Пастроілі нас. у карэ. Мусілі выйсці ўсе, нават хворыя. Хто не трымаўся на нагах, трымалі пад рукі. Няма чаго рабіць, давялося і Жалезнаму выходзіць. На двары нам прачыталі загад па палку, прыкладна ў тым сэнсе, што драгуны таксама салдаты і калоць іх забараняецца, бо яны нашы саратнікі. Нейкі вальнапісаны перакладаў загад, а палкоўнік азіраўся па баках, як тыгр. Спачатку ён прайшоў перад фронтам, потым абышоў карэ і раптам пазнаў Жалезнага. Той быў мужык-здаравяк, так што, пан обер-лейтэнант, вельмі было камічна, калі палкоўнік выцягнуў яго ў сярэдзіну карэ. Вальнапісаны адразу замоўк, а палкоўнік давай падскокваць перад Жалезным, як сабака перад кабылай, ды прытым яшчэ крычаць: «Ты мне не ўцякаць, ты мне нікуды не ўцякаць, ты зноў гаварыць, што Шалесны, а я ўсё гаварыль Мецяны, Алаўяны, Сфінцовы. А ён Шалесны, нікчэмнік, ён Шалесны, ты бруднае быдла, Шалесны, ты свіння». Потым уляпіў яму месяц гаўптвахты. I раптам тыдні праз два забалелі ў палкоўніка зубы, і ён успомніў, што Жалезны – зубны тэхнік. Загадаў ён прывесці яго ў шпіталь і вырваць зуб. Жалезны тузаў гэты зуб з паўгадзіны, так што «дзядка» тройчы вадой адлівалі, але затое зрабіўся ціхім і дараваў Жалезнаму астатнія два тыдні. Вось як атрымліваецца, пан обер-лейтэнант, калі начальнік забывае прозвішча свайго падначаленага. А падначалены ніколі не смее забываць прозвішча свайго начальніка, як нам гаварыў гэты самы палкоўнік. I мы доўгія гады будзем памятаць, што калісьці быў у нас палкоўнік Флідлер… ці не занадта доўга я вам апавядаю, пан обер-лейтэнант?
– Ведаеце, Швейк, – адказаў надпаручнік Лукаш, – чым часцей я вас слухаю, тым больш пераконваюся, што вы сваіх начальнікаў не паважаеце. Салдат і праз многія гады павінен гаварыць пра сваіх начальнікаў адно толькі добрае.
Відаць было, што гэтая размова пачынае надпаручніка Лукаша забаўляць.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – перабіў яго Швейк выбачлівым тонам, – дык жа пан палкоўнік Флідлер даўно памёр, але калі вы, пан обер-лейтэнант, жадаеце, я буду ўзносіць яму адну пахвалу. Ён, пан обер-лейтэнант, быў для салдат нібы анёл, такі добры, што дзяліўся сваім афіцэрскім абедам з першым жа салдатам, якога спаткаў на двары, а калі нам усім прыеліся кнедлікі з павідлам, то ён загадаў прыгатаваць на абед свініну з тушанай бульбай. А па-сапраўднаму ён вызначыўся сваёй дабрынёй у час манеўраў. Калі мы прыйшлі ў Ніжнія Кралавіцы, ён загадаў за яго кошт выпіць усё піва на ніжнекралавіцкім піваварным заводзе. А на свае імяніны і на дзень нараджэння палкоўнік прасіў згатаваць для ўсяго палка зайцоў у смятане з сухарнымі кнедлікамі. Ён быў такі ўжо добры да сваіх салдат, што аднаго разу, пан обер-лейтэнант…
Надпаручнік далікатна патузаў Швейка за вуха і па-прыяцельску прамовіў:
– Ну ідзі ўжо, страхоцце, кінь гэта…
– Zum Befehl, Herr Oberlajtnant! – Швейк пайшоў да свайго вагона.
Праз пяць хвілін поезд ішоў у кірунку Гуменнэ*. Тут паўсюль былі відаць выразныя сляды баёў, якія вяліся ў час наступлення рускіх, якія імкнуліся прарвацца ў даліну Цісы. Далёка цягнуліся выкапаныя пад кулямі акопы, там-сям віднеліся спаленыя сялянскія сядзібы, а побач з імі наспех збудаваная халупа сведчыла, што гаспадары зноў вярнуліся.
Пад поўдзень поезд падышоў да станцыі Гуменнэ, дзе сляды баёў можна было ўбачыць ужо на самым вакзале. Пачаліся прыгатаванні да абеду. Тут салдаты сваімі вачамі ўбачылі тое, што было публічнай таямніцай: адносіны ўлад да мясцовага насельніцтва, якому рускія былі блізкія мовай і рэлігіяй.
На пероне, акружаная венгерскімі жандарамі, стаяла група арыштаваных русінаў. Сярод іх было некалькі праваслаўных святароў, настаўнікаў і сялян з розных акруг. Рукі ва ўсіх былі звязаны за спінай вяроўкамі, а самі яны былі па парах прывязаны адзін да аднаго. У большасці насы былі разбітыя, а на галовах успухалі гузы, – вынік пабояў у час арышту.
Воддаль венгерскі жандар наладзіў сабе гульню з праваслаўным папом. Ён прывязаў да яго левай нагі вяроўку, другі канец якой трымаў у руцэ, і прыкладам прымушаў папа танцаваць чардаш, пры чым час ад часу тузаў вяроўку, і святар падаў. А з той прычыны, што рукі ў яго былі звязаны, ён не мог устаць і рабіў адчайныя спробы перакуліцца на спіну, каб такім чынам падняцца. Жандар рагатаў ад усёй душы, так, што слёзы цяклі па твары. Калі ж святар усё ж падымаўся, жандар зноў тузаў за вяроўку, і небарака поп зноў быў на зямлі.