Фельдкурат задумаўся – духоўнае суцяшэнне цяпер яму пачало здавацца даволі цяжкой задачай, хаця перад тым у яго быў выпрацаваны план таго, пра што і як ён будзе гаварыць з любым сынам: пра найвышэйшую міласэрнасць у дзень страшнага суда, калі з магіл устануць усе ваенныя злачынцы з вяроўкай на шыі, і калі яны пакаяліся, то ўсе будуць памілаваны, як той разбойнік з Новага запавету.
Фельдкурат уяўляў сабе чуллівую сцэну, пасля якой там, на небе, выкрасляць усе нататкі аб яго ўчынках і паводзінах на кватэры генерала Фінка ў Перамышлі. Ён уяўляў, як зараве на асуджанага: «Кайся, сын мой, укленчым разам! Паўтарай за мной, сын мой!»
I потым, у гэтай смуроднай, вашывай вязніцы прагучыць малітва: «О божа, у чыёй волі злітавацца і дараваць грэшніку, шчыра прашу цябе за душу воіна, якой ты загадаў сысці з гэтага свету паводле прысуду ваенна-палявога суда ў Перамышлі. Даруй гэтаму пехацінцу за яго стараннае і поўнае пакаянне тваё прабачэнне, збаў яго ад пякельных пакут і дай яму зазнаць вечных радасцей тваіх».
– З вашага дазволу, пан фельдкурат, вы ўжо пяць хвілін маўчыце, як рыба. Адразу відаць, што трапілі пад арышт упершыню.
– Я прыйшоў, – сказаў фельдкурат, – дзеля духоўнага суцяшэння.
– Цікава, пан фельдкурат, што вам у галаве ўвесь час адно духоўнае суцяшэнне? Я, пан фельдкурат, не настолькі падкаваны, каб даць вам хоць якое-небудзь духоўнае суцяшэнне. Вы не першы і не апошні фельдкурат, які трапіў за краты. Зрэшты, пан фельдкурат, праўду кажучы, я не такі красамоўны, каб даць некаму суцяшэнне ў яго цяжкую часіну. Аднаго разу я было паспрабаваў, ды не надта добра атрымалася. Сядайце, калі ласка, побач, я вам сеё-тое раскажу. Калі я жыў на Опатавіцкай вуліцы, быў у мяне прыяцель Фаўстын, служыў ён за швейцара ў гасцініцы, надта годны чалавек, справядлівы і працавіты. Усіх вулічных дзевак ведаў да адной. У любы час вы, пан фельдкурат, маглі прыйсці, нават уначы да яго ў гасцініцу і толькі сказаць: «Пан Фаўстын, мне патрэбна паненка», ён спачатку падрабязна распытае, якую вам: бландзінку ці брунетку, высокую ці маленькую, худую, тоўстую, немку, чэшку або яўрэйку, незамужнюю, разведзеную або замужнюю дамачку, адукаваную ці без адукацыі.
Швейк па-сяброўску прытуліўся да фельдкурата і, абняўшы яго за пояс, гаварыў далей:
– Ну, скажам, пан фельдкурат, вы адказалі: «Мне патрэбна бландзінка, даўганогая, удава, без адукацыі», і празчдзесяць хвілін яна будзе ў вас у ложку, нават з метрыкай.
Фельдкурата кінула ў жар, а Швейк расказваў далей, памацярынску тулячы яго да сябе:
– Вы нават не ўяўляеце, пан фельдкурат, якое пан Фаўстын меў паняцце аб маралі і сумленнасці. Ад жанчын, якіх ён сватаў і пастаўляў у нумары, ён і крэйцара не браў на чай. А калі часам якая-небудзь з іх забывалася і хацела яму што-небудзь сунуць у кішэню, вы б паглядзелі, як ён злаваўся і як на яе сварыўся: «Ты свіння! Калі ты прадаеш сваё цела і бярэш на сябе смяротны грэх, то не думай, што твае дзесяць гелераў мне памогуць. Я табе не зводнік які-небудзь, бессаромная ты распусніца!» Ён не хацеў браць з іх грошы, як сутэнёр, і кампенсаваў гэтыя грошы за кошт кліентаў. У яго была свая расцэнка: блакітныя вочы – дзесяць крэйцараў, чорныя – пятнаццаць. За неадукаваную кабету ён накідваў дзесяць крэйцараў, бо зыходзіў з прынцыпу, што забава з простай бабай дае больш прыемнасці, чым з якой-небудзь адукаванай. Неяк раз увечары пан Фаўстын прыбег да мяне на Опатавіцкую вуліцу надта ўзрушаны, сам не свой. Спачатку ён зусім не мог слова вымавіць, потым выцягнуў з кішэні бутэльку рому, адпіў сам, даў мне і загадвае: «Пі!» Так мы з ім і не пагаварылі, пакуль не дапілі ўвесь ром, а потым ён і кажа: «Не магу я болей жыць на гэтым свеце. Я сумленны чалавек, а на мяне падалі ў суд як на сутэнёра і зводніка. Наш гатэль першакласны, усе тры пакаёўкі і мая жонка маюць жоўтыя білеты і не вінаваты доктару ніводнага крэйцара за візіты. Калі ты хоць трошкі мяне любіш, выкінь мяне з чацвёртага паверха, дай мне гэтае апошняе суцяшэнне». Я папрасіў, каб ён узлез на акно, і спіхнуў яго ўніз, на вуліцу. Не палохайцеся, пан фельдкурат!
Швейк устаў на вары і ўсцягнуў за сабой фельдкурата.
– Глядзіце, пан фельдкурат, я вось так яго схапіў і шусь яго далоў!
Швейк прыўзняў фельдкурата і кінуў яго на падлогу. Пакуль перапалоханы фельдкурат падымаўся на ногі, Швейк працягваў свой аповед.