Выбрать главу

За станцыяй Шчаўне, у даліне, зноў пачалі трапляцца свежыя вайсковыя могілкі. У Шчаўне з поезда можна было разглядзець каменны крыж з абезгалоўленым Хрыстом, якому адарвала галаву пры абстрэле чыгункі.

Поезд набіраў скорасць, набліжаючыся па даліне да Санака. Усё часцей сустракаліся разбураныя вёскі, яны цягнуліся паабапал чыгункі да самага небакраю.

Ля Кулашні, унізе ў рэчцы ляжаў разбіты поезд Чырвонага Крыжа, выбухам скінуты з насыпу. Балоўн вытрашчыў вочы, яго асабліва ўразілі параскіданыя ўнізе часткі паравоза. Гэты пейзаж прыцягнуў увагу і ўсяго вагона, дзе быў Швейк. Больш за іншых абураўся кухар Юрайда:

– Хіба ж дазваляецца страляць па вагонах Чырвонага Крыжа?

– Не дазваляецца, але дапускаецца, – адказаў Швейк. – Пападанне было як мае быць, ну, а потым кожны можа адгаварыцца, што справа была ўначы, чырвонага крыжа не было відаць. Шмат чаго ёсць на свеце, што не дазваляецца, але дапускаецца. Галоўнае, што кожны хоча паспрабаваць зрабіць тое, чаго рабіць нельга. У час імператарскіх манеўраў пад Пісекам прыйшоў загад, што ў паходзе забараняецца звязваць салдат «казлом». Але наш капітан дадумаўся, як можна гэта зрабіць, не парушаючы загаду. Ён толькі пасмяяўся з загаду, бо зразумела ж, што звязаны казлом салдат маршыраваць не зможа. Дык ён, па сутнасці, гэты загад не абходзіў, а проста звязаных салдат кідаў на падводы і працягваў марш.

– Дарагія сябры, – усклікнуў вальнапісаны, які старанна рабіў свае нататкі, – няма нічога ліхога, каб на добрае не выйшла! Гэты падарваны, напаўспалены і скінуты з насыпу поезд Чырвонага Крыжа ўзбагаціць У будучым слаўную гісторыю нашага батальёна новым геройскім подзвігам. Я ўяўляю сабе, што прыкладна каля шаснаццатага верасня, як я ўжо намеціў, ад кожнай роты нашага батальёна некалькі простых салдат пад камандай капрала надахвоцяцца ўзарваць варожы браняпоезд, які абстрэльвае нас і перашкаджае пераправе цераз раку. Пераапрануўшыся сялянамі, яны з гонарам выканаюць сваё заданне.

– Што я бачу! – прытворна здзівіўся вальнапісаны, зазірнуўшы ў свае нататкі. – Як тут да мяне трапіў наш пан Ванак?

– Паслухайце, пан старшы пісар, – звярнуўся ён да Ванака, – які цудоўны раздзельчык будзе прысвечаны вам у гісторыі батальёна! Прыгадваю, што вы недзе раней ужо ўпаміналіся, але гэта будзе значна лепей і выразней.

Вальнапісаны прачытаў патэтычным тонам:

– «Гераічная смерць старшага пісара Ванака. На адважны подзвіг – падрыў варожага браняпоезда – падрадзіўся сярод іншых і старшы пісар Ванак. Для гэтага ён, як і ўсе іншыя, пераапрануўся ў сялянскую вопратку. Выбухам ён быў аглушаны, а калі апамятаўся, ён убачыў, што акружаны ворагамі, якія не марудзячы даставілі яго ў штаб сваёй дывізіі, дзе ён, гледзячы ў твар смерці, адмовіўся даць якія-небудзь звесткі аб размяшчэнні і сілах нашага войска. З той прычыны, што ён быў пераапрануты, яго прыгаварылі, як шпіёна, да павешання, але, прымаючы пад увагу яго высокі чын, гэтую кару замянілі на расстрэл.

Прыгавор быў адразу ж прыведзены ў выкананне каля сцяны могілак. Доблесны старшы пісар Ванак папрасіў, каб яму не завязвалі вачэй. На пытанне, ці мае ён нейкае апошняе жаданне, ён адказаў: «Перадайце праз парламенцёра майму батальёну маё апошняе прывітанне. Перадайце, што я паміраю з перакананнем, што наш батальён працягне свой пераможны шлях. Перадайце яшчэ пану капітану Сагнеру, што паводле апошняга загаду па брыгадзе штодзённая порцыя кансерваў павялічваецца на дзве з паловай банкі.

Так памёр наш старшы пісар Ванак, што выклікаў сваімі апошнімі словамі панічны страх у непрыяцеля, які меркаваў, замінаючы нашай пераправе цераз раку, адрэзаць нас ад базы забеспячэння і тым самым выклікаць голад, а разам з тым дэмаралізацыю ў нашых шэрагах. Пра спакой, з якім Ванак глядзеў у твар смерці, сведчыць той факт, што перад смяротным пакараннем ён гуляў са штабнымі афіцэрамі непрыяцеля ў карты: “Мой выйгрыш аддайце рускаму Чырвонаму Крыжу», – сказаў ён пад рулямі вінтовак. Гэтая шляхетнасць і высакароднасць кранула да слёз вайсковых чыноў, якія прысутнічалі пры пакаранні смерцю».

– Прабачце, пан Ванак, – працягваў вальнапісаны, – што я дазволіў сабе распарадзіцца вашым выйгрышам. Спачатку я думаў аб тым, ці не будзе лепей перадаць яго аўстрыйскаму Чырвонаму Крыжу, але ўрэшце прыйшоў да вываду, што з пункту гледжання гуманнасці гэта адно і тое ж, абы грошы пайшлі гуманнай установе.

Раздзел IV. Наперад марш!