Вылупіўшы вочы, Балоўн падаў каву надпаручніку Лукашу, і тут яму ў галаву прыйшла думка, што надпаручнік па яго вачах бачыць, як ён пагаспадарыў з яго кансервамі.
– Я затрымаўся, – пачаў ён, заікаючыся, – бо не мог адразу адкрыць.
– Можа, ты праліў кансерваванае малако? А? – пытаўся ў яго надпаручнік Лукаш, каштуючы каву. – А можа, ты жраў яго лыжкай, як поліўку? Ведаеш, што цябе чакае?
Уздыхнуўшы, Балоўн забедаваў:
– Пан лейтэнант, асмелюся далажыць, у мяне трое дзяцей!
– Глядзі, Балоўн, яшчэ раз перасцерагаю цябе, загубіць цябе твая пражэрлівасць. Табе Швейк нічога не гаварыў?
– Мяне могуць павесіць у дваццаць чатыры гадзіны, – адказаў Балоўн, калоцячыся ўсім целам.
– Ды не калаціся ты так, дурыла, – сказаў з усмешкай надпаручнік Лукаш, – і выпраўляйся. Не будзь такім ненажэрай і скажы Швейку, каб ён пашукаў на вакзале або ў яго наваколлі чаго-небудзь добрага паесці. Дай яму гэтую дзесятку. Цябе не пашлю. Ты пойдзеш, напэўна, толькі тады, калі нажарэшся ад пуза.
З камендатуры паведамілі, што поезд адправіцца толькі ў дзве гадзіны папаўдні ў напрамку Гёдоле-Асод і што на вакзале выдаюць па два літры чырвонага віна і па бутэльцы каньяку. Гаварылі, што гэта знайшлася нейкая пасылка для Чырвонага Крыжа. Як бы там ні было, але пасылка быццам з неба ўпала, і ў штабным вагоне зрабілася весялей. Адзін толькі надпаручнік Лукаш быў прыгнечаны. Мінула гадзіна, а Швейк усё не вяртаўся. Потым прайшло яшчэ паўгадзіны. З камендатуры вакзала выйшла дзіўная працэсія, якая скіравалася да штабнога вагона.
Паперадзе крочыў Швейк, сур’ёзна і ўрачыста, як першыя хрысціяне-пакутнікі, калі іх вялі на арэну.
Па абодва бакі ішлі венгерскія ганведы з прымкнутымі штыкамі, на левым флангу – узводны з камендатуры вакзала, а за імі нейкая кабета ў чырвонай сукенцы са зборкамі і мужчына ў кароткіх ботах, у круглым капелюшы, з падбітым вокам. Ён нёс жывую перапалоханую курыцу, якая кудахтала на ўвесь вакзал.
Усе яны палезлі было ў штабны вагон, але ўзводны па-венгерску зароў на мужчыну з курыцай і кабету, каб яны засталіся ўнізе.
Убачыўшы надпаручніка Лукаша, Швейк пачаў шматзначна падморгваць яму.
Узводны хацеў гаварыць з камандзірам адзінаццатай маршавай роты. надпаручнік Лукаш узяў ад яго паперу са штампам камендатуры станцыі і, збялеўшы, прачытаў: «Камандзіру адзінаццатай маршавай роты N-скага маршавага батальёна Дзевяноста першага пяхотнага палка для далейшага выканання. Разам з гэтым адпраўляецца пехацінец Швейк Ёзаф, згодна з яго паказаннямі, ардынарац той жа маршавай роты N-скага маршавага батальёна Дзевяноста першага пяхотнага палка па абвінавачанні ў абрабаванні мужа і жонкі Іштванаў, якія жывуць у Ішатарчы ў раёне камендатуры вакзала. Падстава: Пехацінец Швейк Ёзаф украў курыцу, якая належыць мужу і жонцы Іштванам, калі яна бегала за домам Іштванаў, і быў затрыманы ўласнікам курыцы, які хацеў у яго яе адабраць. Вышэй упамянёны Швейк перашкодзіў яму ў гэтым, прычым ударыў гаспадара курыцы Іштвана ў правае вока, пасля чаго быў затрыманы выкліканым патрулём і адпраўлены ў сваю часць, а курыца вернута ўласніку. Подпіс дзяжурнага афіцэра».
Калі надпаручнік Лукаш даваў распіску ў прыняцці Швейка, у яго трэсліся калені. Швейк стаяў блізка і заўважыў, што надпаручнік Лукаш забыў паставіць дату.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – вымавіў Швейк, – сёння дваццаць чацвёртае. Учора было дваццаць трэцяе мая, учора нам Італія аб’явіла вайну… Я зараз быў на ўскраіне горада, дык там толькі аб гэтым і гавораць.
Ганведы пайшлі са ўзводным, а ўнізе засталіся толькі муж і жонка Іштваны, якія ўвесь час хацелі ўлезці ў вагон.
– Калі, пан обер-лейтэнант, у вас пры сабе маецца пяцёрка, мы маглі б гэтую курыцу купіць. Ён, лайдак, хоча за яе пятнаццаць залатых, ён улічвае сюды і дзесятку за свой сіняк пад вокам, – апавядаў Швейк, – але, думаю, дзесяць залатых за ідыёцкі сіняк будзе мнагавата. У карчме У старой пані» токару Мацею за дваццаць залатых цаглінай выбілі сківіцу і шэсць зубоў, а тады грошы былі даражэйшыя. Сам Вальшлегер вешае за чатыры залатых.
– Ідзі сюды, – кіўнуў Швейк мужыку з падбітым вокам і з курыцай, – а ты, старая, застанься там.
Мужчына ўвайшоў у вагон.
– Ён крыху ўмее па-нямецку, – зазначыў Швейк, – разумее ўсю лаянку і сам можа зусім няблага аблажыць па-нямецку.
– Also, zehn Gulden, – звярнуўся ён да мужчыны. – Fünf Gulden Henne, fünf Auge. Öt forint, – бачыш, кукарэку: öf forint kukuk, і gen. Тут штабны вагон, разумееш, жулік? Давай сюды курыцу!
Сунуўшы аслупянеламу мужыку дзесяткў ў рукі, ён забраў курыцу, скруціў ёй шыю і тут жа выштурхнуў селяніна з вагона. Потым папрыяцельску паціснуў яму руку і сказаў: jó, napot, barátom, adieu, каціся да сваёй бабы, а то скіну цябе ўніз.