Выбрать главу

Роту давялося размясціць у маленькім разбураным бровары на другім канцы вёскі. У брадзільні бровара размясцілася ўсяго паўроты. Астатнія былі паселены па дзесяці чалавек у некалькіх сядзібах, куды заможныя шляхцічы не пускалі бедную галоту і беззямельных сялян-паўжабракоў.

Штаб роты з усімі афіцэрамі, старшым пісарам Ванакам, дзеншчыкамі, тэлефаністам, кухарамі і Швейкам размясціўся ў доме пана плябана, які таксама не пусціў да сябе ніводнай збяднелай сям’і з наваколля. Таму вольнага месца ў яго было многа.

Гэта быў высокі худы стары пан у выцвілай зашмальцаванай сутане. Ад скупасці ён амаль нічога не еў. Бацька выхаваў яго ў нянавісці да рускіх, аднак гэтую нянавісць як рукой зняло пасля адступлення рускіх, калі ў вёску прыйшлі салдаты аўстрыйскай арміі. Яны сажралі ўсіх яго гусей і курэй, якіх рускія не кранулі, хоць у яго і стаяла некалькі кудлатых забайкальскіх казакаў.

Калі ж у Ліскавец увайшлі венгры і выбралі ўвесь мёд з вулляў, ён яшчэ больш узненавідзеў аўстрыйскую армію. Зараз ён з нянавісцю пазіраў на сваіх няпрошаных начных гасцей, яму яўна падабалася праходжвацца каля іх і, паціскаючы плячыма, паўтараць:

– У мяне нічога няма. Я – жабрак, вы не знойдзеце ў мяне, панове, ні акрайчыка хлеба.

Больш за ўсіх быў засмучаны Балоўн, які ледзьве не расплакаўся пры апісанні такой галечы. У яго галаве мільгала няпэўнае ўяўленне аб нейкім падсвінку, падсмажаная шкурка якога так апетытна пахне і хрубасціць, як мёд у сотах. Балоўн нюхаў паветра ў кухні ксяндза, куды час ад часу заглядваў цыбаты падлетак, які працаваў за батрака і кухарку адначасова. Яму было строга загадана сачыць, каб чаго-небудзь не ўкралі.

Але і ў кухні Балоўн не знайшоў нічога, апрача жменькі кмену, які ляжаў у паперцы на сальнічцы. Кмен ён тут жа высыпаў сабе ў рот. Водар кмену выклікаў у яго смакавыя галюцынацыі падсвінка. За домам святара, на двары маленькага бровара гарэў агонь пад катламі палявой кухні. У іх кіпела вада, але ў ёй нічога не гатавалася.

Старшы пісар з кухарам бегалі па ўсёй вёсцы, шукаючы свінню, але ўсё было марна. Усюды ім адказвалі, што маскалі або з’елі, або забралі.

Пабудзілі таксама яўрэя ў карчме, які пачаў ірваць на сабе пейсы і шкадаваць, што не можа панам салдатам дагадзіць, а пад канец прыстаў да іх, просячы, каб у яго купілі старую, стогадовую карову, худую здыхляціну, на якой былі толькі косці ды скура. Ён патрабаваў за яе шалёныя грошы, рваў бараду і прысягаў, што такой каровы не знайсці ва ўсёй Галіцыі, ва ўсёй Аўстрыі і Германіі, ва ўсёй Еўропе і ва ўсім свеце. Ён выў, плакаў і бажыўся, што гэта самая тлустая карова, якая па волі Іеговы калі-небудзь з’яўлялася на свет божы. Ён кляўся ўсімі прабацькамі, што глядзець на гэтую карову прыязджаюць аж з Валачыска, што па ўсім краі аб ёй ідзе слава, што гэта не карова, а казка, што гэта нават не карова, а самы сыты буйвал. Урэшце, ён укленчыў перад імі і, абнімаючы калені то аднаго, то другога, заклінаў:

– Лепей забіце старога, няшчаснага яўрэя, але без каровы не адыходзьце.

Ён так задурыў усім галаву сваім енкам, што ўрэшце гэтую здыхляціну, якой пагрэбаваў бы любы скуралуп, пацягнулі на палявую кухню. Яшчэ доўга пасля таго як грошы былі ўжо ў яго кішэні, яўрэй стагнаў і плакаў, што яго канчаткова загубілі, знішчылі, што ён сам сябе абакраў, прадаўшы ім так танна такую цудоўную карову. Ён прасіў павесіць яго за тое, што на старасці год зрабіў такое глупства, з-за якога яго прабацькі перавернуцца ў труне.

Пачакаўшы яшчэ крыху ў пыле, ён раптам строс з сябе ўвесь смутак, пайшоў дамоў і там, у сваёй каморцы, сказаў жонцы:

– Эльза, жыццё маё, салдаты дурныя, а твой Натан мудры!

З каровай было шмат працы. У нейкую хвіліну здавалася, што яе ўвогуле нельга абадраць. Калі пачалі здзіраць з яе шкуру, яна разарвалася, і пад ёй паказалася мускулатура, скручаная, быццам высахлыя марскія канаты.

Тым часам аднекуль прыцягнулі мяшок бульбы і, не спадзеючыся на што-небудзь добрае, пачалі варыць тыя сухажыллі і косці, у той час як побач, на меншай кухні, кухар у поўным адчаі гатаваў абед афіцэрам з кавалкаў гэтага шкілета.

Няшчасная карова, калі наогул можна так назваць гэтую рэдкую з’яву прыроды, надоўга запала ў памяць усім, і можна амаль з упэўненасцю заявіць, што, калі б перад бітвай ля Сакаля камандзіры нагадалі салдатам пра ліскавецкую карову, уся адзінаццатая рота са страшным галёканнем і ярасцю кінулася б на непрыяцеля ў штыкі.

Карова была такая бесскаромная, што нават супу з яе не ўдалося зварыць: чым даўжэй мяса гатавалася, тым мацней яно трымалася на касцях, утвараючы з імі адно цэлае, закасцянелае, як стары бюракрат, які паўвеку пасецца сярод канцылярскіх папер і харчуецца толькі пратаколамі.