Усё гэта паручнік Цайтгамль прачытаў па копіі дывізіённага загада, якую ўвесь час насіў з сабой і ведаў амаль на памяць. Ён прачытаў гэта ўсхваляванаму селяніну, вядома ж, па-нямецку і спытаў яго зноў жа па-нямецку, ці разумее ён, а калі той адмоўна пакруціў галавой, закрычаў на яго:
– Ага, ты, значыцца, хочаш камісію?
Той зразумеў слова «камісія» і станоўча паківаў галавой, а тым часам яго парасят пацягнулі ўжо да палявой кухні на смяротную кару. Селяніна абкружылі прызначаныя для рэквізіцыі салдаты з прымкнутымі штыкамі, і камісія скіравалася на яго хутар, каб там вызначыць, ці павінен ён атрымаць па дзве кроны пяцьдзесят два гелеры за кілаграм ці толькі па дзве кроны дваццаць восем гелераў.
Яны яшчэ не выйшлі на дарогу да хутара, калі ад палявых кухняў данёсся трохразовы перадсмяротны віск парасят. Селянін зразумеў, што ўсё скончана, і ў адчаі закрычаў:
– Давайце мне за кожную свінню па два залатыя! Чатыры салдаты абкружылі яго яшчэ шчыльней, а ўся сям’я заступіла дарогу капітану Сагнеру і паручніку Цайтгамлю, кінуўшыся перад імі на калені ў дарожны пыл. Маці з дзвюма дочкамі абнімалі калені абодвух, называючы іх дабрадзеямі, пакуль селянін не крыкнуў на іх на ўкраінскай гаворцы русінаў, каб яны ўсталі, – няхай ім нашы парасяты бокам выйдуць, няхай яны паздыхаюць…
Так камісія спыніла сваю дзейнасць. А з той прычыны, што селянін раптам узбунтаваўся і цачаў пагражаць кулакамі, то адзін салдат так даў яму прыкладам, што ў таго аж кажух затрашчаў, і ўся сям’я, перажагнаўшыся, кінулася разам з бацькам наўцёкі.
Праз дзесяць хвілін старшы пісар батальёна разам з батальённым ардынарцам ужо смакавалі ў сваім вагоне свіныя мазгі. Абжыраючыся імі, старшы пісар час ад часу з’едліва гаварыў малодшым пісарам:
– I вы б, напэўна, пажралі гэтага? Не, хлопцы, гэта толькі для унтэр-афіцэраў. Кухарам – пячонка і ныркі, мозг і галава – панам фельдфебелям, а малодшым пісарам – толькі двайная салдацкая порцыя мяса.
Капітан Сагнер ужо аддаў загад наконт афіцэрскай кухні: «Смажаніна з кменам. Выбраць для гэтага найлепшае мяса, але каб не было занадта тлустым!»
Вось так і выйшла, што, калі на Лупкаўскім перавале салдатам раздавалі абед, кожны з іх вылавіў у сваім кацялку па два маленькія кавалачкі мяса, а той, хто нарадзіўся пад нешчаслівай зоркай, знайшоў толькі кавалачак шкуркі.
У кухні панавала звыклае армейскае кумаўство: усім лепшым карыстаўся той, хто стаяў бліжэй да пануючай клікі. Дзеншчыкі на Лупкаўскім перавале хадзілі з замасленымі мордамі, якія ільсніліся, быццам зашмальцаваныя. Ва ўсіх ардынарцаў пуза было як барабан. Рабіліся страшэнныя махлярствы.
Вальнапісаны Марак выклікаў на кухні скандал, бо хацеў застацца справядлівым, і калі кухар паклаў яму ў кацялок з поліўкай ладны кавалак варанага філе, сказаўшы пры гэтым: «Гэта нашаму гістарыёграфу» – Марак заявіў, што на вайне ўсе салдаты роўныя, і гэта ўсімі было ўхвалена і паслужыла прычынай аблаяць кухараў. Вальнапісаны кінуў кавалак мяса назад, падкрэсліўшы гэтым, што не хоча для сябе ніякіх прывілей. У кухні, аднак, гэтага жэсту не зразумелі, мяркуючы, што батальёны гістарыёграф незадаволены прапанаваным кавалкам, таму кухар паціху сказаў яму, каб прыйшоў пасля раздачы абеду, тады ён адрэжа яму частку кумпяка.
У пісараў таксама льсніліся морды, санітары адсопваліся пасля багатага стала, а побач з гэтай ласкай боскай валяліся яшчэ не прыбраныя рэшткі нядаўніх баёў. Паўсюль былі раскіданы патронныя абоймы, пустыя бляшанкі з-пад кансерваў, шматкі рускіх, аўстрыйскіх і нямецкіх мундзіраў, часткі разбітых павозак, доўгія акрываўленыя стужкі марлевых бінтоў і вата. У старой сасне каля былога вакзала, ад якога засталася толькі куча руін, тырчала неўзарваная граната. Усюды можна было ўбачыць асколкі снарадаў, а недзе ў непасрэднай блізкасці, напэўна, хавалі трупы салдат, адтуль страшэнна патыхала гнілізнай.