– Як бы там ні было, але гэта ваенныя трафеі. Яно, праўда, надта падазрона, асабліва калі на лафеце чытаеш «k. u. к. Artilleriedivision». Але, відаць, было так: гармата трапіла да рускіх, і нам давялося яе адбіваць, а такія трафеі значна больш каштоўныя, таму што… Таму што, – захоплена ўсклікнуў ён, заўважыўшы паручніка Дуба, – нічога нельга пакідаць у руках непрыяцеля. Гэта ўсё роўна як з Перамышлем* або з тым салдатам, у якога ў час бою праціўнік вырваў з рук біклажку. Гэта было яшчэ ў часы напалеонаўскіх войнаў. Дык салдат уначы прабраўся ў варожы лагер і прынёс сваю біклажку назад, ды яшчэ зарабіў на гэтым, бо ўначы ў непрыяцеля выдавалі гарэлку.
Паручнік Дуб толькі прашыпеў:
– Знікніце з вачэй, Швейк! Каб я вас тут болей не бачыў!
– Слухаюся, пан лейтэнант. – Швейк адышоў да іншых вагонаў, а калі б паручнік Дуб яшчэ пачуў, што ён да гэтых слоў дадаў, то, пэўна выскачыў бы са сваіх штаноў.
– Паручнік быў настолькі дурны, што пасля адыходу Швейка зноў звяртаў увагу салдат на падбіты аўстрыйскі аэраплан, на металічным коле якога было выразна пазначана: «Wiener Neustadt». – Гэты рускі самалёт мы збілі пад Львовам, – сказаў ён.
Гэтыя словы пачуў надпаручнік Лукаш, які праходзіў міма. Ён наблізіўся да грамады і голасна дадаў:
– Пры гэтым абодва рускія лётчыкі згарэлі. Потым, не гаворачы ні слова, рушыў далей, падумаўшы, што паручнік Дуб – непапраўны асёл.
Мінуўшы некалькі вагонаў, надпаручнік убачыў Швейка і хацеў было ўхіліцца ад сустрэчы з ім, бо на твары Швейка было напісана, як многа назбіралася ў яго на душы і як яму карціць выкласці ўсё гэта начальству. Швейк ішоў проста на яго.
– Асмелюся далажыць, ротны ардынарац Швейк просіць далейшых даручэнняў. Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, я ўжо шукаў вас у штабным вагоне.
– Паслухайце, Швейк, – перапыніў яго надпаручнік Лукаш рэзкім і крыўдным тонам. – Вы ведаеце, хто вы такі? Вы што, ужо забыліся, як я вас назваў?
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, такога я не забыў, бо я не які-небудзь вальнапісаны Жалезны… Гэта было даўно, яшчэ да вайны, мы стаялі ў карлінскіх казармах. Быў у нас палкоўнік ці то Флідлер фон Бумеранг, ці то яшчэ нейкі «ранг».
Надпаручнік Лукаш міжвольна ўсміхнуўся гэтаму «ранг», а Швейк апавядаў далей:
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, наш палкоўнік быў удвая ніжэйшы за вас, насіў бараду і вусы, як князь Лобкавіц, так што быў добра падобны на малпу. А калі раззлуецца, то падскочыць вышэй за свой рост. Мы празвалі яго «каўчукавым дзядком». Здарылася гэта акурат перад нейкім першым мая. Мы знаходзіліся ў поўнай баявой гатоўнасці. Напярэдадні вечарам на двары ён трымаў перад намі вялікую прамову і сказаў, што мы заўтра ўсе застанёмся ў казармах і каб ніхто нікуды не адыходзіў, бо ў выпадку патрэбы, мы павінны будзем па найвышэйшаму загаду ўсю сацыялістычную банду перастраляць. Таму той, хто спозніцца і не вернецца сёння ў казармы, а прыйдзе толькі на другі дзень, ёсць здраднік, бо п’яны не здолее застрэліць ніводнага чалавека ды яшчэ, чаго добрага, пачне пуляць у паветра. Ну, вальнапісаны Жалезны прыйшоў у казармы і кажа: «Каўчукавы дзядок добра прыдумаў. Гэта ж усё і так вядома – калі заўтра нікога ў казармы не пусцяць, дык лепей увогуле не прыходзіць», – і асмелюся далажыць вам, пан обер-лейтэнант, выканаў сваё абяцанне.
Ну, а палкоўнік Флідлер, царства яму нябеснае, такі быў агідны дзядок! Увесь наступны дзень ён хадзіў па Празе і вывіжоўваў, ці не адважыўся хто-небудзь з нашага палка выбрацца з казармы, і непадалёк ад Парахавой вежы, на шчасце, спаткаў Жалезнага. Як ён накінуўся на таго! «Я табе дам, я цябе правучу, я табе пакажу!» Нагаварыў яму ўсяго ўсялякага цэлы мех і загроб яго з сабой у казармы, а па дарозе яшчэ дадаваў розных мянушак, пагражаў і ўсё дапытваўся, як яго прозвішча. «Шалесны, ты прайграль, я рад, што цябе злавіль, я табе пакажу «den ersten en Mai» Шалесны, Шалесны, ты цяпер мой, я цябе замкнуць, моцна замкнуць!» Жалезнаму ўжо было ўсё роўна. А калі яны праходзілі па Поржычы*, ён ускочыў у браму і збег праз прахадны двор, пазбавіўшы тым самым «каўчукавага дзядка» вялікай радасці ад пасадкі яго пад арышт. Палкоўнік так раз’юшыўся, што ў гневе зноў забыўся прозвішча зламысніка. Прыйшоў ён у казармы і пачаў падскокваць да столі, бо і столь была нізкая. Дзяжурны па батальёне дзівіўся, з чаго б гэта «каўчукавы дзядок» пачаў гаварыць на ламанай чэшскай мове, а той адно крычыць: «Медзянога арыштаваць!», «Медзянога не арыштаваць, Свінцовага арыштаваць!», «Алавянага арыштаваць!» I тут пачаліся пакуты дзядка. З дня ў дзень ён распытваў, ці не злавілі Медзянога, Свінцовага, Алавянага. Ён загадаў выстраіць увесь полк, але Жалезнага, пра выпадак з якім усе ведалі, перавялі ў шпіталь – ён па прафесіі быў зубным тэхнікам. Ну, здавалася б, і ўсё. Дык не, аднаму з нашага палка ўдалося пракалоць у карчме «У Буцакаў» драгуна, які пачаў заляцацца да ягонай дзяўчыны.