– Вярніце гэтаму чалавек яго вопратку і перадайце яго ў трэцяе аддзяленне на першы калідор. Потым адзін з вас няхай вернецца і аднясе ўсе дакументы на яго ў канцылярыю. Ды скажыце там, каб вырашалі хутчэй, каб ён доўга на карку ў нас не сядзеў.
Лекары яшчэ раз кінулі пагардлівы позірк на Швейка, які, ветліва кланяючыся, пачціва адступаў да дзвярэй. На пытанне аднаго з санітараў, што ён тут дурня строіць, Швейк адказаў:
– Я ж не апрануты, зусім голы, дык і не хачу паказваць панам тое, што прымусіла б іх думаць, быццам я грубіян або нахабнік.
З той хвіліны, як санітары атрымалі загад вярнуць Швейку яго адзенне, яны ўжо не звярталі на яго ніякай увагі, загадалі яму апрануцца, і адзін з іх адвёў яго ў трэцяе аддзяленне. Там Швейка пратрымалі некалькі дзён, і пакуль канцылярыя афармляла яго выпіску з вар’яцкага дома, ён меў магчымасць праводзіць свае назіранні. Расчараваныя лекары далі яму такое вызначэнне: «Прыдуркаваты сімулянт».
З той прычыны, што Швейка выпісалі з бальніцы перад абедам, не абышлося без малой звадкі. Швейк заявіў, што ўжо калі яго выкідваюць з вар’ятні, то не маюць права пазбаўляць абеду.
Канец звадцы паклаў выкліканы брамнікам паліцэйскі, які адвёў Швейка ў паліцэйскі камісарыят на Салмавай вуліцы.
Раздзел V. Швейк у паліцэйскім камісарыяце на Салмавай вуліцы
Пасля цудоўных прамяністых дзён у вар’ятні да Швейка прыйшлі ліхія часіны, поўныя нягод і праследаванняў. Паліцэйскі інспектар Браўн абставіў сцэну спаткання са Швейкам у суровым стылі рымскіх намеснікаў эпохі любага яму імператара Нерона. I гэтак жа люта, як у свой час намеснікі вымаўлялі: «Кіньце гэтага шэльму хрысціяніна львам!» – інспектар Браўн сказаў:
– За краты яго!
Ні слоўка болей, ні слоўка меней. Толькі вочы пана паліцэйскага інспектара Браўна заззялі ад асаблівай, ненармальнай насалоды. Швейк пакланіўся і з годнасцю сказаў:
– Да вашых паслуг, панове. Я лічу, што «краты» гэта тое ж, што і «адзіночка», а гэта не так ужо і кепска.
– Ну, у нас тут не надта раскашуешся, – ухмыльнуўся паліцэйскі інспектар, на што Швейк адказаў:
– Я чалавек сціплы і заўсёды буду ўдзячны за тое, што вы для мяне робіце.
У ізалятары на нарах сядзеў нейкі задуменны чалавек. Па яго апатычным поглядзе было відаць, што яму не верыцца, быццам дзверы адчынялі для таго, каб выпусціць яго на волю.
– Маё шанаванне, васпане, – сказаў Швейк, сядаючы да яго на нары. – Не скажаце, колькі зараз часу?
– Мяне гэта не абыходзіць, – вымавіў задуменны чалавек.
– А тут не так ужо блага, – паспрабаваў завязаць размову Швейк. – Нары з габляванага дрэва.
Сур’ёзны пан не адказаў, устаў і пачаў хутка хадзіць у вузкім катушку паміж дзвярыма і нарамі, нібы спяшаўся нешта ўратаваць.
Тым часам Швейк з цікавасцю разглядаў надпісы, выдрапаныя на сценах. Адзін з іх належаў невядомаму вязню, які перад богам і людзьмі даў зарок змагацца з паліцыяй не на жыццё, а на смерць. Тэкст абвяшчаў: «Вы заплаціце за ўсё!» Другі арыштант пісаў: «Ідзіце вы да д’ябла, пеўні!»* Трэці проста канстатаваў факт: «Тут сядзеў 5 чэрвеня 1913 года, са мной абыходзіліся слушна. Ёзаф Марачак, гандляр з Вршовіц». А быў і надпіс, які ўзрушваў сваёй глыбінёй: «Злітуйся, вялікі божа!»
A пад гэтым: «Пацалуйце мяне ў с…»
Літара «с» аднак была закрэслена, а збоку вялікімі літарамі напісана «СКЛАДКУ». Побач нейкая паэтычная душа прыпісала верш:
Пан, які бегаў ад дзвярэй да нараў, быццам спаборнічаў у марафонскім забегу, нарэшце, задыхаўшыся, спыніўся, сеў на ранейшае месца і, абхапіўшы галаву рукамі, раптам загаласіў:
– Пусціце мяне адсюль!.. Не, яны мяне не пусцяць, – сказаў ён сам сабе, – не, не пусцяць. Я тут ужо з ранку, з шасці гадзін.
На яго раптам напала ахвота гаварыць. Ён падняўся са свайго месца і звярнуўся да Швейка:
– Ці няма ў вас выпадкам дзягі, каб скончыць усё гэта назаўжды?
– З вялікай прыемнасцю магу вам паслужыць, – адказаў Швейк, адпінаючы дзягу. – Я яшчэ ніколі не бачыў, як вешаюцца ў адзіночцы на рамяні… Толькі адно мне прыкра, – працягваў ён, агледзеўшыся наўкола, – што тут няма ніводнага крука. Аконная ручка вас не вытрымае. Хіба што павесіцеся на нарах, укленчыўшы, як гэта зрабіў манах з Эмаўзскага кляштара, павесіўшыся на распяцці з-за маладой яўрэйкі. Я самазабойцаў вельмі люблю, так што з богам…
Пануры пан, якому Швейк сунуў дзягу ў руку, паглядзеў на гэтую дзягу, адкінуў яе ў кут і заплакаў, размазваючы бруднымі рукамі слёзы па твары і лямантуючы: