Увечары прыйшоў да ix у адведкі набожны фельдкурат, той самы, які ранкам хацеў таксама служыць палявую імшу. Гэта быў фанатык, які імкнуўся кожнага чалавека наблізіць да бога. Яшчэ будучы выкладчыкам закона божага, ён развіваў рэлігійныя пачуцці ў дзяцей з дапамогай аплявух, і газеты часам пісалі пра яго нататкі з загалоўкамі накшталт: «Жорсткі законавучыцель» або «Законавучыцель, які раздае аплявухі». Але ён быў перакананы, што дзіця найлепей засвоіць катэхізіс толькі паводле сістэмы лупцоўкі розгамі. Набожны фельдкурат накульгваў на адну нагу – вынік сустрэчы з бацькам аднаго з вучняў. Законавучыцель надаваў аплявух яго сыну за тое, што шкаляр усумніўся ў існаванні святой тройцы. I атрымаў тры аплявухі, адну – за бога-айца, другую – за бога-сына і трэцюю – за святога духа. Сёння былы настаўнік закона божага прыйшоў наставіць свайго калегу Каца на правільны шлях. Ён пачаў з таго, што сказаў яму:
– Дзіўна, што я не бачу ў вас распяцця. Дзе вы моліцеся і дзе ваш малітоўнік?
Кац усміхнуўся.
– Малітоўнік у мяне на кухні. Швейк! Прынясіце яго сюды і адгарніце на трэцяй старонцы.
Швейк пайшоў на кухню, і адтуль пачулася – адно за адным – трохразовае бахканне – гэта ён адкаркоўваў бутэлькі.
Набожны фельдкурат быў ашаломлены, калі на стале з’явіліся тры бутэлькі.
– Гэта лёгкае царкоўнае віно, пане калега, – сказаў Кац. – Рыслінг, вельмі добрай якасці. На смак нагадвае мозельскае.
– Я ніць не буду, – упарта заявіў набожны фельдкурат. – Я прыйшоў абудзіць у вашай душы высокія пачуцці.
– Дык у вас жа, пане калега, перасохне ў горле, – сказаў Кац. – Выпіце, а я паслухаю. Я чалавек надта памяркоўны, магу выслухаць і чужыя погляды.
Набожны фельдкурат крыху адпіў і вытарашчыў вочы.
– Чартоўскі добрае віно, пане калега, ці не праўда? – спытаў Кац.
Фанатык цвёрда заявіў:
– Я заўважаю, што вы брыдка гаворыце.
– Прывычка, – адказаў Кац. – Часам нават лаўлю сябе на блюзнерстве. Швейк, наліце пану фельдкурату. Mary вас запэўніць, што лаюся таксама ў бога, у крыж, у неба і прычасце. Паслужыце ў войску столькі, як я, і вы насабачыцеся. Гэта зусім няцяжка, і нам, духоўным, усё надта блізка: неба, бог, крыж, прычасце. I гучыць прыгожа, і з прафесіяй звязана, праўда? Піце, пан калега!
Былы законавучыцель машынальна выпіў. Відаць было, што ён хоча нешта сказаць, але не можа – збіраецца з думкамі.
– Піце, пане калега, – працягваў Кац, – вышэй галаву, не сядзіце такі сумны, быццам праз пяць хвілін вас павінны павесіць. Піце, калега! Швейк, наліце пану фельдкурату каньяку, мне здаецца, што яму нядобра.
Ачуўшыся, набожны фельдкурат зашаптаў:
– Набажэнства – гэта разумовае разважанне… Хто не верыць у існаванне святой тройцы…
– Швейк, – перапыніў яго Кац, – наліце пану фельдкурату яшчэ чарку каньяку, хай ён апамятаецца. Раскажыце яму што-небудзь, Швейк.
– У Влашыме, асмелюся далажыць, паяе фельдкурат, – сказаў Швейк, – быў адзін святар. Калі яго былая эканомка ўцякла разам з сынком і грашыма, ён наняў сабе другую служанку. А гэты святар на старасці гадоў узяўся за вывучэнне святога Аўгусціна, якога прылічаюць да святых айцоў царквы, і дачытаўся да таго, што той, хто верыць у антыподаў, павінен быць пракляты. Паклікаў ён сваю служанку і кажа ёй: «Паслухайце, вы мне неяк сказалі, што ваш сын – слесар па рамонту машын, і што ён выехаў у Аўстралію. Значыцца, ён стаў антыподам, а святы Аўгусцін загадвае кожнага, хто верыць у антыподаў, праклясці. «Ойча, – узмалілася жанчына, – ды мой жа сын пасылае мне з Аўстраліі лісты і грошы». «Гэта насланнё д’ябла, – гаворыць на гэта пан святар. – Паводле святога Аўгусціна ніякай Аўстраліі не існуе. Гэта вас антыхрыст збівае з панталыку». У нядзелю ён яе на людзях пракляў і крычаў, што ніякай Аўстраліі не існуе. Так яго з касцёла і адвезлі ў вар’ятню. Туды шмат каму не пашкодзіла б. У манастыры урсулінак ёсць бутэлечка з малаком Панны Марыі, якім яна карміла Ісусіка, а ў сірацінцы пад Бенешавам, калі туды прывезлі святую лурдскую* ваду, тых сіротак прахапіў такі панос, што свет не бачыў.