Выбрать главу

Праз некалькі дзён ён ачуўся, і лекар аб’явіў, што яшчэ два ці тры разы яму памажуць спіну і жывот ёдам, а потым ён смела можа даганяць сваю роту.

Цяпер паручнік Дуб сядзеў у палкоўніка Гербіха і размаўляў з ім аб розных хваробах.

Убачыўшы Швейка, Дуб, якому было вядома пра загадкавае знікненне ардынарца каля Фельдштэйна, голасна ўсклікнуў:

– Дык ты зноў тут! Шмат хто з нягоднікаў уцякае, а яшчэ горшыя шэльмы дык і вяртаюцца! Ты – адзін з такіх.

Дарэчы будзе заўважыць, што ў выніку прыгоды з канём паручнік Дуб атрымаў лёгкае страсенне мазгоў, таму мы не павінны здзіўляцца, што падышоўшы бліжэй да Швейка, ён, заклікаючы боскую дапамогу ў барацьбе са Швейкам, крычаў вершам:

– Ойча наш, да цябе я звяртаюся! Дымам гарматы ад войска заслонены, свішчуць жахліва кулі шалёныя, клічу цябе я, айца і заступніка, сілы мне дай супраць Швейка-паскудніка… Дзе ты так доўга цягаўся, бадзяга, якая ў цябе на плячах апранаха?

Варта яшчэ дадаць, што ў канцылярыі палкоўніка, калі яго не мучыла падагра, была даволі дэмакратычная завядзёнка: тут вайскоўцы ўсіх чыноў аціраліся, каб выслухаць ягоныя меркаванні наконт ацёклага пальца з пахам пракіслага булёну.

Палкоўнік ніяк не мог узяць у толк, чаго хацеў ад яго маёр, бо той у Перамышлі дыктаваў гэты ліст пад уздзеяннем лёгкага алкагольнага ачмурэння. Але палкоўнік Гербіх быў у добрым настроі, бо ўчора прыкры боль спыніўся, і яго вялікі палец паводзіў сябе ціхамірна, як ягнятка.

– Дык што вы там, уласна, навычваралі? – спытаў ён Швейка такім ласкавым тонам, што ў паручніка Дуба скаланулася сэрца, і ён адказаў замест Швейка:

– Гэты салдат, пан палкоўнік, – адрэкамендаваў ён Швейка, – строіць з сябе дурня, каб прыкрыць ідыёцтвам свае паскудныя ўчынкі. Хаця я не азнаёмлены са зместам дасланага з ім ліста, але тым не меней думаю, што гэты дурыла зноў нешта адпаліў, і ў больш буйным маштабе. Калі вы дазволіце мне, пан палкоўнік, пазнаёміцца са зместам гэтай паперы, я, канечне, мог бы вам даць пэўныя парады, як з ім абысціся.

А, звяртаючыся да Швейка, ён сказаў яму па-чэшску:

– Ты п’еш маю кроў, разумееш?

– П’ю, – з годнасцю адказаў Швейк.

– Вы самі бачыце, пан палкоўнік, што гэта за чалавек, – працягваў паручнік Дуб па-нямецку. – Яго ж ні аб чым нельга спытаць, з ім ні аб чым нельга пагаварыць. Але ж калі-небудзь нойдзе каса на камень! Думаю, што яго трэба прыкладна накараць. Дазвольце, пан палкоўнік…

Паручнік Дуб паглыбіўся ў паперу, складзеную маёрам з Перамышля і, дачытаўшы да канца, урачыста ўсклікнуў, звяртаючыся да Швейка:

– Цяпер табе гамон! Куды ты дзеў казённую форму?

– Я пакінуў яе на плаціне сажалкі, калі прымяраў гэтыя анучы, каб адчуць, як у іх ходзяць рускія салдаты, – адказаў Швейк. – Гэта нішто іншае, як непаразуменне.

I Швейк пачаў расказваць паручніку Дубу, чаго ён толькі не нацярпеўся з-за гэтага непаразумення, а калі скончыў, паручнік Дуб закрычаў:

– Вось цяпер ты мяне пазнаеш! Ты разумееш, што гэта такое згубіць казённую маёмасць? Ты, нягоднік!

– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, – адказаў Швейк, – я разумею: калі салдат згубіць форму, ён павінен атрымаць новую.

– О божа, – выкрыкнуў паручнік Дуб, – ты асёл, ты быдла паганае, калі ты будзеш са мной такія кепікі строіць, то яшчэ сто гадоў пасля вайны будзеш даслужваць!

Палкоўнік Гербіх, які да гэтага часу спакойна і чынна сядзеў за сталом, раптам страшэнна ашчэрыўся, бо яго палец, які пакуль паводзіў сябе ціха, з лагоднага і рахманага ягняці ператварыўся ў лютага тыгра, у электрычны ток у шэсцьсот вольт, у палец, кожную костачку якога молатам крышаць на друз. Палкоўнік Гербіх толькі махнуў рукой і зароў дзікім голасам:

– Прэч! Дайце мне рэвальвер!

Гэта ўжо ўсе ведалі, таму выскачылі прэч разам са Швейкам, якога канвойныя выпіхнулі ў калідор. Застаўся адзін паручнік Дуб. Ён хацеў у гэты, як яму здавалася, зручны момант накляпаць на Швейка і сказаў скрыўленаму палкоўніку:

– Пан палкоўнік, дазвольце мне звярнуць вашу ўвагу на тое, што гэты чалавек…

Палкоўнік замяўкаў і шпурнуў у паручніка чарніліцу, пасля чаго перапалоханы паручнік казырнуў і, пралапатаўшы: «Вядома, пан палкоўнік», знік за дзвярыма.

Яшчэ доўга з палкоўнікавай канцылярыі азываўся рык і лямант, але нарэшце яны аціхлі. Палец палкоўніка нечакана зноў ператварыўся ў рахманае ягнятка, прыступ падагры мінуў, палкоўнік пазваніў і загадаў зноў прывесці да яго Швейка.