Тыя, хто сядзеў бліжэй і бачыў усё гэта,— аж трэсліся ад стрыманага смеху; некаторыя схавалі свае твары за веярамі і насавымі хусткамі, і Том быў зусім шчаслівы.
У пудэля быў дурны выгляд,— відаць, ён і сам адчуваў, што застаўся дурнем, але ў той-жа час яго сабачае сэрца карцела ад крыўды і жадання помсты. Таму ён падышоў да жука і асцярожна распачаў атаку: наскокваў на жука з усіх бакоў, ледзь не кранаючы ворага пярэднімі лапамі, ляскаў на яго зубамі і матаў галавой так, што пляскалі вушы. Але ўрэшце гэта яму зноў абрыдала; ён паспрабаваў-быў пагуляць з мухай, але гэта не здалося яму досыць цікавым; пасачыў за мурашкай, прыціскаючы нос да самай падлогі, але і тут хутка знудзіўся, пазяхнуў, уздыхнуў і — зусім забыўшыся на жука — усеўся на яго...
Што тут адбылося! Пудэль дзіка заскавытаў і пачаў кідацца па царкве; перад самым алтаром перабег на другі бок, стралой панёсся да дзвярэй, ад дзвярэй — назад, не спыняючы брахаць і скуголіць, бо жук уеўся яму ў жывот і не разнімаў свае сківіцы; чым больш сабака кідаўся, тым мацней быў боль, і нарэшце пудэль ператварыўся ў нейкую лахматую камету, якая круцілася па сваёй арбіце з неймавернай хуткасцю. Скончылася тым, што ашалелы пудэль кінуўся ўбок і ўскочыў на калены свайму гаспадару, а той выкінуў яго праз акно.
Усе сядзелі чырвоныя, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць голасна. Нават прапаведнік збіўся з панталыку і хаця зараз-жа аднавіў сваю прамову, але цяпер гаварыў ужо нягладка, запінаючыся, адчуваючы, што ўсёроўна шансы на поспех страчаны, бо нават на самыя сур’ёзныя яго фразы слухачы, хаваючыся за спінкамі лавак, адгукаліся толькі прыдушанымі выгукамі самай паганай вясёласці, нібы прапаведнік сказаў нешта надзвычайна забаўнае.
Усе ўздыхнулі з палягчэннем, калі гэтая пакута скончылася, і пастар сказаў «аман».
Том Соўэр ішоў дадому вясёлы, кажучы сабе, што і царкоўная служба часам можа быць не надта ўжо нуднай, калі толькі ўнесці ў яе некаторую рознастайнасць. Адно толькі псавала яго радасць: ён нічога не меў супроць таго, каб пудэль пагуляў з яго жуком,— але навошта-ж было зусім забіраць яго? Гэта ўжо нядобрасумленна.
Раздзел V
У панядзелак Том Соўэр прачнуўся зусім няшчасным. З ім заўсёды так было па панядзелках, бо гэтым днём пачынаўся тыдзень новых пакут у школе. Ён нават шкадаваў, што ўчора было свята, бо пасля волі зварот у няволю быў яшчэ цяжэйшым.
Том ляжаў і думаў. Раптам ён адчуў, што хоча захварэць, каб застацца дома і не хадзіць у школу. Сапраўды, ці нельга на што-небудзь захварэць? Ён даследваў сябе,— нідзе не баліць. Памацаў сябе яшчэ раз. На гэты раз яму здалося, нібы ў яго пачынае калоць у жываце, і ён узрадаваўся, спадзяючыся, што боль узмацніцца. Але боль, наадварот, пачаў сцішацца і паступова зусім знік.
Том зноў пачаў меркаваць і раптам успомніў, што ў яго хістаецца зуб. Гэта было вельмі дарэчы; ён ужо збіраўся «завыць як сабака», але раптам яму прышло ў галаву, што калі ён скажа пра зуб, то цётка возьме ды і вырве яму зуб,— а гэта балюча. Таму ён парашыў, што зуб лепш пакінуць на запас і пашукаць чаго-небудзь іншага.
Некаторы час нічога не знаходзілася. Потым ён успомніў, як доктар расказваў пра адну хваробу, якая палажыла хворага ў ложак на тры тыдні ды яшчэ пагражала стратай пальца. Хлопчык паспешна выцягнуў з-пад коўдры вялікі палец і пачаў яго аглядаць. Але ён не ведаў, якія адзнакі гэтай хваробы. У кожным разе паспрабаваць варта было-б, і ён пачаў енчыць.
Але Сід спаў.
Том застагнаў яшчэ больш, і яму здалося, што палец у яго сапраўды баліць.
Сід не адгукаўся.
Том нават запыхаўся ад намаганняў. Ён адпачыў крыху, набраў паветра ў лёгкія і выпусціў некалькі дасканалых енкаў.
Сід толькі хроп.
Гэта злавала Тома. Ён паклікаў: «Сід! Сід!» і тузануў брата за плячо. Гэта падзейнічала, і Том зноў застагнаў. Сід пазяхнуў, пацягнуўся, прыпадняўся на лакцю, засоп і ўтаропіўся на Тома. Той усё енчыў. Сід гукнуў яго:
— Том! Слухай, Том!
Адказу не было.
— Ты чуеш, Том? Том, што з табой?
І Сід у сваю чаргу тузануў брата. трывожна ўглядаючыся яму ў твар.
Том жаласна прастагнаў:
— Пакінь, Сід, не чапай мяне!
— Ды што з табой, Том? Я паклікаю цёцю.
— Не, не трэба. Можа гэта пройдзе. Нікога не клікай. Не трэба.
— Ну вось яшчэ! Вядома, паклікаю. Ды не стагні ты так! Гэта-ж жах! Даўно гэта з табой?