Выбрать главу

– Салдат яшчэ ў мірны час павінен ведаць, чаго патрабуе вайна, а ў час вайны не забываць таго, чаму навучыўся на пляцы.

Потым засоп паручнік Дуб.

– Прашу канстатаваць, мяне зневажаюць ужо ў трэці раз.

Наверсе тварыліся вялікія справы.

Паручнік Дуб, які выношваў вядомыя вераломныя задумы супраць кадэта Біглера і хацеў нагаварыць на яго камандзіру батальёна, быў адразу ж на парозе сустрэты дзікім галёканнем. На ўсіх дасканала падзейнічала яўрэйская самагонка.

Усе стараліся перакрычаць адзін аднаго, намякаючы на «кавалерыйскае ўмельства» паручніка Дуба: «Без канюшага не атрымаецца!», «Спалоханы мустанг!», «Як доўга, сябрук, ты аціраўся сярод каўбояў на Дзікім Захадзе?», «Цыркавы яздок!»

Капітан Сагнер хутка падсунуў Дубу кілішак праклятай самагонкі, і пакрыўджаны паручнік Дуб сеў за стол. Ён прыставіў старое расхлістанае крэсла да надпаручніка Лукаша, які прывітаў яго сяброўскім словам: «Мы ўсё ўжо з’елі, прыяцель».

Кадэт Біглер строга паводле статуту далажыў аб сабе капітану Сагнеру і іншым афіцэрам, кожны раз паўтараючы: «Кадэт Біглер прыбыў у штаб батальёна», і хаця ўсе яго ведалі і ўжо бачылі, тым не менш яго маркотная фігура нейкім чынам засталася незаўважанай.

Біглер узяў поўную шклянку, сціпла сеў каля акна, чакаючы зручнага моманту, каб скалануць паветра абрыўкамі сваіх ведаў, запазычаных з падручнікаў.

Паручнік Дуб, якому жахлівая сівуха кінулася ў галаву, пастукаў пальцам аб стол і раптам без дай прычыны звярнуўся да капітана Сагнера:

– Мы з акруговым начальнікам заўсёды гаварылі: «Патрыятызм, вернасць абавязку, самаўдасканаленне – вось сапраўдная зброя на вайне!» Нагадваю вам пра гэта менавіта сёння, калі нашы войскі ў хуткім часе пяройдуць граніцы».

* * *

Да гэтых слоў прадыктаваў ужо хворы Яраслаў Гашак «Прыгоды ўдалага салдата Швейка ў час сусветнай вайны». Смерць пісьменніка 3 студзеня 1923 года прымусіла яго змоўкнуць назаўсёды і не дала яму закончыць адзін з самых праслаўленых і папулярных раманаў, створаных пасля Першай сусветнай вайны.

Заўвагі

Эрцгерцаг Фердынанд (1863–1914). – Франц Фердынанд фон Эстэ, пляменнік аўстра-венгерскага імператара Франца-Іосіфа I; быў забіты разам са сваёй жонкай у Сараеве 28 чэрвеня 1914 года.

Канопішце – замак эрцгерцага Франца Фердынанда ў Чэхіі.

…не варта было нам адбіраць у іх Боснію і Герцагавіну. – У 1908 годзе Аўстра-Венгрыя анексіравала Боснію і Герцагавіну.

…панам Люкені, які праткнуў нашу нябожчыцу Альжбету… – Луіджы Люкені 10 верасня 1898 г. забіў аўстрыйскую імператрыцу Лізавету, жонку Франца-Іосіфа I.

…пачалі з дзядзькі. – Швейк памыляецца: Франц Фердынанд быў пляменнікам, а не дзядзькам Франца-Іосіфа I.

…адвезлі ў кашы, каб ачомаўся. – У часы Аўстрыйскай манархіі п’яных адвозілі ў ручным вазку – кашы.

…памятаеце, як у Партугаліі падстрэлілі іхняга караля? – У Лісабоне 1 лютага 1908 г. быў забіты партугальскі кароль Карл I, які вызначаўся надзвычайнай паўнатой.

…што напісаў…Віктор Гюго… калі расказаў, як адказала старая напалеонаўская гвардыя ў бітве пры Ватэрлоо. – Напалеонаўская гвардыя на прапанову англічан здацца адказала словам: «Merde! (Дзярмо!) Гвардыя памірае, але не здаецца».

Панкрац – турма для палітычных зняволеных, размешчаная ў Празе, і раён той жа назвы.

…быў звязаны «казлом». – Гэтае пакаранне ў аўстра-венгерскай арміі было такім: вінаватаму салдату прывязвалі рукі да ног і ў такім стане пакідалі ляжаць на працягу дня і болей.

Младачэх – член чэшскай буржуазнай партыі.

…потым страціў брата Яна Орта… – Эрцгерцаг Ян у 1889 г. адрокся ад свайго тытулу і прыняў прозвішча Орт. У 1890 г. прапаў без вестак.

…брата – мексіканскага імператара застрэлілі ў нейкай цытадэлі каля сцяны. – Эрцгерцаг Максімільян Габсбург, імператар Мексікі з 1863 па 1867 г. быў пасаджаны на трон французскімі інтэрвентамі. Потым узяты ў палон мексіканскімі рэспубліканцамі і расстраляны каля сцяны крэпасці Кверэтара.

…паказаў яму арла… – На значку агентаў тайнай паліцыі ў Аўстра-Венгрыі быў герб з двухгаловым арлом.

«Гэй, славяне». – ІІесня «Гэй, славяве, яшчэ наша славянская мова жыве» была складзена ў Празе ў 1834 г. славакам Сама Тамашыкам. У друку яна з’явілася ў Славакіі ў 1838 г., спявалася на матыў польскай мазуркі. Атрымала шырокае распаўсюджанне ў славян і лічылася гімнам славянскіх народаў.

«Нацыянальная палітыка», «сучка» – чэшская буржуазная газета, якая атрымала ў народзе іранічную мянушку «сучка».