– Усе хваробы, дзе патрабуецца пена ля рота, вельмі цяжка сімуляваць, – сказаў тоўсты сімулянт. – Вось, напрыклад, падучая хвароба. Быў тут адзін з падучкай, то заўсёды нам гаварыў, што лішні прыпадак не пашкодзіць, і падаў па дзесяць разоў на дзень. Ён выгінаўся ў курчах, сціскаў кулакі, вытрэшчваў вочы пад самы лоб, біўся аб падлогу, высоўваў язык як лапату. Карацей кажучы, эпілепсія была цудоўная, першакласная, самая непадробная. Але ні з таго, ні з сяго селі ў яго дзве скулы на шыі і дзве на спіне, і мінуліся курчы і біццё аб падлогу, бо не мог ні галавы павярнуць, ні шыі, не мог нават легчы. Паднялася тэмпература, і ў час абходу ў стане трызнення ва ўсім прызнаўся. Ды і нам усім з гэтымі яго скуламі нявесела было: з-за іх ён праляжаў з намі яшчэ тры дні, і яму была прызначана другая дыета: ранкам – кава з булачкай, на абед – суп, кнедлікі з падліўкай, увечары – каша або суп. I нам, з пустымі вычышчанымі страўнікамі, на поўнай дыеце, прыйшлося глядзець, як гэты мужык жарэ, чвякае, сапе і, перажраўшы, адрыгае. Гэтым ён падвёў трох іншых, з парокам сэрца. Тыя таксама прызналіся.
– Лягчэй за ўсё, – прамовіў адзін з сімулянтаў, – сімуляваць шаленства. Побач у палаце ляжаць два настаўнікі. Адзін безупынна, і ўдзень, і ўночы, крычыць: «Вогнішча Джардана Бруна яшчэ дыміцца, аднавіце працэс Галілея!» А другі брэша: спачатку тры разы памалу «гаў, гаў, гаў», потым пяць разоў хутка «гаў-гаў-гаў-гаў-гаў», а потым зноў павольна – і так бесперастанку. Абодва вытрымалі больш за тры тыдні… Я спачатку таксама хацеў разыграць блазна, звар’яцелага на рэлігійнай глебе, і чытаць казані пра бязгрэшнасць папы. Але ўрэшце ў аднаго цырульніка на Малай Стране набыў сабе за пятнаццаць крон рак страўніка.
– Я знаю аднаго камінара з Бржэўнава, – уставіў адзін пацыент, – ён вам за дзесяць крон зробіць такую гарачку, што з акна выскачыце.
– Гэта што, – сказаў трэці. – У Вршовіцах ёсць адна бабка-павітуха, якая за дваццаць крон вывіхне вам нагу так спрытна, што будзеце калекам да самай смерці.
– Мне вывіхнулі нагу за пяцёрку, – пачуўся голас з ложка ля акна. – За пяць крон грашыма і тры куфлі піва.
– Мне мая хвароба абышлася ўжо больш чым у дзвесце крон, – заявіў яго сусед, сухі, як тычка. – Назавіце мне такую атруту, якой бы я не паспытаў, – не знойдзеце. Я жывы склад розных відаў атруты. Я піў сулему, удыхаў ртутную пару, грыз ныш’як, курыў опіум, пасыпаў хлеб морфіем, глытаў стрыхнін, піў раствор фосфару ў серавугляродзе і пікрынавую кіслату. Я сапсаваў сабе печань, лёгкія, ныркі, жоўцевы пузыр, мозг, сэрца і кішкі. Ніхто ўжо не ведае, што ў мяне за хвароба.
– Найлепей, – высветліў нехта каля дзвярэй, – упырснуць сабе пад скуру ў руку газу. Майму стрыечнаму брату пашанцавала: яму адрэзалі руку па локаць, і цяпер яму напляваць на ўсю вайсковую службу.
