Швейцар так разаспаўся, што мінула нямала часу, пакуль ён не асэнсаваў, што вярнуўся дадому ўласнік ложка і выстаўляе свае правы на яго.
Паводле звычкі ўсіх швейцараў начных кавярань, і гэты выказаўся ў тым сэнсе, што аддубасіць кожнага, хто паспрабуе яго будзіць, і намерыўся спаць далей.
Тым часам Швейк сабраў часткі яго гардэроба, прынёс іх да ложка і, энергічна патрапаўшы швейцара, сказаў:
– Калі вы не адзенецеся, дык я паспрабую выкінуць вас на вуліцу так, як вы ёсць. Для вас гэта будзе вялікай выгодай вылецець адсюль апранутым.
– Я збіраўся спаць да васьмі вечара, – пралепятаў азадачаны швейцар, нацягваючы штаны. – Я плачу гаспадыні за ложак па дзве кроны ў дзень і магу вадзіць паненак з кавярні. Маржанка, уставай!
Прыладжваючы каўнерык і завязваючы галыптук, ён ужо настолькі ачомаўся, што пачаў запэўніваць Швейка, нібыта начная кавярня «Мімоза» – сапраўды адна з самых прыстойных начных устаноў, куды маюць доступ толькі дамы, у якіх жоўты білет у поўным парадку, і сардэчна запрашаў Швейка ў адведзіны.
Аднак яго сяброўка засталася вельмі незадаволена Швейкам і ўжыла некалькі надта велікасвецкіх выразаў, з якіх самымі прыстойнымі былі: «Ёлупень», «Яловая галава».
Пасля таго, як няпрошаныя жыльцы пакінулі хату, Швейк пайшоў ва кухню ўладжваць адносіны з пані Мюлер, але не знайшоў ніякіх яе слядоў, апрача кавалачка паперы, на якім алоўкам было надрапана некалькі слоў нязграбным почыркам пані Мюлер: «Прабачце, васпан, я вас болей не ўбачу, бо кідаюся з акна».
– Хлусіць, – сказаў Швейк і сабраўся чакаць. Праз паўгадзіны ў кухню ўпаўзла няшчасная пані Мюлер, і па прыгнечаным выразе яе твару было відаць, што яна чакае ад Швейка слоў уцехі.
– Калі вы хочаце выкінуцца з акна, – сказаў Швейк, – то ідзіце ў пакой, акно я расчыніў. Скакаць з кухоннага я б вам не раіў, таму што вы ўпадзяце ў сад на ружы, паламаеце ўсе кусты і будзеце вымушаны за ўсё заплаціць. А з таго акна вы надзвычай удала зляціце на ходнік і, калі вам пашчасціць, скруціце сабе шыю. Калі ж не пашанцуе, то вы толькі пераламаеце сабе рэбры, рукі і ногі, і вам давядзецца плаціць за ляжанне ў бальніцы.
Пані Мюлер залілася слязамі, ціха пайшла ў пакой Швейка… зачыніла акно і, вярнуўшыся, сказала:
– Дзьме, а пры вашым, васпан, раматусе гэта нядобра.
Затым, паслаўшы пасцель і з незвычайнай стараннасцю прыбраўшы ўсё да ладу, яна вярнулася са слязьмі на вачах, у кухню і далажыла Швейку:
– Тыя два шчанючкі, васпан, што былі ў нас на двары, здохлі, а сенбернар уцёк, калі тут рабілі вобыск.
– О божа! – усклікнуў Швейк. – Ён можа ўліпнуць у гісторыю! Цяпер яго, напэўна, будзе высочваць паліцыя.
– Ён укусіў аднаго з паноў паліцэйскіх камісараў, калі той у час вобыску выцягваў яго з-пад ложка, – працягвала пані Мюлер. – Спачатку адзін з гэтых паноў сказаў, што там, пад ложкам, хтосьці ёсць, дык імем закона сенбернару было загадана вылезці, а ён ніяк не хацеў, вось яго і выцягнулі. Сенбернар кідаўся іх зжэрці, а потым вылецеў за дзверы і больш не вярнуўся. Мяне таксама дапытвалі, цікавіліся, хто да нас ходзіць, ці не атрымліваем грошай з-за мяжы, а потым пачалі намякаць, што я дурніца, калі я ім сказала, што грошы з-за мяжы прыходзяць зрэдку, апошні раз ад пана настаўніка з Брно – памятаеце, шэсцьдзесят крон задатку за ангорскую кошку, вы пра яе давалі аб’яву ў газету «Народні поліціка», а замест яе ў Брно ў скрынцы зпад фінікаў паслалі сляпога шчанюка фокстэр’ера. Потым са мной гутарылі вельмі ласкава і рэкамендавалі мне ў кватаранты, каб я адна дома не баялася, гэтага швейцара з начной кавярні, якога вы выкінулі…
– Страшэнна не шанцуе мне з гэтымі органамі ўлады, пані Мюлер, – уздыхнуў Швейк. – Вось убачыце, колькі іх прыйдзе сюды купляць сабак.
Не ведаю, ці расшыфравалі тыя, хто пасля перавароту праглядаў паліцэйскі архіў, артыкулы выдаткаў сакрэтнага фонду дзяржаўнай паліцыі, дзе значылася: С. – 40 к., Ф. – 50 к., Л. – 80 к. і гэтак далей, але яны жорстка памыляліся, калі думалі, што С, Ф. і Л. – ініцыялы нейкіх асоб, якія за 40, 50, 80 і г. д. крон прадавалі чэшскі народ чорнажоўтаму арлу.*
У сапраўднасці ж С. азначала сенбернара, Ф. – фокстэр’ера, а Л. – леанберга. Усіх гэтых сабак Брэтшнайдэр прывёў ад Швейка ў паліцэйскую ўправу.
Гэта былі брыдкія страшыдлы, якія не мелі нічога агульнага ні з адным з тых чыстакроўных сабак, за якіх Швейк выдаваў іх Брэтшнайдэру.
Заходзіў да Швейка купіць сабаку і сам дэтэктыў Калоўс*… і вярнуўся з сапраўднай пачварай, якая нагадвала плямістую гіену, хаця ў яе і была грыва шатландскай аўчаркі. А ў артыкуле сакрэтнага фонду дабавілася новая адзнака: Д. – 90 к. Гэтая пачвара павінна была адыгрываць ролю дога.