Выбрать главу

– Ляжыце сабе спакойна, а заўтра я зайду яшчэ раз.

Калі на другі дзень доктар прыйшоў зноў, то яшчэ на кухні спытаў пані Мюлер, як сябе адчувае пацыент.

– Яму, пане доктар, горш, – адказала яна са шчырым смуткам. – Уначы, калі яго прыхапіў раматус, ён, прабачце, спяваў аўстрыйскі гімн.

Доктар Павэк палічыў неабходным адрэагаваць на гэту новую праяву лаяльнасці пацыента павышанай дозай брому. На трэці дзень пані Мюлер паведаміла лекару, што Швейку яшчэ горш.

– Пасля абеду, пан доктар, ён паслаў па карту ваенных дзеянняў, а ўначы трызніў, што Аўстрыя выйграе вайну.

– А парашкі прымае строга паводле ўказанняў?

– Па іх яшчэ, пан доктар, і не пасылаў. Накінуўшыся на Швейка з градам папрокаў і за пэўніўшы яго, што ніколі больш не прыйдзе лячыць чалавека, які адхіляе яго прынцып лячэння бромам, доктар Павэк пайшоў.

Заставалася яшчэ два дні да таго тэрміну, калі Швейк павінен быў аб’явіцца перад прызыўной камісіяй. За гэты час Швейк зрабіў налеясную падрыхтоўку: паслаў пані Мюлер, па-першае, купіць форменную фуражку, па-другое, пазычыць у кандытара за рагом вазок, у якім той некалі вывозіў падыхаць свежым паветрам свайго кульгавага дзядулю-злосніка. Потым Швейк успомніў, што яму патрэбны мыліцы. На шчасце, кандытар захоўваў як сямейную рэліквію і дзедавы мыліцы. Не хапала толькі букеціка кветак, які носяць рэкруты. Але і букет расстаралася яму пані Мюлер, якая за гэтыя дні моцна змізарнела, і дзе ні была, там і плакала.

Такім чынам, у той памятны дзень на пражскай вуліцы з’явіўся кранальны прыклад сапраўднага патрыятызму. Старая жанчына штурхала перад сабой вазок, у якім сядзеў мужчына ў вайсковай фуражцы з бліскучай кукардай і размахваў мыліцамі. На яго пінжаку красаваўся стракаты рэкруцкі букецік кветак. Чалавек гэты, час ад часу размахваючы мыліцамі, крычаў на ўсю вуліцу:

– На Белград! На Белград!

За ім ішоў натоўп, які ўтварыўся з невялікай чародкі людзей, што сабралася перад домам, адкуль Швейк выехаў на вайну. Швейк мог адзначыць, што некаторыя паліцэйскія на скрыжаваннях вуліц аддавалі яму чэсць. На Вацлаўскай плошчы натоўп вакол вазка са Швейкам павялічыўся на некалькі соцень чалавек, а на рагу Кракаўскай вуліцы быў падбіты нейкі бурш у студэнцкай шапачцы, які закрычаў Швейку:

– Heil! Nieder mit den Serben!

Ha рагу Водзічкавай вуліцы ў натоўп урэзалася конная паліцыя і разагнала яго. Калі Швейк паказаў паліцэйскаму інспектару сваю павестку, дзе чорным па белым было зазначана, што сёння ён павінен з’явіцца ў прызыўную камісію, той быў крыху збянтэжаны, і, каб пазбегнуць скандалу, загадаў двум конным паліцэйскім правесці вазок са Швейкам на Стршалецкі востраў.

Пра ўсе гэтыя падзеі ў «Пражскай афіцыяльнай газеце» з’явіўся наступны артыкул:

ПАТРЫЯТЫЗМ КАЛЕКІ

Учора ўдзень прахожыя на галоўных вуліцах Прагі былі сведкамі сцэны, якая красамоўна сведчыць аб тым, што ў гэты вялікі і сур’ёзны момант сыны нашага народа таксама могуць даць бліскучы прыклад вернасці і адданасці трону нашага састарэлага манарха. На нашу думку, вярнуліся часы старажытных грэкаў і рымлян, калі Муцый Сцэвола ішоў у бой, не зважаючы на сваю спаленую руку. Самыя святыя пачуцці патрыятызму прадэманстраваў учора калека на мыліцах, якога везла ў вазку для хворых яго старая маці. Гэты сын чэшскага народа, нягледзячы на сваю немач, добраахвотна скіраваўся на вайну, каб усе свае сілы і нават жыццё аддаць за свайго імператара. I тое, што яго заклік «На Белград!» меў такі жывы розгалас на пражскіх вуліцах, сведчыць, што пражане даюць высокія ўзоры любові да радзімы і пануючага дома.

У гэтым жа духу пісаў і «Прагер Тагеблат»*, дзе артыкул заканчваўся такімі словамі: «Калеку-добраахвотніка праводзіў натоўп немцаў, якія сваім целам ахоўвалі яго ад самасуду чэшскіх агентаў Антанты».

«Багемія»*, публікуючы такое ж паведамленне, патрабавала, каб калекапатрыёт быў узнагароджаны, і аб’явіла, што рэдакцыя газеты прыме ад нямецкіх грамадзян падарункі для невядомага героя.

Аднак калі гэтыя тры газеты лічылі, што чэшская зямля не магла даць больш высакароднага грамадзяніна, то прызыўная камісія гэтага погляду не падзяляла. Асабліва старшы вайсковы ўрач Баўтцэ. Гэта быў няўмольны чалавек, які ва ўсім бачыў круцельскія спробы ўнікнуць вайсковай службы, фронта, кулі і шрапнелі. Вядомы яго вырак: «Das ganze tschechische Volk ist eine Simulantenbande». За дзесяць тыдняў сваёй дзейнасці ён з 11 000 грамадзян 10 999 прызнаў сімулянтамі і выкрыў бы і таго адзінаццацітысячнага, каб гэтага шчасліўца не хапіў паралюш у той самы момант, калі доктар закрычаў на яго: «Kehrt euch!»