– А чаму б вам не займець паліцэйскага сабаку? – спытаў Швейк. – Такога, што сам бы ўсё высачыў і навёў на след злачішства? У аднаго разніка ў Вршовіцах ёсць такі сабака, ён цягае яго вазок. Гэты пёс працуе яўна не па спецыяльнасці.
– Я хацеў бы шпіца, – стрымана зазначыў Брэтшнайдэр, – шпіца, які б не кусаўся.
– Значыцца, вы жадаеце бяззубага шпіца? – удакладніў Швейк. – Ёсць у мяне адзін такі – у Дэйвіцах, у аднаго карчмара.
– Не, можа, лепей пінчара… – нерашуча вымавіў Брэтшнайдэр, кіналагічныя веды якога былі самымі зачаткавымі. Каб не загад з паліцэйскай управы, ён пра сабак ніколі нічога і не даведаўся б.
Але атрыманы загад быў выразны і неаспрэчны: пазнаёміцца са Швейкам бліжэй на глебе гандлю сабакамі. З гэтай мэтаю Брэтшнайдэр меў права выдаткаваць сродкі на куплю сабак.
– Пінчары бываюць буйнейшыя і драбнейшыя, – тлумачыў Швейк. – Прымеціў я тут двух маленькіх і трох большых. Усіх пяцярых можна на каленях трымаць. Mary ix горача парэкамендаваць вам.
– Гэта мне, бадай, падышло б, – заявіў Брэтшнайдэр. – А колькі каштуе адзін?
– У залежнасці ад велічыні, – адказаў Швейк, – усё залежыць ад велічыні. Пінчар не цяля. У пінчараў якраз наадварот: чым меншы, тым даражэйшы.
– Я ўзяў бы большага, старажавога, – сказаў Брэтшнайдэр, баючыся спустошыць сакрэтны фонд паліцыі.
– Добра, – згадзіўся Швейк, – большых магу вам саступіць па пяцьдзесят крон, самых буйных – па сорак пяць. Але мы забыліся пра адну рэч: вам шчанят ці дарослых; ды яшчэ – сабак або сучак?
– Мне ўсё адно, – махнуў рукой Брэтшнайдэр, якому абрыдлі ўсе гэтыя незнаёмыя праблемы, – дастаньце мне ix, і заўтра ў сем гадзін вечара я да вас зайду.
– Прыходзьце, будуць вам сабакі, – суха адказаў Швейк. – Але ў такім выпадку я мушу прасіць у вас задатак – трыццаць крон.
– З задавальненнем! – пагадзіўся Брэтшнайдэр, адлічваючы грошы. – А цяпер давайце вып’ем з вамі па чвэртцы віна за мой кошт.
Калі яны выпілі, Швейк таксама заказаў чвэртку віна за свой кошт, потым узяў Брэтшнайдэр, заклікаючы не баяцца яго, бо ён зараз не на службе, і таму Швейк можа спакойна размаўляць з ім пра палітыку.
Швейк заўважыў, што ў карчме ён пра палітыку ніколі не гаворыць, што ўся гэтая палітыка – занятак для малых дзяцей.
Брэтшнайдэр, наадварот, прытрымліваўся самых рэвалюцыйных поглядаў. Ён заяўляў, што кожная слабая дзяржава асуджана на пагібель, і пытаўся ў Швейка, які яго погляд на гэтыя рэчы.
Швейк адказаў, што з дзяржавай ён ніякіх спраў не меў, але аднаго разу ён даглядаў кволага шчанюка сенбернара, ён карміў яго нават ‘салдацкімі сухарамі, але шчанюк усё роўна здох.
Калі выпілі па пятай чвэртцы, Брэтшнайдэр аб’явіў сябе анархістам і пачаў дапытвацца ў Швейка, у якую арганізацыю яму запісацца.
Швейк расказаў, што аднойчы нейкі анархіст купіў у яго ў растэрміноўку за сто крон леанберга, але да гэтага часу не аддаў апошняга ўзносу.
За шостай чвэрткай Брэтшнайдэр выступіў за рэвалюцыю і супраць мабілізацыі, на што Швейк, нахіліўшыся да яго, шапнуў на вуха:
– Толькі што ўвайшоў нейкі наведнік. Калі ён пачуе вас, могуць быць непрыемнасці. Бачыце, шынкарка ўжо плача.
Пані Паліўцава, сапраўды, плакала на сваім крэсле за стойкай.
– Чаго вы плачаце, пані шынкарка? – спытаў Брэтшнайдэр. – Праз тры месяцы мы пераможам, будзе амністыя, ваш муж вернецца, і мы яшчэ наладзім у вас хвацкую пагулянку! А, можа, вы лічыце, што мы не пераможам? – звярнуўся ён да Швейка.
– Навошта перажоўваць адно і тое ж? – сказаў Швейк. – Павінны перамагчы – і баста! А мне ўжо трэба збірацца дадому.
Швейк расплаціўся і вярнуўся да сваёй старой служанкі пані Мюлер, якая вельмі спалохалася, убачыўшы, што мужчына, які адмыкае ключом дзверы ў хату, не хто іншы, як Швейк.
– А я, васпан, думала, што вы вернецеся толькі праз некалькі гадоў, – сказала яна са звыклай шчырасцю. – I я тут… з літасці… узяла ў жыльцы аднаго швейцара з начной кавярні, бо ў нас тут тройчы быў вобыск, і, калі нічога не знайшлі, сказалі, што вы прапалі, бо вы несусветны злачынца.
Швейк хутка пераканаўся, што незнаёмец уладкаваўся з усімі выгодамі: спаў на яго ложку і быў нават настолькі ўважлівы і ветлівы, што задаволіўся толькі паловай, а другую саступаў нейкаму даўгавалосаму стварэнню, якое з удзячнасці спала, абняўшы яго за шыю. На падлозе вакол ложка валяліся ўперамешку часткі мужчынскага і жаночага гардэроба. Па гэтым хаосе было відаць, што швейцар з начной кавярні вярнуўся ўчора са сваёй дамай у надта вясёлым настроі.
– Пане, – гаварыў Швейк, трасучы няпрошанага чужаніцу, – як бы вы не спазніліся на абед. Мне будзе надта непрыемна, калі вы потым скажаце, што я вас выкінуў у такі час, калі ўжо нідзе не здабудзеш нічога на абед.