Юрайда палез у духоўку і выцягнуў адтуль крывяную каўбасу.
– Жары, Балоўн, – сказаў ён ласкава, – жары, пакуль не лопнеш, падавіся, ненажэра!
У Балоўна на вачах бліснулі слёзы.
– Дома, калі мы калолі свінню, – жаласна пачаў Балоўн, даядаючы малую каўбаску, – я спачатку з’ядаў ладны кавалак мяса, пасля ўвесь лыч, сэрца, вуха, кавалак пячонкі, ныркі, селязёнку, кавалак кумпяка, язык, а потым… – I ціхім голасам, быццам расказваючы казку, дадаў:
– А потым ішлі ліверныя каўбаскі, з шэсць ці дзесяць кольцаў, пузатыя крывяныя каўбаскі, з крупою і сухарамі, так што і не ведаеш, ад чаго адкусіць спачатку. Усё расплываецца на языку, усё смачна пахне, і жарэш, жарэш…
– Я думаю, – наракаў Балоўн, – куля нада мной злітуецца, а голад даканае, здохну я з галадухі…
– Эх ты, галава, два вухі, – адгукнуўся Швейк, у якога сёння міма волі з языка зрываліся рыфмы.
У кухара Юрайды раптоўны прыступ жалю да Балоўна прайшоў, калі Балоўн, хуценька падкраўшыся да пліты, выцягнуў з кішэні акраец хлеба і хацеў абмакнуць яго ў падліўку, у якой на вялікай патэльні ляжаў груд смажанай свініны. Юрайда неспадзеўку так моцна выцяў яго па руцэ, што акраец упаў у падліўку – гэтак жа, як у купальні плывец скача з памосту ў раку. Не даўшы выцягнуць гэты прынадны кавалак з патэльні, Юрайда схапіў Балоўна і выкінуў за дзверы.
Засмучаны Балоўн ужо ў акно ўбачыў, як Юрайда відэльцам дастаў яго акраец, які так насыціўся падліўкай, што зрабіўся зусім карычневым, дадаў ладны кавалак мяса і падаў Швейку са словамі:
– Ешце, мой сціплы сябар!
– Ежыш Марыя! – застагнаў за акном Балоўн і, размахваючы доўгімі рукамі, пашыбаваў на вёску, каб хоць там чаго-небудзь перахапіць.
Швейк, смакуючы велікадушны дарунак Юрайды, гаварыў з набітым ротам:
– Я, дальбог, рады, што зноў сярод сваіх. Не ведаю, не ведаю, што б вы тут рабілі, калі б мяне дзе-небудзь затрымалі, а вайна зацягнулася б яшчэ на некалькі гадоў.
– А як вы думаеце, Швейк, – спытаў старшы пісар Ванак, – вайна яшчэ доўга працягнецца?
– Пятнаццаць гадоў, – адказаў Швейк. – Няйначай, бо ўжо ж была трыццацігадовая вайна, цяпер мы напалову разумнейшыя, трыццаць дзелім на два, значыцца пятнаццаць.
– Дзяншчык нашага капітана, – азваўся Юрайда, – расказваў, нібыта сам чуў, што як толькі выйдзем на граніцы Галіцыі, то далей ужо не сунемся – рускія пачнуць перагаворы аб міры.
– Тады не варта было і ваяваць, – упэўнена сказаў Швейк. – Калі вайна, дык вайна. Я рашуча адмаўляюся гаварыць аб міры раней, чым мы будзем у Маскве і Петраградзе. Калі сусветная вайна, то што ж мы будзем ашывацца толькі ўздоўж мяжы.
Далейшая гаворка была перапынена ўварваннем вальнапісанага Марака.
– Ратуйся, хто можа! – загаласіў Марак. – Толькі што да нас у штаб пад’ехаў на машыне паручнік Дуб і прывёз з сабой смярдзючага кадэта Біглера.
Праз некалькі хвілін Дуб і Біглер прайшлі ў кухню. Швейк закрычаў:
– Habacht! Устаць!
Паручнік Дуб усутыч падышоў да Швейка і пракрычаў яму проста ў твар:
– Радуйся цяпер, дурыла! Зараз табе гамон! Я загадаю зрабіць з цябе пудзіла на памяць Дзевяноста першаму палку.
– Zum Befehl, пан лейтэнант, – казырнуў Швейк, – я калісьці чытаў, што некалі была вялікая бітва, у якой загінуў шведскі кароль са сваім верным канём. Абодвух здыхлякоў пераправілі ў Швецыю, з іх набілі чучалы і цяпер яны стаяць у Стакгольмскім музеі.
– Адкуль у цябе такія звесткі, невук? – завішчаў паручнік Дуб.
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, ад майго брата прафесара.
Паручнік Дуб крута павярнуўся, плюнуў і, падштурхоўваючы наперад Біглера, прайшоў нагару ў залу.
У той час як паручнік Дуб і кадэт Біглер спрачаліся на сходах аб тым, ці мае права нікуды не залічаны кадэт на ліверную каўбасу ў той колькасці, якая ўваходзіць у паёк паноў афіцэраў, унізе ў кухні ўсе ўжо наеліся, разлягліся на прасторных лаўках і балакалі хто аб чым, пыхкаючы з люлек.
– Дык вось, я сёння зрабіў вялікую вынаходку, – аб’явіў кухар Юрайда. – Лічу, што яна зробіць поўны пераварот у кулінарнай справе. Ты ж, Ванак, сам ведаеш, што ў гэтай праклятай вёсцы я нідзе не мог знайсці маярану для ліверу.
– «Herba majoranae», – уставіў старшы пісар Ванак, успомніўшы, што ён гандляр хімічнымі і маскатэльнымі таварамі.
– Яшчэ не даследавана, – працягваў Юрайда, – наколькі чалавечы розум абвастраецца пры патрэбе знайсці самыя разнастайныя сродкі для дасягнення мэты, як перад ім раскрываюцца новыя далягляды, як ён пачынае вышукваць самыя неверагодныя рэчы, пра якія чалавецтву да таго часу і не снілася… Я шукаю па ўсіх хатах маяран, бегаю, выведваю, тлумачу, навошта мне гэта патрэбна, як ён выглядае…