– Вось, – сказаў маёр, – вось тут доказы вашай віны, тут праўда, – ён паказаў на вялікі стос папер.
Асноўны матэрыял суду даў чалавек, якога падсадзілі да Швейка.
– Вы яшчэ і цяпер не жадаеце прызнацца? – спытаў маёр. – Вы ж самі пацвердзілі, што, будучы аўстрыйскім вайскоўцам, добраахвотна пераапрануліся ў рускую форму. Пытаю вас апошні раз: вас да гэтага хто-небудзь прымушаў?
– Я зрабіў гэта без усякага прымусу.
– Добраахвотна?
– Добраахвотна.
– Без націску?
– Без націску.
– Вы разумееце, што вы прапалі?
– Разумею; у Дзевяноста першым палку мяне, канечне, ужо шукаюць, але, дазвольце мне, пан маёр, зрабіць невялічкую заўвагу аб тым, як людзі добраахвотна пераапранаюцца ў чужое ўбранне. У тысяча дзевяцьсот восьмым годзе недзе ў ліпені пераплётчык Божацех з Пршычнай вуліцы ў Празе купаўся ў старым рукаве ракі Бероўнкі. Адзенне ён павесіў на вербачкі і надта ўсцешыўся, калі потым у ваду ўлез яшчэ адзін пан. Слова за слова, сваволілі, пырскаліся, ныралі да самага вечара. Потым гэты незнаёмец вылез з вады першы, нібыта яму час вячэраць. Пан Божацех яшчэ на хвіліну застаўся пасядзець у вадзе, а калі пайшоў апранацца да вербачак, дык замест сваёй адзежы знайшоў басяцкія лахманы і запіску: «Доўга я разважаў: браць – не браць, бо мы так хораша весяліліся ў вадзе, дык я сарваў рамонак, і апошні адарваны пялёстак вырашыў: браць! А таму я абмяняўся з вамі шмоткамі. Не бойцеся апранаць іх: яны ачышчаны ад вошай тыдзень таму назад у каталажцы ў Добржышы.
У другі раз больш уважліва прыглядайцеся да таго, з кім купаецеся. У вадзе кожны голы выглядае як дэпутат, хаця ў сапраўднасці ён, можа, забойца. Вы таксама не ведалі, з кім купаліся. Купанне было варта таго. Пад вечар вада самая прыемная. Залезьце ў ваду яшчэ раз, каб апамятацца».
Пану Божацеху не заставалася нічога іншага, як дачакацца прыцемак, загарнуцца ў басяцкія лахманы і скіравацца да Прагі. Унікаючы шашы, ён ішоў лугамі, сцежкамі і спаткаўся з жандарскім патрулём з Хухлі, які валацугу арыштаваў і на другі дзень раніцой адвёў яго ў раённы суд у Збраслаў, бо кожны можа сказаць, што ён Ёзаф Божацех, пераплётчык з Пршычнай вуліцы ў Празе, дом нумар шаснаццаць.
Сакратар, які не надта разумеў па-чэшску, вырашыў, што абвінавачаны паведамляе адрас свайго саўдзельніка, í перапытаў:
– Ist das genau Prag, № 16, Josef Bozetech?
– Ці жыве ён зараз там, я не ведаю, – адказаў Швейк, – але тады, у тысяча дзевяцьсот восьмым годзе, жыў.
Маёр падышоў да сакратара і пашаптаўся з ім, пасля чаго той закрэсліў у пратаколе адрас новага ўяўнага змоўшчыка Божацеха.
Гэта дзіўнае судовае пасяджэнне праходзіла пад старшынствам генерала Фінка фон Фінкельштэйна, які прыстасаваў гэты суд да патрабаванняў палявога суда. Як у некаторых людзей бывае манія збіраць запалкавыя карабкі, так у гэтага пана была манія наладжваць палявыя суды, хаця ў большасці выпадкаў гэта пярэчыла вайсковаму статуту.
Гэты генерал аб’яўляў, што ён сам скліча пасяджэнне, а праз тры гадзіны асуджаны павінен вісець. Пакуль генерал быў на фронце, у палявых судах недахопу ніколі не было.
Сентыментальны чалавек напісаў бы, напэўна, што на сумленні генерала дзесяткі чалавечых жыццяў, асабліва там, на усходзе, дзе ён, па яго словах, змагаўся з велікарускай агітацыяй сярод галіцыйскіх украінцаў. Але, прымаючы пад увагу яго маральную пазіцыю, мы не можам сказаць, што ў яго ўвогуле быў хто-небудзь на сумленні.
Ён лічыў павешанне справай простай і натуральнай, нечым накшталт хлеба надзённага і, выносячы прысуд, даволі часта забываў пра пана імператара і ўжо не гаварыў: «Імем яго імператарскай вялікасці вы асуджаецеся да пакарання смерцю праз павешанне», а проста заяўляў: «Я прысуджаю вас».
Цяпер Швейк стаяў перад гэтым тыграм, які, седзячы ў першым радзе за доўгім сталом, курыў сігарэту за сігарэтай і загадваў перакладаць адказы Швейка, пасля чаго ўхвальна ківаў галавой.
Маёр прапанаваў паслаць тэлеграфны запыт у брыгаду для высвятлення, дзе зараз знаходзіцца адзінаццатая маршавая рота Дзевяноста першага палка, да якой, паводле яго паказанняў, належыць абвінавачаны.
Генерал выказаўся супраць, бо гэтым затрымліваецца ход ваенна-палявога суда, сэнс якога менавіта ў хуткасці працэсу, і прапанаваў неадкладна адысці на нараду, вынесці прысуд і тут жа прывесці яго ў выкананне.
Маёр усё ж настойваў, што неабходна ўстанавіць асобу абвінавачанага, бо ўся справа мае надзвычай важнае палітычнае значэнне. I вызначыўшы асобу гэтага чалавека, можна будзе выявіць яго сувязі з былымі таварышамі з той часці, да якой прыпісаны. Маёр быў рамантыкам-летуценнікам. Ёг гаварыў, што трэба адшукаць нейкія віткі, што недастаткова асудзіць аднаго чалавека. Прысуд – толькі вынік пэўнага следства, якое выявіць віткі, а гэтыя ніткі… Ён канчаткова заблытаўся ў сваіх вітках, але яго ўсе зразумелі і станоўча заківалі галавой, нават сам генерал, якому віткі вельмі спадабаліся, бо ён уявіў, як ва маёравых вітках вісяць новыя палявыя суды. Таму ёя ужо яе пратэставаў супраць таго, каб даведацца ў брыгадзе, ці сапраўды Швейк адносіцца да дзевяноста першага палка і калі, у час якіх аперацый адзінаццатай маршавай роты ён перайшоў да рускіх.