Выбрать главу

Сапраўды, там падавалі адны пладовыя віны без усялякага алкаголю. Спачатку яны заказалі па паўлітра віна з агрэсту, затым зноў па паўлітра, але – з парэчак, а калі яшчэ выпілі па паўлітра безалкагольнага агрэставага віна, ногі ў іх пачалі адымацца ад тых вермутаў і шэры, якія яны выпілі раней. Тут яны пачалі крычаць і патрабаваць, каб ім прынеслі афіцыйнае пасведчанне, што тое, што яны пілі, сапраўды безалкагольныя віны. Яны, маўляў, абстыненты, і калі ім такога пасведчання не прынясуць, то яны тут усё разнясуць ушчэнт, разам з грамафонам. Потым паліцэйскім прыйшлося выцягнуць іх абодвух па сходках нагару, на Бальцанаву вуліцу. Заштурхалі ix у кашы і пасадзілі ў адзіночныя камеры. Абодва, як абстыненты, былі асуджаны за п’янства.

– Навошта вы мне ўсё гэта расказваеце? – крыкнуў паручнік Дуб, якога гэтае апавяданне Швейка канчаткова працверазіла.

– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, гэта вас не датычыць, але калі ўжо мы распачалі гаворку…

Паручніку Дубу ў гэты момант здалося, што Швейк яго зноў абражае, хаця ён ужо зусім цвярозы, і закрычаў:

– Ты яшчэ мяне ўведаеш! Як стаіш?

– Асмелюся далажыць, няправільна стаю, я зусім забыўся, асмелюся далажыць, паставіць пяткі разам, наскі паасобку! Зараз гэтак зраблю! – Швейк выцягнуўся паводле ўсіх правілаў ва фронт.

Паручнік Дуб раздумваў, што б яму яшчэ сказаць, але ўрэшце працадзіў:

– Глядзі ты ў мяне, каб гэта было апошні раз! – I як бы ў дадатак паўтарыў сваю старую прыгаворку, трохі яе змяніўшы:

– Ты мяне яшчэ не ведаеш, але я цябе ведаю!

Адыходзячы ад Швейка, паручнік Дуб падумаў пра свой п’яны грэх: «Можа, на яго падзейнічала б болей, калі б я сказаў: «Я цябе, хлопча, ужо даўно ведаю з кепскага боку».

Затым паручнік Дуб паклікаў свайго дзеншчыка Кунерта і загадаў яму дастаць збан вады.

Кунерт, на гонар яго будзь сказана, патраціў шмат часу на пошукі ў Тураве-Вольскай збана вады. Збан яму нарэшце ўдалося ўкрасці ў пана плябана, а вады ён набраў з забітай дошкамі студні. Для гэтага яму, вядома, давялося адарваць некалькі дошак. Студня была забіта таму, што падазравалі, быццам вада ў ёй тыфозная.

Аднак паручнік Дуб выпіў цэлы збан вады без усякіх небяспечных вынікаў, чым пацвердзіў прыказку: «Добрай свінні любое пойла ўсмак».

Усе вельмі памыляліся, калі думалі, што будуць начаваць у Тураве-Вольскай.

Надпаручнік Лукаш выклікаў тэлефаніста Хадоўнскага, старшага пісара Ванака, ардынарца роты Швейка і Балоўна. Загад быў просты: усе яны пакідаюць зброю ў санітарнай часці і тут жа выступаюць па палявой дарозе на Малы Палянец, а потым уніз уздоўж ракі ў паўднёва-ўсходнім напрамку на Ліскавец.