– Вось бачыце, – сказаў Швейк, – усё гэта кожны з нас павінен перацярпець у імя яго вялікасці імператара. I выпампоўванне страўніка, і клісцір. Калі некалькі гадоў таму назад я быў на службе, у нашым палку, бывала яшчэ горш. Хворага звязвалі «ў козлы» і кідалі ў халодную, каб вылечыўся. Там не было ніякіх ложкаў з сеннікамі, як тут, альбо плявальніц. Адны голыя нары, і на іх хворыя. Неяк ляжаў там адзін з самым сапраўдным тыфам, а другі побач з чорнай воспай. Абодва былі звязаны «ў козлы», а палкавы лекар іх біў выспяччам па бруху за тое, што, маўляў, сімулянты. Але калі абодва салдаты памерлі, справа дайшла да парламенту і трапіла ў газеты. Тут нам адразу забаранілі чытаць тыя газеты і нават абшукалі нашы куфэркі, ці няма ў каго газет. А мне заўсёды так пашанцуе, што ва ўсім палку ні ў кога не знайшлі, толькі ў мяне. Ну, павялі да камандзіра палка. А наш палкоўнік такі доўбень – царства яму нябеснае! – закрычаў на мяне, каб я стаяў смірна і прызнаўся, хто напісаў у тыя газеты, а не, дык ён мне раскроіць морду ад вуха да вуха і будзе трымаць у турме, пакуль не счарнею. Потым прыйшоў палкавы ўрач, махаў мне кулаком пад носам і крычаў: «Sie werfluchter Hund, Sie schäbiges Wesen, Sie unglückliches Mistvieh! Сацыялістычнае быдла!» А я пазіраю ім проста ў вочы, вокам не звяду і маўчу, як рыба. Правую руку – пад казырок, левую – па шве! Бегалі яны вакол мяне, як сабакі, гаўкалі на мяне, а я – хоць бы хны, маўчу, аддаю чэсць, а левая рука – па шву. Лютавалі яны так з паўгадзіны, потым палкоўнік падбег да мяне і як зараве: «Ты ідыёт ці не ідыёт?» – «Так точна, пан палкоўнік, ідыёт». – «На тры тыдні пад строгі арышт, два посных дні на тыдзень, месяц карцэру ў казарме, на двое сутак у козлы! Пад замок зараз жа і не даваць яму жэрці! Звязаць яго! Паказаць яму, што дзяржаве ідыёты не патрэбны. Мы табе, мярзотнік, выб’ем з мазгаўні газеты!» На гэтым палкоўнік сваю казань закончыў. А пакуль я сядзеў пад арыштам, у казарме тварыліся дзівосы. Палкоўнік увогуле забараніў салдатам чытаць, нават «Пражскую афіцыйную газету». У салдацкай крамцы забаронена было нават загортваць у газеты сасіскі і сыр. I вось з гэтага часу салдаты і пачалі чытаць. Наш полк адразу зрабіўся самым начытаным. Мы чыталі ўсе газеты, і ў кожнай роце складалі вершыкі і песенькі супраць пана палкоўніка. А калі што-небудзь здаралася ў палку, заўсёды знаходзіўся які-небудзь дабрадзей, які даваў у газету нататку пад назвай «Катаванне салдат». Мала таго, пісалі дэпутатам у Вену, каб яны іх прыструнілі, а тыя пачалі падаваць запыты ў парламент – адзін за адным – пра тое, што наш палкоўнік – звер і да таго падобнае. Нейкі міністр паслаў да нас камісію, каб гэта расследаваць, і ў выніку Франта Генчл з Глубокай атрымаў два гады турмы, бо гэта менавіта ён паскардзіўся ў Вену дэпутатам парламента на палкоўніка, які даў яму поўху на вучэбным пляцы. Калі камісія выехала, палкоўнік выстраіў усіх нас, увесь полк, і аб’явіў, што салдат ёсць салдат, ён павінен трымаць язык за зубамі і служыць, а калі каму гэта не падабаецца, то гэта парушэнне субардынацыі. «А вы, нягоднікі, думалі, што вам камісія паможа? – сказаў палкоўнік. – Хрэн яна вам дапамагла! А цяпер хай кожная рота прамаршыруе перада мной і на ўвесь голас паўторыць тое, што я сказаў!» I мы ішлі, рота за ротай, раўненне направа, на палкоўніка, рука на рамяні вінтоўкі, і гарлапанілі што моцы: «Мы, нягоднікі, думалі, што нам гэта камісія дапаможа. Хрэн яна нам дапамагла!» Пан палкоўнік рагатаў, аж за пуза хапаўся. Але вось пачала дэфіліраваць адзінаццатая рота. Ідзе, адбіваючы крок, але падыходзіць да палкоўніка і ні мур-мур. Маўчыць, ані гуку. Палкоўнік пачырванеў, як рак, і завярнуў яе назад, каб паўтарыла ўсё спачатку. Адзінаццатая зноў маршыруе і маўчыць. Праходзіць рад за радам, усе дзёрзка глядзяць у вочы палкоўніку. «Ruht!» – камандуе палкоўнік, а сам кідаецца па двары, хвошча сябе плёткай па боце, а потым раптам спыніўся ды як загалосіць: «Abtreten!» Сеў на сваю клячу і – за браму.’Чакалі мы, чакалі, што ж будзе з адзінаццатай, а нічога не робіцца. Чакаем дзень, Другі, тыдзень – і ўсё нічога. Палкоўнік у казармах увогуле не з’явіўся, а салдаты і рады былі, ды і унтэры, і афіцэры таксама. Нарэшце нам прыслалі новага палкоўніка, а пра старога расказвалі, што ён апынуўся ў нейкім санаторыі, бо ўласнаручна напісаў допіс пану імператару, што адзінаццатая рота ўзбунтавалася.