Выбрать главу

Але нават Калоўсу не ўдалося нічога выведаць ад Швейка, гэтак жа, зрэшты, як і Брэтшнайдэру. Самыя тонкія палітычныя размовы Швейк пераводзіў на лячэнне сабачай чумы ў шчанюкоў, а расстаўленне самых хітрых пастак канчалася тым, што Брэтшнайдэр адводзіў з сабой яшчэ адно страшыдла – самага неймавернага мяшанца.

I ўсё ж прыйшоў канец славутаму дэтэктыву Брэтшнайдэру. Калі ў яго кватэры сабралася ажно сем такіх пачвар, ён замкнуўся з імі ў заднім пакоі і не даваў ім нічога есці, пакуль сабакі не зжэрлі яго самога. Ён быў настолькі сумленны, што пазбавіў казну выдаткаў на сваё пахаванне.

У паліцэйскай управе ў яго паслужны спіс у графу «Прасоўванне па службе» былі ўнесены наступныя поўныя трагізму словы: «Сажраны ўласнымі сабакамі».

Даведаўшыся пазней аб гэтым трагічным здарэнні, Швейк сказаў:

– Не магу ўзяць у розум, як яго збяруць разам перад страшным судом.

Раздзел VII. Швейк ідзе на вайну

У тыя часы, калі лясы на рацэ Раб у Галіцыі бачылі, як уцякалі аўстрыйскія войскі, а на поўдні, у Сербіі, аўстрыйскім дывізіям, адной за другой, добра давалі дыхту, што яны ўжо даўно заслужылі, аўстрыйскае ваеннае міністэрства ўзгадала і пра Швейка, спадзеючыся, што ён дапаможа манархіі выкараскацца з той лужыны, у якую яна села.

Калі Швейку прынеслі позву аб тым, што ён праз тыдзень павінен з’явіцца на Стршалецкі востраў для медыцынскага агляду, ён якраз ляжаў у ложку: пачаўся прыступ раматусу. Пані Мюлер гатавала яму на кухні каву.

– Пані Мюлер, – пачуўся з пакоя ціхі Швейкаў голас, – пані Мюлер, падыдзіце на хвілінку.

Калі служанка падышла да ложка, Швейк тым жа ціхім голасам вымавіў:

– Прысядзьце, пані Мюлер.

У голасе яго было нешта таямнічае і ўрачыстае. Калі пані Мюлер села, Швейк, узняўшыся на ложку, аб’явіў:

– Я іду на вайну!

– Панна Марыя! – усклікнула пані Мюлер. – Што вы там будзеце рабіць?

– Змагацца! – замагільным голасам адказаў Швейк. – У Аўстрыі справы дрэнь. Зверху лезуць на Кракаў, а знізу – на Венгрыю. Нас малоцяць, як цапамі жыта, куды ні кінь вокам. Таму мяне і клічуць у войска. Яшчэ ўчора я чытаў вам у газеце, што «дарагую айчыну зацягнулі хмары».

– Але ж вы не можаце нат варухнуцца!

– Гэта не перашкодзіць, пані Мюлер, я паеду на вайну ў вазку. Вы ведаеце пана кандытара за рогам вуліцы? У яго ёсць такі вазок. Ён у ім некалькі гадоў назад вывозіў на свежае паветра свайго кульгавага дзядулю, страшэннага злосніка. Вы, пані Мюлер, адвезяце мяне ў гэтым вазку ў войска.

Пані Мюлер заплакала.

– Ці не збегаць мне да лекара, васпан?

– Нікуды не трэба хадзіць, пані Мюлер. Я цалкам прыдатны на гарматнае мяса, вось толькі ногі… Але з Аўстрыяй ужо настолькі кепска, што кожны калека павінен заняць сваё месца ў страі. Спакойна гатуйце каву.

I ў той час, калі заплаканая і расчуленая пані Мюлер цадзіла каву, удалы салдат Швейк спяваў, лежачы ў ложку:

Віндышгрэц ды іншыя паны генералыНа світанку рана бойку пачыналі.Гоп, гоп, гоп!Бойку пачыналі, бога закліналі:«Памажы нам, божа, з Паннаю Марыяй!»Гоп, гоп, гоп!

Спалоханая пані Мюлер пад уражаннем жудаснага баявога спеву забылася на каву і, калоцячыся ўсім целам, слухала, як удалы салдат Швейк зноў зацягнуў на сваім ложку:

З Паннаю Марыяй – на чацвёрты постВыстаўляй, П’емонце*, памацней фарпост!Гоп, гоп, гоп!
Бой пачаўся страшны каля Сальферына*,Забівала куля, забівала міна.Гоп, гоп, гоп!Кроў цякла ракою, мяса – штабялямі!У крывавай сечы не зраўняцца з намі!Гоп, гоп, гоп!За такую працу і аклад харошы.Пасля бою возам прывязуць нам грошы.Гоп, гоп, гоп!

– Богам прашу вас, – пачуўся жаласны голас з кухні, але Швейк сваю баявую песню даспяваў да канца:

Грошыкі ў кішэні, кухня дармавая! Хто яшчэ ў дывізіі весялей гуляе! Гоп, гоп, гоп!

Пані Мюлер выскачыла за дзверы і пабегла да доктара. Вярнулася яна праз гадзіну, калі Швейк ужо задрамаў. Абудзіў яго тоўсты пан, які, паклаўшы яму руку на лоб, гаварыў:

– Не бойцеся, я доктар Павэк з Вінаградаў. Пакажыце вашу руку. Гэты тэрмометр суньце сабе пад паху. Так, пакажыце язык. Яшчэ. Высуньце язык… Ад чаго памерлі ваш тата і ваша мама?

Такім чынам, у той час як Вена змагалася за тое, каб усе народы Аўстра-Венгрыі паказвалі найярчэйшыя прыклады вернасці і адданасці, доктар Павэк прапісаў Швейку супраць яго патрыятычнага натхнення бром і параіў мужнаму і сумленнаму салдату не думаць пра вайну.