– Аднясіце гэтага сімулянта! – сказаў Баўтцэ, пераканаўшыся, што той памёр.
I менавіта перад ім у той незабыўны дзень стаў Швейк, зусім голы, як і ўсе астатнія, сарамліва прыкрываючы сваю галізну мыліцамі, на якія абапіраўся.
– Das ist wirklich ein besonderes Feigenblatt, – сказаў Баўтцэ, – такіх фігавых лісткоў у раі не было.
– Камісаваны па ідыятызму, – абвясціў фельдфебель, зазірнуўшы ў яго паперы.
– А яшчэ на што скардзіцеся? – спытаў Баўтцэ.
– Асмелюся далажыць, у мяне раматус, але служыць пану імператару буду да апошняй кроплі крыві, – сціпла сказаў Швейк. – У мяне ацякаюць калені.
Баўтцэ кінуў на ўдалага салдата Швейка дзіўны погляд і зароў:
– Sie sind ein Simulant!»
I, звяртаючыся да фельдфебеля, з ледзяным спакоем сказаў:
– Den Kerl sogleich einsperren.
Два салдаты з прымкнутымі штыкамі павялі Швейка ў гарнізонную турму. Швейк ішоў на мыліцах і са страхам адчуваў, што яго раматус праходзіць. Пані Мюлер чакала Швейка з вазком на мосце, але, убачыўшы яго паміж двума штыкамі, заплакала і ціха адышла ад вазка, каб ужо ніколі да яго не вяртацца.
A ўдалы салдат Швейк сціпла ішоў у суправаджэнні ўзброеных абаронцаў дзяржавы. Штыкі ззялі на сонцы, і на Малай Стране перад помнікам Радзецкаму* Швейк звярнуўся да натоўпу, які яго праводзіў:
– На Белград! На Белград!
I маршал Радзецкі задуменна глядзеў са свайго п’едэстала на ўдалага салдата Швейка, які з рэкруцкім букецікам на пінжаку кульгаў на старых мыліцах.
Нейкі салідны пан тлумачыў людзям, якія стоўпіліся вакол яго, што вядуць «дызенціра».
Раздзел VIII. Швейк – сімулянт
У гэтую вялікую эпоху вайсковыя ўрачы вылузваліся са скуры, каб выгнаць з сімулянтаў д’ябла сабатажу і вярнуць іх зноў у лона арміі. Была ўведзена шматступенная сістэма пакут для сімулянтаў і людзей, западозраных у тым, што яны сімулянты: сухотнікаў, рэўматыкаў, людзей з кілой, запаленнем нырак і іншымі хваробамі.
Катаванне, якому паддавалі сімулянтаў, было сістэматызавана, і градацыя пакут была наступная: 1. Строгая дыета: уранку і ўвечары па кубку чаю на працягу трох дзён; акрамя таго, усім, незалежна ад таго, на што скардзяцца, давалі аспірын, каб сімулянтаў кідала ў пот.
2. Хінін у парашку ў конскіх дозах, каб не думалі, што вайсковая служба – мёд. Гэта называлася «лізнуць хіны».
3. Прамыванне страўніка двойчы ў дзень літрам цёплай вады.
4. Клісцір з мыльнай вады і гліцэрыну.
5. Загортванне ў змочанае халоднай вадой прасцірадла.
Былі мужныя людзі, якія прайшлі праз усе пяць ступеняў пакут – іх адвезлі ў простых трунах на вайсковыя могілкі. Але трапляліся і маладушныя, што як толькі даходзіла справа да клісціра, заяўлялі, нібыта ім ужо лепей і яны не жадаюць нічога іншага, як толькі з першым жа маршавым батальёнам скіравацца ў акопы.
Швейка змясцілі ў бальнічны барак пры гарнізоннай турме якраз сярод такіх маладушных сімулянтаў.
– Я болей не вытрымаю, – сказаў яму сусед па ложку, якога толькі што прывялі з працэдурнага пакою, дзе яму ўжо ў другі раз прамылі страўнік. Чалавек гэты сімуляваў блізарукасць.
– Заўтра ж еду ў полк, – вырашыў сусед злева, якому толькі што ставілі клісцір; гэты сімуляваў, што глухі як пень.
На ложку ля дзвярэй паміраў адзін сухотнік.
– Гэта ўжо трэці на гэтым тыдні, – адзначыў сусед з правага боку, – а што ў цябе?
– У мяне раматус, – адказаў Швейк, і тут жа выбухнуў шчыры смех усіх прысутных. Рагатаў нават і ледзьве жывы сухотнік, які «сімуляваў» туберкулёз.
– З раматусам ты, брат, да нас не лезь, – сур’ёзна папярэдзіў Швейка тоўсты сімулянт, – да раматусу тут ставяцца гэтак жа, як да мазалёў. У мяне малакроўе, выразана палова страўніка і пяць рабрын, і ніхто гэтаму не верыць. Тут быў нават адзін глуханямы – два тыдні яго загортвалі кожныя паўгадзіны ў мокрую халодную прасціну, кожны дзень яму ставілі клісцір і пампавалі страўнік. Ужо ўсе санітары лічылі, што ён выйграў і хутка пойдзе дамоў, ды дзе там – лекар прапісаў яму нешта рвотнае. Гэта магло зусім падарваць яго сілы – і ён змаладушнічаў. «Не магу, кажа, болей прыкідвацца. Вярнуліся да мяне і мова, і слых». Усе хворыя ўпрошвалі, каб ён не губіў сябе, але ён стаяў на сваім: маўляў, чуе і гаворыць, як усе астатнія. Так ён і далажыў раніцай пры абходзе.
– Але доўга трымаўся, – заўважыў адзін, які сімуляваў, быццам у яго адна нага карацейшая за другую на цэлых дзесяць сантыметраў, – не раўня таму, што з паралюшам. Дастаткова было трох парашкоў хініну, аднаго клісціра і аднадзённага паста. Прызнаўся яшчэ да выпампоўвання страўніка. I ад паралюшу і следу не засталося. Даўжэй за ўсіх трымаўся той, пакусаны шалёным сабакам. Кусаўся, выў, вытвараў усё дасканала, але ніяк не мог дамагчыся пены каля рота. Мы яму дапамагалі як маглі, перад абходам казыталі па цэлай гадзіне; бывала, увесь ссінее, сутаргі зводзяць, а пены ля рота як няма, дык і няма. Гэта было жахліва! I калі ў час ранішняга абходу ён здаўся, нам было яго вельмі шкада. Выцягнуўся каля ложка, як свечка, аддаў чэсць і кажа: «Асмелюся далажыць, пане старшы ўрач, той сабака, які мяне ўкусіў, быў не шалёны». Старшы ўрач паглядзеў на яго так, што пакусаны аж закалаціўся ўсім целам і дадаў: «Асмелюся далажыць, пане старшы ўрач, мяне ўвогуле ніякі сабака не кусаў, гэта я сам сябе ўкусіў у руку». Пасля гэтага прызнання яго абвінавацілі ў членашкодніцтве – хацеў пракусіць сабе руку, каб не трапіць на фронт.