Выбрать главу

Калі прыехалі ў Санак, выявілася, што ў тым вагоне, дзе размяшчалася палявая кухня адзінаццатай маршавай роты, гаварылі праўду, калі спадзяваліся, што тут, у Санаку, батальён атрымае вячэру і хлебны паёк за ўсе тыя дні, калі салдаты не атрымлівалі нічога. Высветлілася таксама, што якраз у Санаку знаходзіцца штаб «жалезнай брыгады», да якой згодна з сваім «хросным лістом» належаў батальён Дзевяноста першага палка. З той прычыны, што чыгуначныя зносіны адсюль да Львова і на поўнач, да Вялікіх Мастоў, не былі перарэзаны, то заставалася загадкай, чаму штаб усходняга фронту склаў такую дыспазіцыю, паводле якой «жалезная брыгада» са сваім штабам засяроджвала маршавыя батальёны ў ста пяцідзесяці кіламетрах ад лініі фронту, якая ў той час праходзіла ад горада Броды да ракі Буг і ўздоўж яе на поўнач да Сакаля.

Гэтая надта цікавая стратэгічная праблема была вельмі проста вырашана, калі ў Санаку капітан Сагнер пайшоў у штаб брыгады далажыць аб прыбыцці маршавага батальёна.

Дзяжурным быў ад’ютант брыгады капітан Тайрле.

– Я вельмі здзіўляюся, – сказаў капітан Тайрле, – што вы не атрымалі дакладных звестак. Маршрут дакладна вызначаны. Графік свайго руху вы павінны былі, канечне ж, паведаміць загадзя. Насуперак дыспазіцыі галоўнага штаба ваш батальён прыбыў на два дні раней.

Капітан Сагнер злёгку пачырванеў, але яму не прыйшло ў галаву паўтараць усе тыя шыфраваныя тэлеграмы, якія ён атрымліваў праз усю дарогу.

З дывізіі прыйшлі новыя загады, і было неабходна канчаткова вызначыць маршрут Дзевяноста першага палка, які толькі што прыбыў, бо згодна з новай дыспазіцыяй па першапачатковым маршруце павінен быў вырушыць маршавы батальён Сто другога палка.

Усё было страшэнна заблытана. Рускія паспешна адступалі з паўночна-ўсходняй Галіцыі, так што некаторыя аўстрыйскія часці перамяшаліся, сямтам у размяшчэнне аўстрыйскіх войск уразаліся клінам часці германскай арміі. Хаос павялічвалі новыя маршавыя батальёны і іншыя вайсковыя часці, якія ўвесь час прыбывалі на фронт. Тое ж адбывалася і ў прыфрантавой паласе, напрыклад, тут, у Санаку, куды раптам з’явіўся рэзерв германскай гановерскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка з такім праціўным поглядам, што брыгадны генерал зусім разгубіўся. Палкоўнік рэзерву гановерскай дывізіі паказаў дыспазіцыю свайго штаба, паводле якой яго салдат павінны былі размясціць у памяшканні гімназіі, дзе толькі што раскватаравалі батальён Дзевяноста першага палка. Для размяшчэння свайго пітаба ён патрабаваў ачысціць будынак Кракаўскага банка, у якім знаходзіўся штаб брыгады.

Брыгадны камандзір звязаўся з дывізіяй, дакладна далажыў сітуацыю, а затым з дывізіяй гаварыў гановерац з паганым вокам, і ў выніку гэтых размоў брыгада атрымала загад: «Брыгадзе пакінуць горад у шэсць гадзін вечара і ісці ў напрамку Турава-Вольска – Ліскавец – Старая Соль – Самбар, дзе чакаць далейшых распараджэнняў. Разам з ёй выступае з горада маршавы батальён Дзевяноста першага палка, які ўтварае прыкрыццё».

У гімназіі ўсчалася мітусня. На нарадзе батальёна адсутнічаў толькі паручнік Дуб, адшукаць якога было даручана Швейку.

– Спадзяюся, – сказаў Швейку надпаручнік Лукаш, – вы знойдзеце яго без асаблівых цяжкасцей, а то паміж вамі заўсёды нейкія нелады.

– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, прашу даць пісьмовы загад ад роты менавіта таму, што паміж вамі вечна нейкія нелады.

Пакуль надпаручнік Лукаш пісаў на лістку блакнота загад паручніку Дубу неадкладна з’явіцца ў гімназію на нараду, – Швейк яго запэўніваў:

– Цяпер, пан обер-лейтэнант, вы, як заўсёды, можаце быць спакойным. Я яго знайду, бо з той прычыны, што салдатам забаронена хадзіць у бардакі, то ён абавязкова будзе ў адным з іх. Яму ж трэба быць упэўненым, што ніхто з яго ўзвода не хоча трапіць пад палявы суд, якім ён увесь час пагражае. Ён сам аб’явіў салдатам, што абыдзе ўсе бардакі і што яны ўведаюць яго з кепскага боку. Зрэшты, я ведаю, дзе ён. Вось тут, насупраць, у гэтай кавярні, бо ўсе яго салдаты сачылі, куды ён пойдзе.

«Аб’яднаныя мэбляваныя пакоі і гарадская кавярня» – установа, пра якую ўпамянуў Швейк, – была падзелена на дзве часткі. Хто не хацеў ісці праз кавярню, ішоў чорным ходам, дзе выгравалася на сонцы старая пані, якая па-нямецку, па-польску і па-венгерску вымаўляла запрашэнне такога зместу: «Заходзьце, салдацік, у нас прыгожанькія дзяўчаткі!»

Калі салдацік уваходзіў, яна яго адводзіла ў нейкую прыёмную ці што і клікала адну з «дзяўчатак», якая тут жа прыбягала ў адной сарочцы, перш-наперш патрабавала грошы; пакуль салдат адшпільваў штык, грошы на месцы забірала «мадам».