– Бачыце, пан фельдкурат, з вамі нічога не здарылася. Так і з ім, панам Фаўстынам, таксама нічога не было, бо ён быў у дым п’яны і забыўся, што на Опатавіцкай вуліцы я жыў на першым паверсе, а не на чацвёртым, як год назад, на Кршэменцавай, куды ён заходзіў да мяне ў адведкі.
Фельдкурат, седзячы на падлозе, са страхам глядзеў на Швейка, які, стоячы над ім на нарах, размахваў рукамі.
Фельдкурату прыйшло ў галаву, што перад ім вар’ят, таму, заікаючыся, вымавіў: «Так, любы сын мой, тут было ў тры разы ніжэй» і паціху пасунуўся да дзвярэй і пачаў дубасіць з усёй моцы. Пры гэтым ён так страшна крычаў, што яму тут жа адчынілі.
Праз краты акенца Швейк бачыў, як фельдкурат паспешліва крочыць праз двор у суправаджэнні стражнікаў і жвава жэстыкулюе.
– Пэўна, яго вядуць у вар’ятню, – падумаў Швейк, саскочыўшы з нараў. I, прахаджваючыся салдацкім крокам, заспяваў:
Праз некалькі хвілін генералу Фінку дакладвалі аб прыходзе фельдкурата. У генерала ўжо зноў сабралася вялікая талака, у якой адмысловую ролю адыгрывалі дзве прыемныя дамы, віно і лікёры. З афіцэраў тут быў увесь склад ваенна-палявога суда, апрача салдата-пехацінца, які раніцою падносіў курцам запалку да сігарэты.
Фельдкурат уплыў у кампанію, як казачная здань. Ён быў усхваляваны, спалатнелы, але захоўваў годнасць, як чалавек які ўсведамляе, што без прычыны атрымаў поўху.
Генерал Фінк, які апошнім часам надта прывязаўся да фельдкурата, пасадзіў яго поруч з сабой на канапе і п’яным голасам спытаў: «Што з табой, маё духоўнае суцяшэнне?» Пры гэтым адна з вясёлых дам кінула ў фельдкурата сігарэту «Мемфіс».
– Выпіце, духоўнае суцяшэнне, – прапанаваў генерал Фінк, наліваючы фельдкурату віно ў вялікі зялёны келіх.
Той выпіў не ўсё адразу, таму генерал пачаў паіць яго ўласнаручна і калі б фельдкурат не пачаў адважна глытаць, то ўвесь бы абліўся з галавы да пят.
Толькі пасля гэтага пачалі распытваць, як трымаўся асуджаны ў час духоўнага суцяшэння. Фельдкурат устаў і трагічным голасам абвясціў:
– З’ехаў з глуздоў!
– Значыцца, суцяшэнне было як мае быць, – зарагатаў генерал, а за ім і ўсе зайшліся ад смеху, а абедзве дамы зноў пачалі кідаць у фельдкурата сігарэткамі.
У канцы стала кляваў носам маёр, які трохі перабраў, але, абудзіўшыся, ён жвава наліў у два келіхі нейкага лікёру, расчысціў сабе дарогу сярод крэслаў і прымусіў ужо ачмурэлага божага служку выпіць з ім на брудэршафт. Потым маёр зноў зваліўся ў сваё крэсла і працягваў кляваць носам.
Келіх, выпіты на брудэршафт, кінуў фельдкурата ў пастку д’ябла, які працягваў яму свае абдымкі з кожнай бутэлькі на стале, з усіх поглядаў і ўсмешак вясёлых дам, якія паклалі ногі на стол так, што на фельдкурата з карунак паглядаў Вельзевул.
Да апошняе хвіліны фельдкурат не губляў пераканання, што стаўкай у гэтай д’ябальскай гульні з’яўляецца яго душа і што ён сам – пакутнік.
Гэта ён выказаў у разважанні, з якім звярнуўся да двух дзеншчыкоў генерала, якія адносілі яго ў суседні пакой на канапу:
– Сумнае, але і ўзвышанае відовішча паўстае перад вашымі вачамі, калі вы з чыстым сэрцам і са светлымі думкамі прыгадаеце шэраг праслаўленых пакутнікаў, якія сталі ахвярамі за веру. Вы па мне бачыце, як чалавек узвышаецца над усімі пакутамі, калі ў яго сэрцы жывуць праўда і дабрадзейнасць, якія ўзбройваюць яго для дасягнення слаўнай перамогі над самымі страшнымі пакутамі.
Тут пастыра павярнулі тварам да сцяны, і ён імгненна заснуў.
Раздзел III. Швейк зноў у сваёй маршавай роце
Маёр, які на ўчарашнім ранішнім пасяджэнні суда па справе Швейка выконваў абавязкі аўдытара, быў той самы афіцэр, які на вечары ў генерала кляваў носам і піў з фельдкуратам на “ты”.
Ніхто не заўважыў, калі і як маёр пакінуў уначы генеральскую кампанію. Усе былі ў такім стане, што адсутнасць маёра прайшла міма ўвагі, а сам генерал нават не мог распазнаць, хто з гасцей з ім гаворыць. Маёра ўжо больш як дзве гадзіны не было сярод гасцей, а генерал, пакручваючы вусы і па-дурному ўсміхаючыся, гарлаў:
– Добра сказана, пан маёр!
Раніцай маёра нідзе не маглі знайсці. Шынель яго вісеў у пярэднім пакоі, шабля – на вешалцы, не хапала толькі афіцэрскай фуражкі. Думалі, што ён мог заснуць дзе-небудзь у прыбіральні, абшукалі ўсе зацішныя куткі, але маёра не знайшлі. Маёр нібы ў ваду кануў.
Але калі б хто-небудзь зазірнуў у закратаванае акенца вязніцы, дзе быў замкнуты Швейк, то ўбачыў бы, што пад рускім шынялём на адным ложку спяць двое. З-пад шыняля выглядвалі дзве пары ботаў: тыя, што са шпорамі, належалі маёру, а без шпораў – Швейку.