– Прапашчы я чалавек! – загаласіў кампаньён Швейка. – Ляснула маё павышэнне!
– Гэта як піць даць, – ахвотна пагадзіўся Швейк. – Калі вас пасля вязніцы назад на службу не прымуць, не ведаю, як хутка знойдзеце вы іншае месца, таму што ўсюды, нават калі б вы захацелі працаваць у скуралупа, запатрабуюць ад вас даведку аб добрых паводзінах. Так-так, хвіліны асалоды, якія вы сабе дазволілі, будуць вам дорага каштаваць. А з чаго будзе жыць ваша жонка з дзеткамі, пакуль вы будзеце сядзець? Ці, можа, ёй давядзецца пайсці з торбай па свеце і вучыць дзетак рознай распусце?
Пачуўся ўсхліп:
– Бедныя мае дзеткі! Бедная мая жонка! Грэшнік, які стаў на шлях пакаяння, устаў і разгаварыўся аб сваіх дзетках: у яго іх пяцёра, самаму старэйшаму дванаццаць гадоў, ён у скаўтах, п’е толькі ваду і мог бы служыць прыкладам свайму бацьку, які праштрафіўся ўпершыню ў жыцці.
– Ён, значыцца, у скаўтах, – усклікнуў Швейк. – Люблю слухаць пра скаўтаў. Аднойчы ў Мыдлаварах, каля Злівы, у раёне Глубокай, акруга Чэшскія Будзеёвіцы, якраз калі наш Дзевяноста першы полк быў там на вучэннях, сяляне з навакольных вёсак наладзілі аблаву на скаўтаў, якіх занадта многа развялося ў грамадскім лесе. Трох схапілі. I калі вязалі найменшага з іх, ён так скавытаў і плакаў, што мы, загартаваныя салдаты, не маглі без жалю на яго глядзець і палічылі за лепшае адысціся ўбок. Пакуль гэтых скаўтаў вязалі, яны пакусалі васьмярых сялян. Потым у старасты пад бізунамі яны прызналіся, што ва ўсёй акрузе няма таго лугу, які б яны не вытапталі, выграваючыся на сонцы. I заадно прызналіся ў тым, што каля Ражыц якраз перад жнівом чыста выпадкова згарэла паласа жыта, калі яны ў тым жыце пяклі на ражне сарну, да якой з нажом падкраліся ў грамадскім лесе. Потым на іх лежбішчы ў лесе знайшлі болей за паўцэнтнера абгрызеных касцей рознай хатняй птушкі і лясных звяроў, вялікае мноства вішнёвых костачак, безліч агрызкаў недаспелых яблыкаў і ўсялякага іншага дабра.
Аднак няшчасны бацька скаўта ўсё ж не мог супакоіцца.
– Што я нарабіў! – бедаваў ён. – Загубіў сваю рэпутацыю назаўсёды!
– Што і казаць, – пацвердзіў Швейк з уласцівай яму шчырасцю. – Пасля таго, што здарылася, ваша рэпутацыя загублена на ўсё жыццё, бо калі пра гэты выпадак будуць чытаць у газетах вашы знаёмыя, то, будзьце ўпэўнены, што сеё-тое яны яшчэ і дададуць ад сябе. Так яно ўжо вядзецца, так што вы не звяртайце на гэта ўвагі. Людзей з падмочанай ці загубленай рэпутацыяй на свеце, бадай, разоў у дзесяць болей, чым тых, хто з чыстым сумленнем. Гэта мізэрная дробязь.
Тут на калідоры пачуліся грузныя крокі, загрымеў у замку ключ, расчыніліся дзверы, паліцэйскі выклікаў Швейка.
– Прабачце, – па-рыцарску нагадаў Швейк, – я тут толькі з дванаццаці гадзін дня, а гэты пан яшчэ з шасці гадзін раніцы. Я не вельмі каб спяшаўся.
Замест адказу моцная рука паліцэйскага выцягнула яго ў калідор, і Швейк моўчкі паплёўся па лесвіцы на другі паверх. У пакоі за сталом сядзеў тоўсты паліцэйскі камісар з бадзёрым выразам на твары. Ён звярнуўся да Швейка:
– Дык вы, значыцца, і ёсць той Швейк? Як вы сюды трапілі?
– Самым звычайным спосабам, – адказаў Швейк. – Я прыйшоў сюды ў суправаджэнні паліцэйскага, бо не мог дазволіць, каб мяне выгналі з вар’ятні без абеду. Я ім не шлюха з вуліцы.
– Ведаеце што, Швейк? – ласкава сказаў камісар. – Навошта нам тут, на Салмавай вуліцы, з вамі спрачацца? Ці не было б лепей, калі б мы вас накіравалі ў паліцэйскую ўправу?
– Вы, як гаворыцца, гаспадар сітуацыі, – задаволена сказаў Швейк. – А прайсціся ўвечары да паліцэйскай управы – гэта невялікая, але надта прыемная прагулка.
– Ну, я рады, што мы з вамі пагадзіліся, – весела падсумаваў паліцэйскі камісар. – Заўсёды лепей дамовіцца, ці не так, Швейк?
– Я таксама заўсёды вельмі ахвотна раюся з людзьмі, – падхапіў Швейк. – Паверце, пан камісар, я ніколі не забуду вашае ласкі.
Пачціва пакланіўшыся, ён спусціўся з паліцэйскім уніз, у стражніцу, і праз чвэрць гадзіны яго ўжо можна было бачыць на рагу Бчнай вуліцы і Карлавай плошчы ў суправаджэнні другога паліцэйскага, які прыціскаў пад пахай даволі тоўстую кнігу з нямецкім надпісам: «Arestantenbuch».
Ha рагу Спаленай вуліцы Швейк з яго канваірам натрапілі на гурт людзей, якія тоўпіліся перад расклеенай аб’явай.