Выбрать главу

Афіцэрства хадзіла праз кавярню. Гэтая дарога была больш цяжкай, бо вяла праз заднія пакоі, дзе жылі паненкі, прызначаныя для афіцэраў. Тут красунь прыбіралі ў карункавыя кашулькі, тут пілі віно і лікёры.

У такім райскім куточку, поўным клапоў, на канапе ў адных кальсонах качаўся паручнік Дуб. На адлегласці выцягнутай рукі ад яго на століку стаяла бутэлька рабінаўкі і чаркі. З той прычыны, што бутэлька была спарожнена толькі напалову, а мадмуазель Эла і паручнік Дуб ужо не маглі звязаць і двух слоў, было зразумела, што выпрабавання нагрузкай паручнік Дуб не вытрымаў.

Швейк падышоў да канапы і, падаючы паручніку Дубу лісток з блакнота, адрапартаваў, скоса пазіраючы на параскіданыя ў кутку пасцелі часткі абмундзіравання.

– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, што вы згодна з загадам, які я вам тут уручаю, павінны неадкладна апрануцца і прыбыць у нашы казармы ў гімназію. Там ідзе вялікая вайсковая нарада.

Паручнік Дуб вырачыў на яго мутныя вочы, але ўсведаміў, што не настолькі п’яны, каб не пазнаць Швейка. Яму раптам здалося, што Швейка паслалі да яго на рапарт, таму ён прагаварыў:

– Зараз, Швейк, я з табой распраўлюся! Убачыш… што з табой… будзе…

– Налі мне яшчэ адну, – крыкнуў ён Эле.

Ён выпіў і, разарваўшы пісьмовы загад, зарагатаў:

– Гэта выбачэнне? У нас… ніякіх… выбачэнняў… Мы… на вайсковай службе… а не ў гімназіі… Дык… значыцца… цябе злавілі… у бардаку? Падыдзі да мяне… Швейк… я дам табе ў морду.

– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, – няўмольна стаяў на сваім Швейк, – гэта найстражэйшы загад па брыгадзе – панам афіцэрам апрануцца і ісці на батальённую нараду. Мы ж выступаем, цяпер ужо будуць вырашаць пытанне, якая рота пойдзе ў авангардзе, якая ў флангавым прыкрыцці, а якая ў ар’ергардзе. Гэта будуць вырашаць зараз, і я думаю, што вам, пан лейтэнант, таксама варта выказацца па гэтым пытанні.

Дыпламатычная прамова Швейка крыху ажывіла паручніка Дуба, і ён пачынаў здагадвацца, што ён не ў казармах, але з асцярожнасці ўсё ж спытаў:

– Дзе я?

– Вы маеце ласку быць у бардачку, пан лейтэнант. Паручнік Дуб цяжка ўздыхнуў, злез з канапы і пачаў апранаць сваё абмундзіраванне. Швейк яму дапамагаў. Калі паручнік Дуб нарэшце апрануўся, абодва выйшлі. Але Швейк тут жа вярнуўся і, не звяртаючы ніякай увагі на Элу, якая, надаўшы яго вяртанню не той сэнс, зноў палезла ў пасцель, хутка дапіў рэшту рабінаўкі і пашыбаваў за паручнікам.

У варотах гімназіі Швейк пакінуў паручніка Дуба. Той, хістаючыся, падняўся ўгару па лесвіцы ў настаўніцкую, дзе адбывалася ваенная нарада, і адразу ж далажыў капітану Сагнеру, што ён ушчэнт п’яны.

У час дакладу ён сядзеў, звесіўшы галаву, а ў спрэчках зрэдку падымаўся, каб усклікнуць:

– Ваш погляд правільны, панове, але я зусім п’яны!

План дыспазіцыі быў распрацаваны. Рота паручніка Лукаша была прызначана ў авангард. Паручнік Дуб знянацку скалануўся, устаў і сказаў:

– Я памятаю, панове, нашага класнага настаўніка ў першым класе! Слава яму, слава яму, слава яму!

Надпаручнік Лукаш падумаў, што будзе лепш загадаць дзеншчыку Кунерту пакласці паручніка Дуба побач, у фізічным кабінеце, каля дзвярэй якога стаяў вартаўнік, каб ніхто не мог украсці ўжо напалову раскрадзеную калекцыю мінералаў. На гэта брыгада ўвесь час звяртала ўвагу часцей, якія праходзілі праз горад.

Гэта асцярога датавалася тым часам, калі адзін з ганведскіх батальёнаў, размешчаны ў гімназіі, паспрабаваў абакрасці кабінет. Асабліва спадабалася ганведам калекцыя мінералаў – стракатых крышталяў і калчаданаў, якія яны разапхалі па сваіх кайстрах.

На вайсковых могілках на адным з белых крыжоў ёсць надпіс: «Ласла Гаргань». Там спіць вечным сном ганвед, які пры грабяжы гімназічных калекцый выпіў увесь дэнатурат са слоіка, у якім былі заспіртаваны розныя паўзуны.

Сусветная вайна вынішчала чалавечае пакаленне нават настойкай на змеях.

Калі падрыхтоўка да выступлення паводле новай дыспазіцыі была закончана, брыгадны генерал сабраў увесь батальён, пастроіў яго, як звычайна, у карэ і пачаў прамову. Генерал вельмі любіў красамоўнічаць. Ён плёў лухту, пераскокваў з пятага на дзесятае, а калі ўжо не было пра што гаварыць, успомніў пра палявую пошту.

– Салдаты! – гарлапаніў ён на ўсю плошчу, – мы набліжаемся да непрыяцельскіх пазіцый, ад якіх нас сёння аддзяляюць толькі некалькі дзённых пераходаў. Салдаты, у час паходу вы пакуль не мелі магчымасці паведаміць вашым блізкім, якіх вы пакінулі, свае адрасы, каб вашы далёкія ведалі, куды вам пісаць, і каб вас маглі парадаваць лісты вашых дарагіх пакінутых…

Ён ужо не мог выблытацца з павуціння пустых слоў, бясконца паўтараючы: «Мілыя далёкія – дарагія блізкія – мілыя пакінутыя» і г. д., пакуль не вырваўся з гэтай павуціны магутным клічам: «Для гэтага і ёсць у нас палявыя пошты!»