– Смірна! Вольна! Смірна! Направа раўняйся… Вакол іх збіраліся салдаты. Паўсюль чуўся вясёлы смех.
– Што тут адбываецца? – раптам прагучаў голас паручніка Дуба, які падбег да натоўпу салдат.
– Асмелюся далажыць, пан паручнік, мы так трохі практыкуемся, каб не забыць маршыроўкі і не траціць марна дарагога часу.
– Вылазьце з вагона! – загадаў паручнік Дуб. – Хопіць! Хадземце са мной да камандзіра батальёна.
Аднак калі Швейк уваходзіў у штабны вагон, надпаручнік Лукаш акурат выходзіў з яго праз другую пляцоўку.
Надпаручнік Дуб далажыў капітану Сагнеру пра дзіўныя выбрыкі, як ён выразіўся, удалага салдата Швейка. Капітан Сагнер быў у вельмі добрым настроі, бо віно «Гумпальдскірхен» сапраўды было цудоўным.
– Дык, значыцца, вы не хочаце траціць марна дарагі час? – усміхнуўся ён шматзначна. – Матушыч, хадзіце сюды!
Батальённы ардынарац атрымаў загад паклікаць фельдфебеля з дванаццатай роты Насакла, вядомага тырана, і хуценька знайсці для Швейка вінтоўку.
– Вось гэты салдат, – сказаў капітан Сагнер фельдфебелю Насакла, – не хоча траціць дарэмна дарагі час. Вазьміце яго з сабой за вагон і пазаймайцеся з ім гадзінку ружэйнымі прыёмамі. Але без якіх-небудзь скідак, без літасці і адпачынку… Вось убачыце, Швейк, сумаваць не будзеце, – паабяцаў ён яму на адыход. I праз хвіліну за вагонам ужо чулася рэзкая каманда, якая ўрачыста разносілася па пероне.
Калі на момант каманды сціхлі, пачуўся задаволены і разважлівы голас Швейка:
– Усё гэта я вывучыў шмат гадоў назад, калі праходзіў абавязковую службу. Па камандзе «Да нагі!» вінтоўка стаіць каля правай нагі так, што канец прыклада знаходзіцца на роўнай лініі з наском. Правая рука вольна сагнута і трымае вінтоўку так, што вялікі палец ляжыць на ствале, а астатнія сціскаюць ложу. Пры камандзе ж «На плячо» вінтоўка вісіць вольна на рамяні на правым плячы руляй угару, а ствол крыху адхілены назад.
– Хопіць балбатаць! – пачуўся зноў голас фельдфебеля Насакла. – Смірна! Раўненне направа!
Фельдфебель пачаў скручваць папяросу. Швейк тым часам згледзеў нумар вінтоўкі і раптам усклікнуў:
– Чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем! Акурат такі нумар быў у аднаго паравоза ў Печках. Паравоз гэты стаяў на шаснаццатым пуці. Яго павінны былі адцягнуць на рамонт у дэпо ў Лысы на Лабе, але гэта не так лёгка было зрабіць, пан фельдфебель, бо ў старшага машыніста, якому даручылі туды яго перагнаць, была вельмі слабая памяць ва лікі. Тады начальнік дыстанцыі выклікае яго ў сваю канцылярыю і кажа: «На шаснаццатым пуці стаіць паравоз нумар чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем. Я ведаю, у вас кепская памяць ва лікі, а калі вам запісаць нумар на паперы, то вы гэтую паперу таксама згубіце. Калі ў вас такая слабая памяць ва лікі, то паслухайце мяне ўважліва. Я вам давяду, што вельмі лёгка запомніць які хочаце нумар. Паслухайце: нумар лакаматыва, які трэба адвесці ў дэпо ў Лысы ва Лабе, – чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем. Слухайце ўважліва. Першая лічба – чатыры, другая – два, цяпер вы ўжо помніце сорак два, гэта значыць двойчы два – чатыры, гэта першая лічба, якая, падзеленая на два, дае два, і побач будуць чатыры і два. Толькі не палохайцеся! Колькі будзе двойчы чатыры? Восем, ці не праўда? Дык запомніце, што васьмёрка ў нумары чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем будзе па парадку апошняй. Пасля таго як вы запомнілі, што першая лічба – чатыры, другая – два, чацвёртая – восем, трэба нейкім хітрым спосабам запомніць і тую шасцёрку, што стаіць перад васьмёркай, а гэта надта проста. Першая лічба – чатыры, другая – два, а чатыры плюс два – шэсць. Цяпер вы ўжо дакладна ведаеце, што другая з канца лічба – шэсць, і гэты парадак лічбаў ужо ніколі не вылеціць у вас з галавы. У вас у памяці ўкаранілася лічба чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем. Але вы можаце прыйсці да таго ж выніку яшчэ прасцей…
Фельдфебель перастаў курыць, вылупіў на Швейка вочы і толькі прамармытаў:
– Шапку далоў!
– Вам нядобра? – пацікавіўся Швейк. – Пан фельдфебель, калі хочаце, я магу і іншыя прыёмы… «Стральба залпамі! На прыцэл!» Пану капітану не варта было пасылаць вас на сонца! Трэба збегаць па насілкі.
Прыйшоў доктар і канстатаваў, што гэта альбо сонечны ўдар, альбо вострае запаленне мазгавых абалонак.
Калі фельдфебель апамятаўся, каля яго стаяў Швейк і гаварыў:
– Дык я яшчэ не дакончыў., Вы думаеце, пан фельдфебель, той машыніст запомніў? Ён усё паблытаў і памножыў на тры, бо прыгадаў святую тройцу. Паравоза ён не знайшоў, ён так там і стаіць, на шаснаццатым пуці.
Фельдфебель зноў заплюшчыў вочы.
Вярнуўшыся ў свой вагон, Швейк на пытанне, дзе ён так доўга быў, адказаў: «Хто іншага вучыць «бягом марш!», той сам бярэ ў сто разоў болей «на плячо!»