Пад вечар Швейк прыйшоў да невялікай сажалкі, дзе сустрэў рускага, які збег з палону і вырашыў тут пакупацца. Заўважыўшы Швейка, рускі вылез з вады і голы кінуўся наўцёкі.
Швейку стала цікава, як бы выглядала яа ім руская вайсковая форма, якая валялася тут жа пад вербачкамі. Ён хутка распрануўся і надзеў форму няшчаснага голага рускага, які збег з эшалона ваеннапалонных, што размяшчаўся ў вёсцы за лесам. Швейк захацеў дакладна сябе разглядзець і хадзіў па плаціне сажалкі, пазіраючы на сваё адлюстраванне ў вадзе. Там яго і знайшоў патруль палявой жандармерыі, які вёў пошукі рускага ўцекача. Жандары былі венгры і, нягледзячы на пратэсты Швейка, пацягнулі яго ў этапную ўправу ў Хыраве, дзе яго ўключылі ў транспарт рускіх палонных, прызначаных для працы па рамонту чыгуначнай лініі на Перамышль.
Усё гэта адбылося так хутка, што толькі на другі дзень Швейк усвядоміў сваё становішча і на белай сцяне класнага пакоя, дзе была размешчана частка палонных, напісаў галавешкай: «Тут спаў Ёзаф Швейк, ардынарац 11й маршавай роты 91 га палка, які, будучы кватармайстарам, памылкова трапіў пад Фельдштэйнам у аўстрыйскі палон».
Частка IV. Працяг урачыстай лупцоўкі
Раздзел I. Швейк у эшалоне рускіх палонных
Калі Швейк, якога паводле рускага шыняля і фуражкі памылкова палічылі за рускага палоннага, што збег з вёскі пад Фельдштэйнам, напісаў вугалем на сцяне свой адчайны лямант, ніхто не звярнуў на гэта ніякай увагі. Калі ж на этапе ў Хыраве пры раздачы палонным кавалкаў чэрствага кукурузнага хлеба ён хацеў усё да дробязей растлумачыць афіцэру, што праходзіў міма, то адзін з салдат-мадзьяраў, якія канваіравалі эшалон, ударыў яго прыкладам па плячы, дадаўшы: «Baszom az élet”. У калону, руская свіння!»
Гэта было звыклай праявай адносін мадзьяраў да рускіх палонных, мовы якіх яны не разумелі. Швейк вярнуўся ў калону і звярнуўся да бліжэйшага палоннага:
– Гэты чалавек выконвае свой абавязак, але ён можа трапіць у небяспеку. Што калі раптам вінтоўка ў яго зараджана, а курок на баявым узводзе? Лёгка ж можа здарыцца, што як ён пачне малаціць чалавека прыкладам па плячы, курок спусціцца і ўвесь зарад уляціць яму ў глотку і ён памрэ пры выкананні службовых абавязкаў. На Шумаве ў адной каменяломні рабочыя кралі дынамітныя запалы, каб мець запас на зіму для выкарчоўвання пнёў. Стораж каменяломні атрымаў загад усіх пры выхадзе абшукваць. Ён з такой ахвотай узяўся за працу, што схапіўшы першага ж рабочага, пачаў ляпаць яго па кішэнях так, што запалы выбухнулі, і яны абодва вылецелі ў паветра – здавалася, што ў апошнюю хвіліну яны абняліся.
Рускі палоннік, якому Швейк гэта расказваў, тупа ўзіраўся ў яго, і было відаць, што з усёй гаворкі ён не зразумеў ані слова.
– Нэ панымат, я крымскі татарын. Алах ахпер. Татарын сеў на зямлю і, скрыжаваўшы ногі і склаўшы рукі на грудзях, пачаў маліцца: «Алах ахпер – алах ахпер – безміла – арахман – арахім – малінкін мустафір»*.
– Дык ты, значыцца, татарын, – спачувальна прамовіў Швейк. – Табе пашанцавала. Калі ты татарын, мы з табой павінны паразумецца. Гм! Ты ведаеш Яраслава Штэрнберка?* Нават імя не ведаеш, татарскае насенне? Ён жа вам даў дыхту пад Госцінам. Вы, татарскія ліхадзеі, тады давалі драла з Маравы, як з жарам у нагавіцах.
Швейк звярнуўся да другога палоннага.
– Ты таксама татарын?
Той зразумеў слова «татарын» і пакруціў галавой:
– Татарын нэт, чаркес, секім башка.
Швейку ўвогуле пашчасціла, што ён апынуўся ў грамадзе прадстаўнікоў розных усходніх народаў. У эшалоне ехалі татары, грузіны, асеціны, чаркесы, мардвіны і калмыкі. А няшчасце было ў тым, што Швейк ні з кім не мог дамовіцца. У этапнай управе іх перапісалі, што было вельмі цяжка, бо ніхто з трохсот палонных не разумеў той рускай мовы, на якой гаварыў фельдфебель-пісар, што сядзеў за сталом. Некалі ён заявіў, што ведае па-руску, і цяпер ва Усходняй Галіцыі выступаў у ролі перакладчыка, карыстаючыся ламанай славацкай мовай, якую сяк-так асвоіў, калі ад венскай фірмы прадаваў у Славакіі абразкі св. Стэфана, крапільніцы і ружанцы.
Але з гэтымі дзіўнымі тыпамі ён ніяк не мог дамовіцца і разгубіўся. Выйшаўшы з канцылярыі, ён загалёкаў у натоўп палонных: «Wer kann deutsch sprechen?»