Выбрать главу

У далейшым яго прамова стварала ўражанне, што ўсе людзі ў шэрых мундзірах павінны ісці на разню з найвялікшай радасцю толькі таму, што на фронце існуе палявая пошта. I калі снарадам каму-небудзь адарве абедзве нагі, то кожнаму будзе прыемна паміраць, успомніўшы, што нумар яго палявой пошты 72, і там, можа быць, ляжыць ліст з дому ад далёкіх мілых і пасылка з кавалкам вяндліны, сала і хатніх сухароў.

Пасля гэтай прамовы, калі брыгадны аркестр сыграў імператарскі гімн і была абвешчана слава імператару, асобныя статкі гэтага чалавечага быдла, прызначанага на зарэз дзе-небудзь за Бугам, пацягнуліся, згодна з аддадзенымі загадамі, адзін за адным у паход.

Адзінаццатая рота выступіла ў палове шостай у напрамку на Тураву-Вольскую. Швейк плёўся з-заду са штабам роты і санітарнай часцю, а надпаручнік Лукаш аб’язджаў усю калону, час ад часу вяртаючыся ў яе хвост, каб паглядзець, як на павозцы, пакрытай брызентам, санітары вязуць паручніка Дуба да новых геройскіх подзвігаў у невядомай будучыні, а таксама каб прабавіць час гутаркай са Швейкам, які цярпліва нёс сваю кайстру і вінтоўку, расказваючы старшаму пісару Ванаку, як прыгожа яны маршыравалі некалькі гадоў назад на манеўрах.

– Мясцовасць была акурат такая ж, як і тут, толькі мы маршыравалі не з поўнай выкладкай, бо тады мы нават і не ведалі, што такое запасныя кансервы; калі дзе-небудзь мы і атрымлівалі кансервы, то на першым жа начлегу зжыралі, а замест іх клалі ў кайстры цагліны. У адну вёску прыйшла інспекцыя і павыкідвала ўсю цэглу з мяшкоў. Яе было столькі, што нейкі там чалавек пабудаваў сабе сямейны дамок.

Салдаты брылі па галіцыйскай раўніне ў напрамку на Тураву-Вольску, па пыльнай шашы, паабапал якой далёка, аж да зялёных узгоркаў на поўдні, усе нівы былі вытаптаны і знішчаны капытамі коней і падэшвамі тысяч і тысяч цяжкіх салдацкіх чаравікаў.

– I мы некалі на манеўрах ля Пісека гэтак жа спаганілі зямлю, – абазваўся Швейк, азіраючы палеткі наўкола. – Быў там з намі адзін пан эрцгерцаг. Такі ўжо быў справядлівы, што калі праязджаў са сваім штабам па збажыне (пэўна, кіруючыся стратэгічнымі меркаваннямі), то ад’ютант тут жа ацэньваў нанесеную шкоду. Адзін селянін, па прозвішчу Піха, якому такія адведзіны ніякай радасці не прынеслі, не прыняў ад казны тыя васемнаццаць крон, што яму давалі за патаптаныя пяць мер поля, захацеў, пан обер-лейтэнант, судзіцца і атрымаў за гэта васемнаццаць месяцаў.

Я думаю, пан обер-лейтэнант, што ён усё-такі мог бы радавацца таму, што прадстаўнік імператарскага роду наведаў яго на ягонай зямлі. Другі, болей свядомы, селянін апрануў бы ўсіх сваіх дзяўчат у белыя сукенкі, як у царкву, даў бы ім у рукі кветкі, расставіў бы іх на сваім палетку і загадаў кожнай вітаць высокага госця, як гэта робяць у Індыі, дзе, як я чытаў, падданыя якога-небудзь валадара кідаюцца пад ногі слану, каб той іх растаптаў.

– Пра што гэта вы там прастарэкуеце? – аклікнуў Швейка з каня надпаручнік Лукаш.

– Асмелюся далажыць, панобер-лейтэнант, я гаварыў пра таго слана, які на сваім хрыбце нёс валадара, пра што я некалі чытаў.

– Вы, Швейк, усё можаце вытлумачыць надта правільна… – сказаў надпаручнік Лукаш і паскакаў наперад. Там калона разарвалася, бо пасля адпачынку ў поездзе непрывычны паход з поўным рыштункам стаміў усіх: балелі плечы, і кожны стараўся знайсці для сябе якую-небудзь палёгку. Салдаты перакладвалі вінтоўкі з аднаго пляча на другое, большасць ужо несла іх не на рэмені, а так, як носяць граблі ці вілы. Некаторыя думалі, што будзе лягчэй, калі яны пойдуць па канаве або па мяжы, дзе глеба пад нагамі ім здавалася мякчэйшай, чым на пыльнай шашы.

Большасць ішла, унурыўшы галаву, усе пакутавалі ад смагі, бо хоць сонца ўжо зайшло, было гррача і душна, як у поўдзень, і ні ў кога ў біклажцы не заставалася ні кроплі вады. Гэта быў першы дзень паходу, і нязвыклыя абставіны, якія былі як бы ўступам да яшчэ большых нягод, чым далей, тым больш рабілі ўсіх вялымі і знясіленымі. Салдаты толькі вылічвалі, колькі яшчэ ісці да Туравы-Вольскай, дзе, як яны меркавалі, будзе начлег. Некаторыя садзіліся ўскрай канавы і, каб гэта не выглядала адпачынкам, расшнуроўвалі чаравікі – можна было падумаць, што ў салдата кепска накручаны анучы і ён стараецца пераматаць іх так, каб у паходзе не нацерці ногі. Іншыя пакарочвалі або падаўжалі рамяні на вінтоўцы, а хто і развязваў кайстру ды перакладваў прадметы, якія былі ў ёй, пераконваючы саміх сябе, што робяць гэта толькі для таго, каб размеркаваць груз так, каб ён не адцягваў то адно, то другое плячо. Калі ж да іх набліжаўся надпаручнік Лукаш, яны ўставалі і дакладвалі, што ў іх недзе там цісне або што-небудзь падобнае; а некаторых такіх кадэт або ўзводны, згледзеўшы здалёк кабылу надпаручніка Лукаша, гналі наперад.