Кунерт зусім адурэў і згадзіўся, каб Швейк павёў яго да штабнога вагона.
Паручнік Дуб, высоўваючыся з акна, зароў:
– Што вам тут трэба, нягоднікі?
– Трымайся з годнасцю, – нагадваў Швейк Кунерту, штурхаючы яго паперад сябе ў вагон.
У калідоры паказаўся надпаручнік Лукаш, за ім – капітан Сагнер.
Надпаручнік Лукаш, які столькі набачыўся і наслухаўся ад Швейка, быў здзіўлены, бо на твары Швейка не было звычайнай дабрадушнасці, знаёмай усім сардэчнасці, а хутчэй нейкае прадвесце новых непрыемных падзей.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – сказаў Швейк, – справа такая, што можа давесці да рапарта.
– Толькі не дурэй, Швейк, мне гэта ўжо абрыдла.
– З вашага дазволу, я, ардынарац вашай маршавай роты, а вы, з вашага дазволу, камандзір адзінаццатай роты. Я ведаю, што гэта выглядае страшэнна дзіўна, але я ведаю таксама і тое, што пан лейтэнант Дуб – ваш падначалены.
– Вы, Швейк, зусім з глуздоў з’ехалі, – перапыніў яго надпаручнік Лукаш. – Вы п’яны і зробіце добра, калі пойдзеце адсюль. Разумееш, дурыла, жывёліна?
Капітан Сагнер, не ведаючы, што сказаць, ківаў галавой у знак згоды, у той час як на твары надпаручніка Лукаша быў напісаны адчай.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, пра ўсё трэба рапартаваць, – няўмольна працягваў Швейк. – Яшчэ ў Бруку вы мне гаварылі, пан обер-лейтэнант, што раз ужо я стаў ардынарцам роты, то ў мяне ёсць і іншыя абавязкі, апрача ўсялякіх загадаў. Я павінен быць у курсе ўсяго, што дзеецца ў роце. На падставе гэтага распараджэння я дазваляю сабе далажыць вам, пан обер-лейтэнант, што пан лейтэнант Дуб ні з таго ні з сяго надаваў аплявух свайму дзеншчыку. Я пра гэта, пан обер-лейтэнант, і гаварыць не стаў, але калі пан лейтэнант Дуб з’яўляецца вашым падначаленым, я вырашыў, што трэба рапартаваць.
– Дзіўная гісторыя, – вымавіў капітан Сагнер. – А чаму гэта вы, Швейк, увесь час штурхаеце сюды Кунерта?
– Асмелюся далажыць, пан батальённы камісар, аб усім неабходна рапартаваць. Ён дурны, яму набіў морду пан лейтэнант Дуб, а яму, бачыце, няёмка аднаму ісці з рапартам. Вы, пан капітан, толькі паглядзіце, як у яго трасуцца калені, ён увесь ледзьве жывы ад таго, што мусіць ісці з гэтым рапартам. Каб не я, ён увогуле нікуды б не сунуўся. Яно, вядома, сумна, калі даводзіцца з-за некалькіх дурных аплявух ісці на рапарт. Ён столькі атрымаў гэтых аплявух, што нават не ведае, пра якую з іх ідзе зараз гаворка. Ён сам ніколі б не пайшоў сюды і ўвогуле не хацеў ісці на рапарт. Ён дазволіць сябе малаціць колькі хочаш. Ён ведае, што лепей, як пісаў адзін паэт, быць «сціплай фіялкай», бо ён служыць дзеншчыком у пана лейтэнанта Дуба.
Падштурхоўваючы Кунерта наперад, Швейк сказаў яму:
– Не калаціся ты так, як асінавы ліст! Капітан Сагнер спытаў Кунерта, як ўсё адбылося.
Кунерт, калоцячыся ўсім целам, папрасіў аб усім распытаць самога пана лейтэнанта. Наогул пан лейтэнант Дуб па мордзе яго не біў.
Іуда Кунерт, не перастаючы дрыжаць, заявіў нават, што Швейк усё выдумаў.
Гэтай нуднай падзеі паклаў канец сам паручнік Дуб, які, нечакана з’явіўшыся, закрычаў на Кунерта:
– Хочаш атрымаць некалькі новых аплявух? Справа зрабілася зусім яснай, і капітан Сагнер заявіў паручніку Дубу:
– З сённяшняга дня Кунерт прыкамандзіроўваецца да батальённай кухні, што ж да новага дзеншчыка, звярніся да старшага пісара Ванака.
Паручнік Дуб узяў пад казырок і, толькі адыходзячы, кінуў Швейку:
– Б’юся аб заклад, што прыйдзе час, і вас павесяць!
Калі Дуб выйшаў, Швейк расчулена і па-сяброўску звярнуўся да надпаручніка Лукаша:
– У Мніхавым Градзішці быў адзін гэткі ж пан. I таксама гэтак гаварыў з другім, а той яму адказвае: «Пад шыбеніцай спаткаемся».
– Вы, Швейк, ідыёт, – сказаў надпаручнік Лукаш, – але толькі не спяшайцеся, як вы гэта звычайна робіце, адказваць: «Так точна, я ідыёт».
– Надзвычайна! – усклікнуў капітан Сагнер, высоўваючыся з акна. Ён з радасцю адхінуўся б назад, у вагон, але было позна, бо ля акна з’явілася гэтае няшчасце – паручнік Дуб. Ён выказаў сваё шкадаванне з прычыны таго, што капітан Сагнер пайшоў, не даслухаўшы яго вывадаў наконт наступлення на ўсходнім фронце.
– Калі мы хочам зразумець велізарны маштаб гэтага наступлення, – крычаў паручнік Дуб у акно, – мы павінны ўсведаміць, як разгортвалася наступленне ў канцы красавіка. Мы павінны былі прарваць рускі фронт і найбольш зручным месцам для гэтага прарыву палічылі фронт паміж Карпатамі і Віслай.
– Я з табой пра гэта спрачацца не збіраюся, – суха адказаў капітан Сагнер і адышоў ад акна.
Праз паўгадзіны, калі поезд зноў рушыў у дарогу ў напрамку да Санака, капітан Сагнер выцягнуўся на лаўцы і прыкінуўся, што спіць, каб паручнік Дуб не прыставаў да яго са сваімі збітымі, пошлымі разважаннямі аб наступленні.