– Дык што, урэшце, з табой адбылося? – ласкава спытаў палкоўнік Швейка.
Па-прыяцельску ўсміхаючыся палкоўніку, Швейк распавёў яму ўсю сваю адысею, паведаміў, што ён ардынарац адзінаццатай маршавай роты Дзевяноста першага палка і што зусім не ўяўляе сабе, як яны там без яго абыходзяцца.
Палкоўнік таксама ўсміхаўся, а потым аддаў загад: «Выпісаць Швейку вайсковы літар праз Львоў да станцыі Золтанец, куды на другі дзень павінна прыбыць яго маршавая рота, і выдаць яму са склада новы казённы мундзір і шэсць крон восемдзесят два гелеры замест арчоў на дарогу».
Калі Швейк у яовым аўстрыйскім мундзіры пакідаў штаб брыгады, каб скіравацца на вакзал, ён напаткаў паручніка Дуба. Той быў нямала здзіўлены, калі Швейк строга паводле статуту далажыў яму аб сабе, паказаў дакументы і рупліва спытаў, што перадаць ад яго падпаручніку Лукашу.
Паручнік Дуб змог толькі вымавіць «Abtreten!» А гледзячы ўслед Швейку, толькі прамармытаў: «Ты мяне яшчэ спазнаеш, Ежыш Марыя, ты мяне спазнаеш!»
На станцыі Золтанец сабраўся ўвесь батальён капітана Сагнера, апрача ар’ергарда – чатырнаццатай роты, якая недзе адбілася, калі абходзілі Львоў.
Увайшоўшы ў мястэчка, Швейк апынуўся ў зусім новым асяроддзі. Мяркуючы па ажыўленым руху, недалёка былі баявыя пазіцыі, дзе ішла разня. Усюды стаялі гарматы, з кожнага дома выходзілі салдаты самых розных палкоў. Сярод іх пахаджвалі, адчуваючы сябе элітай, немцы. З выглядам арыстакратаў яны раздавалі аўстрыйцам сігарэты са сваіх багатых запасаў. Каля германскіх кухняў на плошчы стаялі нават бочкі з півам, дзе немцам налівалі піва ў абед і на вячэру, а вакол бочак, як прагныя каты, туляліся занядбаныя аўстрыйскія салдаты з успушанымі жыватамі ад бруднага падсалоджанага адвару цыкорыю.
Яўрэі ў пейсах, у доўгіх лапсярдаках, стоўпіўшыся ў кучкі, размахвалі рукамі, паказваючы на хмары дыму на захадзе. Усюды крычалі, што гэта на рацэ Буг гарыць Уцішкуў, Буск і Дзеравяны.
Выразна чуўся гул гармат. Хадзіла пагалоска, што рускія бамбардзіруюць з боку Грабава Камёнку Струмілаву і што баі ідуць уздоўж усяго Буга, а салдаты затрымліваюць бежанцаў, якія хацелі было вярнуцца за Буг, у свае хаты.
Усюды панавала мітусня, і ніхто не ведаў нічога пэўнага, ці рускія зноў перайшлі ў наступленне, ці спынілі свой бясконцы адыход па ўсім фронце.
У галоўную камендатуру мястэчка патрулі палявой жандармерыі штохвіліны прыводзілі якую-небудзь запалоханую яўрэйскую душу. За пашырэнне няправільных і памылковых звестак і чутак няшчасных яўрэяў білі да крыві і адпускалі дамоў з адхвастаным азадкам.
Такім чынам, Швейк зноў апынуўся ў гэтым пекле. Шукаючы хоць якога знаёмага з батальёна, ён доўга хадзіў па вуліцах, пакуль не паставіў усё на адну карту. Запыніўшы аднаго палкоўніка, ён на ламанай нямецкай мове спытаў, ці не ведае ён, дзе размяшчаецца батальён з яго маршавай ротай.
– Ca мной можаш гаварыць па-чэшску, – сказаў палкоўнік. – Я таксама чэх. Твой батальён стаіць тут блізка, у вёсцы Клімантова за чыгункаю, але ў мястэчка лепей не хадзіць, бо салдаты з адной вашай роты як толькі прыйшлі, то і пабіліся з таварышамі.
Швейк выправіўся ў Клімантова.
Палкоўнік аклікнуў яго, палез у кішэню, даў яму пяць крон на сігарэты і зноў ласкава з ім развітаўся, думаючы пра Швейка: «Які сімпатычны салдацік!»
Памалу дапяўшы да зусім блізкай вёскі, Швейк без асаблівай цяжкасці знайшоў штаб батальёна, бо хоць вёска была і вялікая, але там узвышалася толькі адна прыстойная будыніна – вялікая пачатковая школа, якую ў гэтым чыста ўкраінскім краі паставіла галіцыйская краёвая ўправа дзеля паланізацыі жыхароў.
За час вайны школа пабачыла нямала. Тут размяшчаліся то рускія, то аўстрыйскія штабы, а падчас буйных баёў, якія вырашалі лёс Львова, спартыўная зала была пераабсталявана ў аперацыйную. Тут адразалі рукі і ногі, тут рабілі трэпанацыю чарапоў.
Паза школай, у садзе, пасля выбуху буйнакалібернага снарада засталася вялікая варонка. У кутку сада стаяла моцная груша, на адной яе галіне матляўся абрывак вяроўкі, на якой яшчэ нядаўна вісеў мясцовы грэка-каталіцкі святар. Яго павесілі па даносе дырэктара школы – паляка за тое, што той быў членам партыі старарусаў і ў часе рускай акупацыі служыў у царкве малебен за перамогу зброі рускага праваслаўнага цара. Гэта была няпраўда, бо ў тую пару абвінавачанага тут увогуле не было – ён лячыўся ад камянёў у жоўцевым пузыры на невялікім курорце, якога не закранула вайна – у Бохні Замураванай.
У тым, што грэка-каталіцкага святара павесілі, адыграла ролю некалькі фактаў: нацыянальнасць, рэлігійная варожасць і курыца, бо незадоўга да вайны няшчасны святар забіў у сваім агародзе адну з дырэктарскіх курэй, якія падзяўблі высеянае ім насенне кавуноў.