– Гэта маніфест пана імператара пра аб’яўленне вайны, – сказаў паліцэйскі Швейку.
– Я гэта прадказваў, – сказаў Швейк. – Але ў вар’ятні пра гэта яшчэ не ведаюць, хаця маглі б ведаць з першакрыніц.
– Што вы хочаце гэтым сказаць? – спытаў паліцэйскі Швейка.
– Там жа сядзіць шмат паноў афіцэраў, – растлумачыў Швейк, а калі яны падышлі да новага гурту, які таксама ціснуўся да маніфеста, Швейк крыкнуў:
– Імператару Францу-Іосіфу слава! Вайну мы выйграем!
Нехта з натхнёнага натоўпу адным ударам збіў яму кацялок на вушы, і ў такім выглядзе на вачах у вялікай грамады людзей удалы салдат Швейк зноў пабрыў у браму паліцэйскай управы.
– Гэтую вайну мы абавязкова выйграем, я паўтараю гэта яшчэ раз, панове, – з гэтымі словамі Швейк развітаўся з натоўпам, які яшчэ крыху правёў яго.
Некалі, у далёкія ад нас часы, да Еўропы даляцела неабвержнае выслоўе аб тым, што заўтрашні дзень разбурыць самыя смелыя планы сённяшняга дня.
Раздзел VI. Прарваўшы зачараванае кола, Швейк вяртаецца дадому
Ад будовы паліцэйскай управы патыхала духам чужой народу ўлады. Яна прыдзірліва сачыла за тым, наколькі захоплена ставіцца насельніцтва да аб’яўлення вайны. За выключэннем некалькіх чалавек, якія не адракліся ад свайго народа, вымушанага сыходзіць крывёю за абсалютна чужыя яму інтарэсы, паліцэйская ўправа ўяўляла сабой маляўнічае зборышча бюракратаў-драпежнікаў, што не ашчаджалі турмаў і шыбеніц у імкненні апраўдаць існаванне мудрагелістых параграфаў. Пры гэтым драпежныя бюракраты абыходзіліся са сваімі ахвярамі са з’едлівай ветлівасцю, загадзя ўзважваючы кожнае сваё слова.
– Мне вельмі шкада, – сказаў адзін з гэтых чорнажоўтых драпежнікаў, калі да яго прывялі Швейка, – што вы зноў трапілі ў нашы рукі. Мы думалі, што вы выправіцеся, але мы памыліліся.
Швейк моўчкі ківаў галавой, зрабіўшы пры гэтым такі наіўны выгляд, што чорнажоўты драпежнік* дапытліва ўгледзеўся ў яго і рэзка кінуў:
– Не прыкідвайцеся дурнем!
Аднак тут жа перайшоў на ласкавейшы тон:
– Нам, сапраўды, вельмі непрыемна трымаць вас у турме. Але, на маю думку, ваша віна не такая ўжо страшная, бо пры вашым невялікім розуме не сумняваемся, што вас падбухторылі. Скажыце мне, пан Швейк, хто іменна вас падгаварыў на такую дурасць?
Швейк пракашляўся і адказаў:
– Прабачце, але ні пра якую дурасць я не ведаю.
– А хіба ж гэта не дурасць, пане Швейк, – узяў драпежнік штучна-бацькоўскі тон, – калі вы, паводле сведчання паліцэйскага, які прывёў вас сюды, сабралі натоўп перад наклееным на рагу маніфестам аб вайне і распальвалі яго выкрыкамі: «Няхай жыве імператар Франц-Іосіф! Гэтую вайну мы выйграем!»
– Я не мог больш бяздзейнічаць, – заявіў Швейк, упіраючы свае добрыя вочы ў зрэнкі інквізітара. – Я расхваляваўся, убачыўшы, што ўсе чытаюць гэты маніфест аб вайне і не праяўляюць ніякай радасці. Ніякіх табе воклічаў, ніякіх «ура», увогуле нічога, пан саветнік. Быццам бы іх гэта зусім не датычыць. I тут я, стары салдат Дзевяноста першага палка, не змог на гэта спакойна глядзець і выкрыкнуў тыя словы. Калі б вы былі на маім месцы, то, на маю думку, зрабілі б тое самае. Калі ўжо аб’яўлена вайна, дык мы павінны яе выйграць і павінны ўзносіць славу пану імператару. Ніхто не пераканае мяне ў адваротным.
Спляжаны Швейкам чорнажоўты драпежнік не вынес яго погляду бязвіннага ягняці і, апусціўшы вочы ў свае паперы, вымавіў:
– Я цалкам зразумеў бы ваш запал, калі б ён быў праяўлены пры іншых акалічнасцях. Вы самі добра ведаеце, што вас вёў паліцэйскі, так што ваш патрыятызм мог і нават павінен быў успрымацца публікай не ўсур’ёз, а хутчэй з іроніяй.
– Ісці пад канвоем паліцэйскага, – адказаў Швейк, – гэта цяжкі момант у жыцці кожнага чалавека. Але калі чалавек нават у гэты момант не забывае, што належыць рабіць у часвайны, то гэты чалавек не такі ўжо благі.
Чорнажоўты драпежнік нешта прабурчаў і яшчэ раз паглядзеў Швейку проста ў вочы. Швейк адказаў сваім чыстым, мяккім, сціплым і пяшчотным поглядам. З хвіліну яны пільна ўзіраліся адзін у аднаго.
– Каб вас чорт узяў! – прамармытала нарэшце чыноўніцкая морда, – калі вы яшчэ хоць раз трапіце сюды, то я ўвогуле ні пра што пытаць не буду, а тут жа адпраўлю вас у вайсковы суд у Градчаны*. Зразумелі?
I перш чым ён пачаў лаяцца, Швейк падскочыў да яго, пацалаваў у руку і сказаў:
– Няхай вам пан бог аддзячыць за ласку! Калі вам калі-небудзь спатрэбіцца чыстакроўны сабачка, зрабіце ласку, звярніцеся да мяне. Я гандлюю сабакамі.
Так Швейк зноў апынуўся на волі. Па дарозе дамоў ён разважаў аб тым, ці не зайсці яму спачатку ў піўную «Ля келіха», і ўрэшце адчыніў тыя ж дзверы, з якіх не так даўно выйшаў у суправаджэнні дэтэктыва Брэтшяайдэра.