У піўнушцы панавала магільная цішыня. Там было некалькі наведнікаў, і сярод іх стораж з касцела святога Апалінара. Твары ва ўсіх былі панурыя. За стойкай сядзела шынкарка, жонка Паліўца, і тупа глядзела на піўныя краны.
– Вось я і вярнуўся! – весела сказаў Швейк. – Дайце мне куфлік піва. А дзе ж наш пан Палівец? Пэўна, ужо таксама дома?
Замест таго, каб адказаць, пані Паліўцава залілася слязьмі і, усхліпваючы за кожным словам, прастагнала:
– Яму… далі… дзесяць гадоў… тыдзень… таму назад…
– Бачыш, як яно, – сказаў Швейк. – Значыцца, сем дзён у яго ўжо за плячыма.
– Ён быў такі асцярожны, – плакала гаспадыня. – Ён сам гэта заўсёды пра сябе гаварыў…
Наведнікі ля стойкі ўпарта маўчалі, быццам тут яшчэ блукаў дух Паліўца і схіляў да большай асцярожнасці.
– Асцярожнасць – маці мудрасці, – сказаў Швейк, сядаючы да стала з куфлем піва, дзе ў пене ўтварыліся маленькія дзірачкі там, дзе капнулі слёзы пані Паліўцавай, калі яна несла піва на стол. – Цяперашні час такі, што даводзіцца быць асцярожным.
– Учора ў нас было два пахаванні, – перавёў гаворку на іншае стораж ад святога Апалінара.
– Пэўна, нехта памёр! – заўважыў другі наведнік.
Трэці спытаў:
– Пахаванне было з катафалкам?
– Хацеў бы я ведаць, – сказаў Швейк, – якімі будуць вайсковыя пахаванні ў час вайны?
Наведнікі падняліся, расплаціліся і ціха выйшлі. Швейк застаўся сам-насам з пані Паліўцавай.
– Ніколі не думаў, – вымавіў Швейк, – што бязвіннага чалавека засудзяць на дзесяць гадоў… Што аднаго невінаватага асудзілі на пяць гадоў, гэта я чуў, але каб на дзесяць – гэта крыху занадта.
– Што ж, калі мой прызнаўся, – усхліпвала Паліўцава. – Як гаварыў тут пра тых мух і партрэт, так паўтараў і ў паліцэйскай управе, і на судзе. Я была сведкай, але пра што я магла сведчыць, калі мне сказалі, што я маю права адмовіцца ад паказанняў, бо знаходжуся ў сваяцкіх адносінах са сваім мужам.
Я так збаялася гэтых сваяцкіх адносін, каб з гэтага яшчэ чаго благога не выйшла, што ўвогуле адмовілася даваць паказанні. А ён, небарак, так на мяне паглядзеў, да смерці не забуду тыя яго вочы… А потым, пасля прысуду, калі яго адводзілі, крыкнуў ім там, на лесвіцы, нібы зусім не ў сваім розуме: «Няхай жыве вольная думка!»
– А пан Брэтшнайдэр сюды болей не ходзіць? – спытаў Швейк.
– Быў некалькі разоў, – адказала шынкарка. – Вып’е адзіндва куфлі, спытае мяне, хто сюды ходзіць, і слухае, як мае госці расказваюць пра футбол. Яны заўсёды, як толькі яго ўбачаць, гавораць толькі пра футбол, а яго аж калоціць ад гэтага, вось-вось, здаецца, ашалее і пачне курчыцца ў сутаргах. За ўвесь гэты час злавіў на вуду толькі аднаго абіўшчыка з Папярочнай вуліцы.
– Гэта справа натрэніраванасці, – зазначыў Швейк. – Абіўшчык быў, відаць, невялікага розуму чалавек?
– Ды як мой муж, – адказала з плачам гаспадыня. – Той яго пытаў, ці страляў бы ён у сербаў. Абіўшчык адказаў, што не ўмее страляць, што толькі раз быў у ціры і прастраляў там карону*. Тут мы ўсе і пачулі, як пан Брэтшнайдэр прамовіў, выцягнуўшы сваю запісную кніжку: «Ты глядзі, яшчэ адна ёмкая дзяржаўная здрада!» – і выйшаў з гэтым абіўшчыкам з Папярочнай вуліцы, і той ужо не вярнуўся.
– Шмат хто з іх не вяртаецца, – сказаў Швейк. – Дайце мне рому.
Швейк заказваў ужо другую чарку рому, калі ў шынок увайшоў тайны агент Брэтшнайдэр. Кінуўшы беглы позірк на пусты шынок і заказаўшы сабе піва, ён падсеў да Швейка і пачаў чакаць, ці не скажа той чаго.
Швейк зняў з вешалкі адну з газет і, прагледзеўшы апошнюю старонку з аб’явамі, азваўся:
– Глядзіцетка, нейкі Чымперс са Страшкава, дом нумар пяць, паштовае аддзяленне Рачыневес, прадае сядзібу з трыма дзесяцінамі ворыва. Школа ёсць, і чыгунка побач.
Брэтшнайдэр нервова забарабаніў пальцамі па стале і звярнуўся да Швейка:
– Мне дзіўна, чаму гэта вас цікавіць гэтая сядзіба, пан Швейк?
– Ах, гэта вы? – усклікнуў Швейк, падаючы яму руку. – А я вас адразу не пазнаў, у мяне вельмі благая памяць. У апошні раз мы рассталіся, дай бог памяць, у прыёмнай канцылярыі паліцэйскай управы. Што вы з таго часу робіце? Ці часта заходзіце сюды?
– Сёння я прыйшоў, каб убачыць вас, – сказаў Брэтшнайдэр. – У паліцэйскай управе мне паведамілі, што вы гандлюеце сабакамі. Мне патрэбен добры пінчар або шпіц ці нешта такое падобнае…
– Усё гэта мы можам вам справіць, – адказаў Швейк. – Хацелі б жывёліну чыстакроўную ці такую, што з вуліцы?
– Я аддаў бы перавагу чыстакроўнаму сабаку, – адказаў Брэтшнайдэр.