У заднім кутку вагона калаціўся Балоўн – ён, калі частка курыцы зварылася, сажраў палову порцыі Швейка.
Незадоўга да адыходу поезда прыбыў змешаны вайсковы эшалон. Гэта былі салдаты, якія выйшлі са шпіталяў або спазніліся і даганялі свае часці, а таксама ўсялякія падазроныя індывіды, якія вярталіся з камандзіровак або з-пад арышту.
З гэтага эшалона сышоў вальнапісаны Марак, які быў асуджаны за бунт, – ён некалі не захацеў чысціць прыбіральні. Аднак дывізіённы суд яго вызваліў. Следства па яго справе было спынена, і таму вальнапісаны Марак аб’явіўся ў штабным вагоне, каб далажыцца батальённаму камандзіру. Вальнапісаны да гэтага часу не належаў ні да адной часці, яго ўвесь час пераводзілі з адной турмы ў другую.
Калі капітан Сагнер убачыў вальнапісанага і прыняў ад яго паперы з сакрэтнай адзнакай «Палітычна ненадзейны! Асцерагацца!», вялікай радасці не адчуў. На шчасце, ён успомніў пра «генерала прыбіральняў», які так забаўна раіў папоўніць батальён гістарыёграфам.
– Вы надта нядбайны, вальнапісаны, – сказаў капітан. – У вучэбнай камандзе вальнапісаных вы былі для нас божым пакараннем; замест таго, каб старацца вызначыцца і атрымаць чын адпаведна вашай адукацыі, вы вандравалі з турмы ў турму. Вы ганьбіце полк, вальнапісаны! Але вы можаце выправіць сваю вялікую хібу, калі ў далейшым будзеце сумленна выконваць свае абавязкі і зноў станеце ў шэрагі прыкладных салдат. Прысвяціце свае сілы батальёну! Мы выпрабуем вас! Вы інтэлігентны малады чалавек, безумоўна, валодаеце пяром, у вас, напэўна, добры стыль. Я вам сеё-тое скажу. Кожнаму батальёну на фронце патрэбен чалавек, які вёў бы хроніку ваенных падзей, якія непасрэдна датычаць батальёна і яго ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Неабходна апісваць усе пераможныя паходы, усе выдатныя падзеі, у якіх прымаў удзел батальён, пры якіх ён адыгрываў вядучую або значную ролю, – усё гэта апісваць, рыхтуючы тым самым матэрыял для гісторыі арміі. Вы разумееце мяне?
– Так точна, пан капітан. Гаворка ідзе пра баявыя эпізоды з жыцця ўсіх часцей. Батальён мае сваю гісторыю, полк на падставе гісторыі сваіх батальёнаў складае гісторыю палка. На падставе гісторыі палкоў складаецца гісторыя брыгады, на падставе гісторыі брыгад складаецца гісторыя дывізій і г. д… Я буду старацца з усіх сіл, пан капітан.
Вальнапісаны Марак прыклаў руку да сэрца.
– Я буду са шчырай любасцю адзначаць усе слаўныя даты нашага батальёна, асабліва цяпер, калі наступленне ў поўным разгары і калі з дня на дзень трэба чакаць баёў, у якіх наш батальён укрые поле бітвы целамі сваіх гераічных сыноў. З усведамленнем важнасці справы я буду адзначаць хаду ўсіх падзей, якія павінны адбыцца, каб старонкі гісторыі нашага батальёна былі напоўнены лаўрамі перамог.
– Вы, вальнапісаны, будзеце знаходзіцца ў штабе батальёна. Будзеце зазначаць, хто прадстаўлены да ўзнагароды, зазначаць – вядома, паводле нашых указанняў – паходы, у якіх былі праяўлены выключная баяздольнасць і жалезная дысцыпліна батальёна. Гэта не так проста, вальнапісаны, але спадзяюся, што ў вас ёсць дастатковы талент назіральнасці і, атрымаўшы ад мяне пэўныя дырэктывы, вы вылучыце наш батальён сярод іншых часцей. Я пасылаю ў полк тэлеграму аб прызначэнні вас гістарыёграфам батальёна. З’явіцеся да старшага пісара другой роты Ванака і скажыце яму, каб ён змясціў вас у сваім вагоне. Там найбольш месца, а Ванаку скажыце, каб прыйшоў да мяне. Усё. Вы будзеце залічаны ў штаб батальёна. Гэта будзе праведзена загадам.
Размова капітана Сагнера са старшым пісарам Ванакам не зацягнулася. Ён толькі звярнуў увагу на тое, што батальённы гістарыёграф, вальнапісаны Марак, будзе часова знаходзіцца ў адным вагоне са Швейкам.
– Магу вам сказаць адно: Марак, як бы гэта сказаць, чалавек падазроны. Politisch verdächtig. Божа мой! цяпер у гэтым няма нічога дзіўнага! Пра каго толькі гэта не гавораць! Але ж гэта адны здагадкі. Вы мяне разумееце? Я папярэджваю вас толькі аб тым, што калі ён пачне гаварыць нешта такое… то вы разумееце, яго трэба спыніць, каб я не меў потым якіх-небудзь непрыемнасцей. Скажыце яму проста ў вочы, каб ён перастаў мянціць языком, вось і ўсё. Гэта не значыць, што вы адразу павінны бегчы да мяне. Пагаварыце з ім па-сяброўску. Такі дагавор заўсёды лепшы чым нейкія дурныя даносы. Карацей кажучы, я нічога не хачу слухаць, таму што… Разумееце! Такія рэчы кідаюць цень на ўвесь батальён.
Вярнуўшыся ў вагон, Ванак адвёў вальнапісанага Марака ўбок і сказаў яму:
– Паслухайце, чалавеча, вы пад падазрэннем! Зрэшты, нам гэта не пашкодзіць. Толькі не гаварыце лішняга пры тэлеграфісце Хадоўнскім.