Замест адказу Швейк рупліва прыклаў сваю руку яму да лба, потым памацаў пульс і, нарэшце, падвёўшы да маленькага акенца, папрасіў яго высунуць язык. Нягоднік усёй гэтай працэдуры не супраціўляўся, мяркуючы, што Швейк перагаворваецца з ім нейкімі змоўніцкімі знакамі. Потым Швейк пачаў дубасіць у дзверы, і калі наглядчык прыйшоў спытаць, чаму ён так грукоча, ён па-чэшску і па-нямецку запатрабаваў, каб неадкладна паклікалі доктара, бо чалавек, якога сюды змясцілі, трызніць.
Аднак нішто не падзейнічала, па суседа ніхто не прыйшоў. Ён спакойна заставаўся на рысавым складзе і па-ранейшаму балбатаў пра Кіеў і пераконваў, што, несумненна, бачыў там, як Швейк маршыраваў сярод рускіх салдат.
– Вы, відаць, напіліся балотнай вады, – сказаў Швейк, – як наш малады Тынецкі, чалавек увогуле разумны, але аднойчы ён падаўся ў вандроўкі і дапяў аж да Італіі. Дык ні пра што іншае не гаварыў, толькі пра тую Італію, маўляў, там адна балотная вада і больш нічога вартага ўвагі. I ад гэтай балотнай вады ён схапіў ліхаманку. Яна яго калаціла чатыры разы ў год: на ўсіх святых, на святога Іосіфа, на Пятра і Паўла і на Прачыстую. Як на яго нападзе, дык ён гэтак жа, як і вы, пачынаў пазнаваць зусім чужых, незнаёмых яму людзей.
– Я ведаў усіх вашых знаёмых па Кіеву, – нястомна паўтараў агент контрразведкі. – Ці не з вамі там быў адзін такі тоўсты і адзін такі худы? Вось не ведаю цяпер, як іх звалі і з якога яны палка.
– Не бярыце да галавы, – суцяшаў яго Швейк, – гэта можа здарыцца з кожным. Усіх тоўстых і худых па прозвішчу не запомніш. Худых людзей запамінаць, вядома, цяжэй, бо іх на свеце больш. Яны, як гаворыцца, складаюць большасць.
– Прыяцель, – захныкаў імператарска-каралеўскі мярзотнік, – ты мне не верыш. А нас жа чакае аднолькавы лёс!
– На тое мы і салдаты, – нядбала кінуў Швейк, – для таго нас маці і на свет нарадзілі, каб нас, як толькі апрануць у мундзіры, разнесла на кавалкі. I мы ідзём на гэта, з радасцю, бо ведаем, што нашы косці не будуць гніць дарэмна. З іх будуць выпрацоўваць касцяны вугаль для цукраварань. Гэта ўжо некалькі гадоў назад тлумачыў нам пан лейтэнант Цымер. «Вы свіная банда, – гаварыў ён, – кныры неадукаваныя, вы нікчэмныя малпы, калі вы загінеце на полі бою, дык з кожнага вашага маслака зробяць паўкіло касцянога вугалю, а з усяго цела з маслакамі і пазурамі, можа, і болей за два кілаграмы. Праз вас у цукраварнях будуць фільтраваць цукар, ідыёты. Вы нават не ўяўляеце, наколькі карысныя вашым нашчадкам вы будзеце пасля смерці. Вашы дзеці будуць піць каву з цукрам, працэджаным праз вашы косці, ёлупні!» Я задумаўся, а ён да мяне: «Пра што разважаеш?» – «Асмелюся далажыць, – кажу, – я мяркую, што касцяны вугаль з паноў павінен быць значна даражэйшы, чым з простых ваякаў». За гэта я атрымаў тры дні адзіночкі.
Кампаньён Швейка пастукаў у дзверы і аб нечым дамовіўся са стражай, якая далажыла канцылярыі. Праз хвіліну па Швейкавага кампаньёна прыйшоў нейкі штабны пісар, і Швейк зноў застаўся адзін.
Адыходзячы, гэтая жывёліна, паказваючы на Швейка, заявіла штабному пісару:
– Гэта мой стары камрад па Кіеву.
Цэлых дваццаць чатыры гадзіны заставаўся Швейк адзін, апрача тых хвілін, калі яму прыносілі паесці.
Уначы ён пераканаўся, што рускі шынель цяплейшы і большы за аўстрыйскі і што няма нічога непрыемнага ў тым, калі мыш абнюхвае вуха соннага чалавека. Швейку гэта здавалася пяшчотным шэптам, які на золку перапынілі канвойныя, што прыйшлі па яго.
Потым Швейк ніяк не мог вызначыць, што гэта быў за суд, куды яго прывалаклі ў тую сумную раніцу. Але што суд быў вайсковы, у тым ніякага сумнення не было. У ім засядалі нават нейкі генерал, потым былі яшчэ палкоўнік, маёр, падпаручнік, паручнік, пісар і якісьці пехацінец, які, уласна кажучы, нічога не рабіў, толькі прыкурваў іншым сігарэты.
Шмат Швейка не пыталі. Крыху большую цікавасць, чым іншыя, праявіў ды Швейка маёр, які гаварыў па-чэшску.
– Вы здрадзілі пану імператару! – зароў~ ён на Швейка.
– Ежыш Марыя! Калі? – усклікнуў Швейк. – Гэта каб я здрадзіў нашаму імператару, нашаму найсвятлейшаму манарху, за якога я столькі адпакутаваў?!
– Кіньце гэтую бязглуздзіцу! – крыкнуў маёр.
– Асмелюся далажыць, пан маёр, здрада пану імператару – гэта не бязглуздзіца. Мы – людзі службовыя, прысягалі пану імператару на вернасць і прысягу гэтую, як спявалі ў тэатры, я нібы верны муж выканаў*.