Швейк, які падтрымліваў у якасці кур’ера пастаянную сувязь паміж штабам і кухняй, каб вызначыць, калі мяса будзе зварана, далажыў нарэшце надпаручніку Лукашу:
– Пан обер-лейтэнант, з каровы ўжо атрымаўся фарфор. У гэтай каровы такое цвёрдае мяса, што ім можна рэзаць шкло. Кухар Паўлічак, пакаштаваўшы разам з Балоўнам мяса, зламаў сабе пярэдні зуб, а Балоўн – задні карэнны.
Балоўн з сур’ёзным выглядам падышоў да надпаручніка Лукаша і, заікаючыся, падаў яму свой зламаны зуб, сказаўшы:.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, я зрабіў усё, што мог. Я гэты зуб зламаў аб афіцэрскі абед, калі мы з кухарам пакаштавалі, ці нельга з гэтага мяса прыгатаваць біфштэкс.
Пры гэтых яго словах з крэсла каля акна паднялася нейкая змрочная фігура.
Гэта быў паручнік Дуб, якога санітарная двухколка прывезла зусім разбітым:
– Прашу цішыні, – сказаў ён голасам, поўным адчаю, – мне нядобра!
Ён зноў сеў у старое крэсла, у кожнай шчыліне якога былі тысячы клапіных яец.
– Я стаміўся, – прагаварыў ён трагічным тонам, – я слабы і хворы, прашу перада мной не гаварыць аб зламаных зубах. Мой адрас: Сміхаў, Кралаўская, васемнаццаць. Калі я не дачакаюся заўтрашняга дня, то прашу асцярожна апавясціць аб гэтым маю сям’ю і прашу не забыць напісаць на маёй магіле, што я да вайны быў выкладчыкам імператарскай каралеўскай гімназіі.
Ён ціхутка захроп і ўжо не чуў, як Швейк прадэкламаваў верш з памінальнай песні:
Марыі грэх ты дараваў, Разбойніка пашкадаваў, Цяпер ты мне надзею даў!
Пасля гэтага старшы пісар Ванак вызначыў, што славутая карова павінна гатавацца ў афіцэрскай кухні яшчэ дзве гадзіны, што пра біфштэкс не можа быць і гаворкі і што замест біфштэксу зробяць гуляш.
Было вырашана даць салдатам адпачынак, перш чым затрубяць «на вячэру», бо ўсё роўна вячэра будзе гатова толькі пад раніцу.
Старшы пісар Ванак прыцягнуў аднекуль ахапак сена, падклаў яго сабе ў сталоўцы пана плябана і, нервова пакручваючы вусы, ціха сказаў надпаручніку Лукашу, які адпачываў на старой кушэтцы:
– Паверце мне, пан обер-лейтэнант, такой каровы я яшчэ за ўсю вайну не еў…
У кухні перад запаленым агаркам касцёльнай свечкі сядзеў тэлефаніст Хадоўнскі і пісаў дамоў ліст у запас, каб не турбавацца потым, калі батальён будзе нарэшце мець пэўны нумар палявой пошты. Ён пісаў: «Мая наймілейшая Божанка!
Калі ты атрымаеш гэтыя радкі, то ведай, што я пішу пасля вялікага бою, у якім ваеннае шчасце ўсміхнулася вам. Між іншым, мы збілі штук дзесяць непрыяцельскіх аэрапланаў і аднаго генерала з вялікай бародаўкай ва носе. У самым жорсткім баі, калі вад вамі выбухалі снарады, я думаў пра цябе, дарагая Божанка! Што ты робіш, як ты маешся, што новага дома? Я заўсёды памятаю, як мы з табой былі ў піўной «У Томаша» і як ты мяне вяла дамоў і як на другі дзень у цябе балела рука. Сёння мы зноў наступаем, так што мне няма часу пісаць ліст далей. Спадзяюся, што ты мне засталася вернай, бо добра ведаеш, што ў гэтых адносінах я звер. Але час ісці ў паход! Цалую цябе тысячу разоў, дарагая Божанка, і спадзявайся, што ўсё скончыцца добра!
Шчыра твой Товаўш».
Тэлефаніст Хадоўнскі пачаў кляваць носам і заснуў за сталом.
Ксёндз, які зусім яе клаўся спаць і ўсё хадзіў па доме, адчыніў дзверы ў кухню і дзеля эканоміі задзьмуў агарак касцёльнай свечкі, што дагараў каля Хадоўнскага.
У сталоўцы ніхто не спаў, апрача паручніка Дуба. Старшы пісар Ванак, які ў Санаку ў брыгаднай канцылярыі атрымаў новы каштарыс, што датычыў забеспячэння войск прадуктамі, старанна вывучаў яго і адзначаў, што чым бліжэй армія да фронту, тым меншымі робяцца пайкі. Ён нават міжвольна засмяяўся над адным параграфам, згодна з якім забаранялася пры прыгатаванні салдацкай поліўкі ўжываць шафран і імбір. У загадзе была заўвага: палявыя кухні абавязаны збіраць косці і адсылаць ix у тыл ва дывізіённыя склады. Было трохі незразумела, пра якія косці ідзе гаворка – пра чалавечыя ці пра косці іншага забойнага быдла.
– Паслухайце, Швейк, – сказаў падпаручнк Лукаш, пазяхаючы ад нуды, – пакуль мы дачакаемся чаго-небудзь на зуб, вы маглі б расказаць якую-небудзь гісторыю.
– Ох! – адказаў Швейк. – Пакуль мы дачакаемся яды, я паспеў бы расказаць вам, пан обер-лейтэнант, усю гісторыю чэшскага народа. А пакуль я раскажу вам вельмі кароткую гісторыю пра адну паві паштмайстрыху з Седлчанскай акругі. Пасля смерці мужа пані была прызначаная ва яго месца. Я тут жа ўспомніў пра яе, калі пачуў размовы пра палявую пошту, хоць гэта гісторыя ве мае нічога агульнага з палявой поштай.