчэй ахаплялі цела; і ўвесь свой туалет яна рабіла не спяшаючыся, спакойна і ўпэўнена, нібы ведала, што ёй нішто не пагражае, бо Том, хоць яму і свярбелі рукі цапнуць муху,— не адважыўся гэта зрабіць у часе малітвы. Але як толькі пастар дайшоў да апошніх заключных слоў, рука Тома сама выгнулася наперад; калі-ж пачулася «аман»,— муха была ўжо злоўленая. Але цётка ўбачыла гэты манеўр і прымусіла Тома выпусціць муху.

Пастар скончыў малітвы і аднастайным гамзатым голасам пачаў пропаведзь, да таго нудную, што хутка многія ўжо дзюбалі носам, не гледзячы на тое, што прапаведнік пагражаў грэшнікам кіпучай серай і смалой, а лік абраных, якім прызначана вечнае шчасце, даводзіў да такой маленькай лічбы, што выходзіла: такую жменьку праведнікаў не варта было і ратаваць.

Пакуты Тома аднавіліся. Раптам ён успомніў, што ў яго ў кішэні ляжыць вялікі скарб, і паспяшаўся дастаць яго. Гэта быў вялікі чорны жук з моцнымі сківіцамі — жук «кусака», як называў яго Том. Жук быў схаваны ў каробачку ад пістонаў. Калі Том адчыніў каробачку, жук у першую чаргу ўкусіў яго за палец. Зразумела, хлопчык пстрычкай адкінуў яго прэч, а пакусаны палец засунуў у рот. Жук упаў на спіну і бездапаможна круціўся, спрабуючы перавярнуцца. Том глядзеў на яго і прагнуў атрымаць яго назад, але ён ляжаў далей, як можна было дастаць. Затое ён паслужыў забавай для многіх з тых, хто не паспеў зацікавіцца пропаведдзю і сачыў цяпер за намаганнямі жука стаць на лапкі.

Але вось у царкву выпадкова забраўся пудэль, журботны, стомлены летняй гарачынёй і цішынёй; знудзіўшыся сядзець дома, ён шукаў забаў і новых уражанняў. Калі ён убачыў жука, яго панура апушчаны хвост адразу падняўся і завіляў. Ён доўга вывучаў здабычу, хадзіў вакол яе, здалёк абнюхваў; потым асмеліўся, падышоў бліжэй; потым разявіў рот, хацеў схапіць жука — і не патрапіў; паўтарыў спробу, яшчэ і яшчэ; відаць, гэта яму спадабалася; ён лёг на жывот, так што жук прышоўся яму між лап, і зноў пачаў рабіць свае спробы. Нарэшце гэта яму абрыдала, ён супакоіўся, забыўся на жука і нават пачаў драмаць; галава паступова апусцілася, і падбародак дакрануўся да ворага, які зараз-жа ўкусіў яго. Пудэль візгнуў, матнуў галавой, і жук адляцеў ад яго на два крокі і зноў паваліўся на спіну.