Паручнік Дуб паляпаў Швейка па грудзях:
– Што нясеш, мярзотнік? Выцягвай сюды! Швейк выцягнуў бутэльку з жаўтаватым змесцівам, на этыкетцы якой было выразна выведзена: «Cogпас».
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, – вымавіў Швейк, зусім не збянтэжыўшыся, – я ў бутэльку зпад каньяку напампаваў крыху вады, каб піць. У мяне ад таго гуляшу, што мы елі ўчора, страшэнная смага. Толькі вада там у калодзежы, як бачыце, пан лейтэнант, нейкая жоўтая; пэўна, гэта жалезістая вада. Такая вада вельмі карысная для здароўя.
– Калі ў цябе такая смага, Швейк, – па-д’ябальску ўсміхаючыся, сказаў паручнік Дуб, жадаючы як мага больш прадоўжыць сцэну, якая павінна была закончыцца поўным пройгрышам Швейка, – дык напіся, але як след. Выпі ўсё адразу!
Паручнік Дуб наперад уяўляў сабе, як Швейк зробіць некалькі глыткоў і далей ужо не зможа, а ён, паручнік Дуб, атрымаўшы над ім такую поўную перамогу, скажа: «Дай жа і мне бутэльку, у мяне таксама смага» і як будзе выглядаць гэты махляр і круцель Швейк у гэтую грозную для яго хвіліну. Потым ён падасць рапарт і гэтак далей.
Швейк адкаркаваў бутэльку, прыклаў яе да вуснаў, і напой глыток за глытком знік у яго горле. Паручнік Дуб скамянеў. Швейк на яго вачах выпіў усё, не маргнуўшы вокам, адкінуў пустую бутэльку цераз дарогу ў сажалку, плюнуў і сказаў, быццам выпіў шкляначку мінеральнай вады:
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, у гэтай вады сапраўды жалезісты смак. У Камыку на Влтаве адзін карчмар улетку рабіў для сваіх наведнікаў жалезістую ваду, кідаючы ў студню старыя падковы!
– Я табе дам старыя падковы! Пакажы тую студню, з якой ты набраў гэтай вады!
– Недалёка адсюль, пан лейтэнант, вунь за той драўлянай палаткай.
– Ідзі паперадзе, ты, нягоднік, я хачу бачыць, як ты трымаеш крок!
«Сапраўды дзіўна, – падумаў паручнік Дуб. – Па гэтым нягодніку нічога не відаць!»
Швейк ішоў наперад, аддаўшы сябе на волю божую. Нешта яму гаварыла, што паперадзе павінна быць студня, і таму ён ніколькі не здзівіўся, калі студня сапраўды там была. Нават і помпа была. Яны падышлі да студні. Швейк пачаў пампаваць, і пацякла жаўтаватая вада.
– Вось яна, жалезістая вада, пан лейтэнант, – урачыста абвясціў ён.
Наблізіўся спалоханы чалавек з пейсамі, і Швейк па-нямецку папрасіў яго прынесці шклянку – маўляў, пан лейтэнант хоча напіцца.
Паручнік Дуб ад усяго гэтага настолькі разгубіўся, што выпіў цэлую шклянку вады, ад якой у яго ў роце застаўся смак конскай мачы і гнаявой жыжкі. Зусім ачмурэўшы ад усяго перажытага, ён даў пейсатаму яўрэю за гэтую шклянку вады пяць крон і, павярнуўшыся да Швейка, сказаў:
– Ты чаго тут лупіш вочы? Марш адсюль! Праз пяць хвілін Швейк паявіўся ў штабным вагоне ў надпаручніка Лукаша, таямнічым жэстам выклікаў яго з вагона і паведаміў:
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, праз пяць, самае большае праз дзесяць хвілін я буду ўшчэнт п’яны і завалюся спаць у сваім вагоне; асмелюся вас прасіць, пан обер-лейтэнант, каб вы мяне на працягу прынамсі трох гадзін не клікалі і ніякіх даручэнняў не давалі, пакуль я не высплюся. Усё ў па, радку, але мяне злавіў пан лейтэнант Дуб. Я яму сказаў, што гэта вада, і мусіў выпіць усю бутэльку каньяку, каб даказаць, што гэта вада. Усё ў парадку. Я нічога не выдаў, гэтак, як вы і жадалі, і быў асцярожны. Але цяпер, асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, я ўжо адчуваю, як у мяне дранцвеюць ногі. Аднак асмелюся далажыць, піць я прывычны, бо з панам фельдкуратам Кацам…
– Згінь, шэльма! – крыкнуў надпаручнік Лукаш, але без усякага гневу, затое паручнік Дуб зрабіўся ў яго вачах яшчэ на пяцьдзесят працэнтаў меней сімпатычным, чым перад гэтым.
Швейк асцярожна ўлез у свой вагон і, кладучыся на сваім шынялі і кайстры, сказаў, звяртаючыся да старшага пісара і ўсіх астатніх:
– Адзін толькі раз нажлукцішся і папросіш не будзіць…
Пасля гэтага ён перавярнуўся і захроп.
За складаным сталом сядзеў вальнапісаны Марак, які пасля ўсіх сваіх нягод дасягнуў нарэшце пасады батальённага гістарыёграфа. Зараз ён апісваў на запас гераічныя подзвігі батальёна, і было відаць, што яму дае вялікае задавальненне гэты погляд у будучыню.
Старшы пісар Ванак даўно з цікавасцю сачыў, як старанна піша вальнапісаны і пры гэтым рагоча на ўсё горла. Ён устаў і нахіліўся да вальнапісанага, які пачаў яму высвятляць:
– Гэта, ведаеце, страшэнна вясёлы занятак – пісаць гісторыю батальёна ў запас. Галоўнае пры гэтым, каб усё развівалася сістэматычна. Ва ўсім павінна быць сістэма. Мы не можам атрымаць вялікую перамогу так адразу, ні з таго ні з сяго. Усё павінна развівацца паступова, згодна з пэўным планам. Наш батальён не можа адразу выйграць сусветную вайну. Для грунтоўнага гістарыёграфа, як я, галоўнае – гэта скласці план нашых перамог. Напрыклад, вось тут я апісваю, як наш батальён (гэта будзе месяцы праз два) ледзь не пераходзіць рускую мяжу, занятую вельмі моцнымі атрадамі непрыяцеля, дапусцім, данскімі казакамі. А некалькі непрыяцельскіх дывізій абходзяць нашы пазіцыі. На першы погляд здаецца, што наш батальён прапаў, што нас усіх пасякуць на кавалкі, але тут капітан Сагнер аддае загад па батальёну: «Бог не дасць нам загінуць, уцякайма!» Наш батальён уцякае, але варожая дывізія, якая нас абышла, бачыць, што мы, уласна, імчымся на яе. Яна ў перапалоху ўцякае ад нас і без адзінага выстралу трапляе ў рукі рэзервовых часцей нашай арміі. З гэтага, уласна кажучы, і пачынаецца гісторыя нашага батальёна. Ён ідзе ад перамогі да перамогі.