Набліжаўся час пасляабедзеннага абходу. Ваенны лекар Грунштэйн хадзіў ад ложка да ложка, а за ім фельчар з нататнікам.
– Мацуна!
– Тут!
– Клісцір і аспірын.
– Покарны!
– Тут.
– Прамыванне страўніка.
– Коваржык!
– Тут.
– Клісцір і аспірын.
– Коцятка!
– Тут.
– Прамыванне страўніка і хінін.
I так аднаго за адным – механічна, груба і без літасці.
– Швейк!
– Тут.
Доктар Грунштэйн зірнуў на навічка.
– На што скардзіцеся?
– Асмелюся далажыць, у мяне раматус! Доктар Грунштэйн за час сваёй практыкі прывык размаўляць з хворымі іранічна, і гэта дзейнічала мацней, чым крык.
– Ага, рэўматызм… – сказаў ён Швейку. – Гэта сапраўды цяжкая хвароба. I трэба ж захварэць на рэўматызм якраз у час сусветнай вайны, калі неабходна ісці на фронт! Я думаю, гэта вас страшэнна засмучае!
– Асмелюся далажыць, пане старшы ўрач, страшэнна засмучае.
– Бачыце, яго гэта засмучае. Вельмі міла з вашага боку, што з вашым рэўматызмам вы звярнуліся да нас менавіта цяпер. У мірны час скача сабе, небарак, як казляня, а як выбухне вайна, адразу з’яўляецца рэўматызм і калені ўжо не служаць! Як у вас калені, не баляць?
– Асмелюся далажыць, баляць.
– I ўсю ноч не можаце заснуць, ці не праўда? Рэўматызм – вельмі небяспечная, пакутлівая і цяжкая хвароба. У нас наконт рэўматызму ёсць вялікі вопыт: строгая дыета і іншыя нашы спосабы лячэння даюць вельмі добрыя вынікі. Тут вы ачуняеце раней, чым у Пешцявах, і так замаршыруеце на фронт, што толькі пыл курэць будзе!